Праваабарончы цэнтр «Вясна» уяўляе сабой рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне з цэнтрам у Мінску і рэгіянальнымі аддзяленнямі ў буйных гарадах Беларусі. Па ўсёй краіне колькасць сябраў складае каля 200 чалавек разам з валанцёрамі, якія дапамагаюць пры правядзенні розных кампаній, прымаюць актыўны ўдзел у дзейнасці “Вясны”.

Датай заснавання арганізацыі лічыцца 26 красавіка 1996 года, менавіта ў гэты дзень актывісты арганізаваліся для пошуку затрыманых удзельнікаў акцыі «Чарнобыльскі шлях - 1996». Падзеі тых часоў апісаў у сваіх успамінах старшыня праваабарончага цэнтра Алесь Бяляцкі.

З тых часоў адбылося багата розных падзеяў: і радасных, і драматычных, і самотных, і кур’ёзных. Аднак сітуацыя з правамі чалавека, асабліва ў рэалізацыі грамадска-палітычных правоў, у Беларусі мала змянілася, таму праца праваабаронцаў дагэтуль застаецца такой жа актуальнай і неабходнай.

За 20 год існавання ПЦ «Вясна» стаў дастаткова аўтарытэтнай і ўплывовай арганізацыяй, з 2004 года ўваходзіць асацыяваным сябрам у Міжнародную федэрацыю за правы чалавека (FIDH), а старшыня ПЦ «Вясна» Алесь Бяляцкі тройчы абіраецца віцэ-прэзідэнтам FIDH.

Маніторынг і аналіз, адукацыя і асвета, дапамога і распаўсюд інфармацыі пра парушэнні правоў чалавека — гэта тыя асноўныя задачы, якія ставяць перад сабой сябры праваабарончага аб’яднання.

“Вясноўцы” – згуртаваны калектыў аднадумцаў, людзей, аб’яднаных адной мэтай, якія, жывучы ў розных кутках нашай краіны, прыкладаюць намаганні, каб правы чалавека паважаліся і шанаваліся нашай дзяржавай.

Менавіта рэгіянальным прадстаўнікам ПЦ “Вясна” прысвечаны гэты сайт, каб распавесці пра іх жыццёвы досвед, дасягненні і зацікаўленасці.