Барыс Бухель: «Мне не патрэбны адрэналін. Заўсёды цікавіць пастаўленая мэта»

Магілёўскага праваабаронцу Барыса Бухеля ведаюць ва ўсіх судах горада, – ён браў удзел больш чым у 400 судовых працэсах. Гэты чалавек гатовы змагацца і ўпарта адстойваць правы людзей, якія прыходзяць у рэгіянальны офіс “Вясны”. І на першы погляд падаецца, што спадар Барыс амаль як Партос гатовы ўлазіць у бойку дзеля самой бойкі. Але не.
“Мне патрэбныя задачы і мэты, я скіраваны на іх дасягненне”,— пераконвае магілёўскі юрыст.

Барыс Бухель паходзіць з Магілёўскай вобласці. Нарадзіўся ў Быхаве, потым бацькі пераехалі ў Магілёў, і з таго часу яго жыццё звязана з гэтым горадам.

Барыс Леанідавіч — з катэгорыі людзей, якія рана становяцца самастойнымі. Ужо ў 16 год ён пайшоў працаваць рабочым у лакаматыўнае дэпо ды адначасова сканчваў вячэрнюю сярэднюю школу.

“Калі атрымаў атэстат, вырашыў, што хачу служыць у войску, выхаванне такое было, у той час да службы ў войску ставіліся як да абавязковага пункту.

На камісіі я схаваў, што ёсць праблемы са зрокам. І нават паспеў двойчы скочыць з парашутам.

А потым мяне паўторна правялі праз медкамісію і ўрач заўважыў, што падчас праверкі зроку я вылічваю літары на табліцы. Так мая служба ў войску і скончылася”, — распавядае спадар Барыс.

“Там уся зямля прапітаная нафтай”

Пасля гэтага Барыс Бухель паехаў у Сургут зарабляць грошы, каб мець магчымасць атрымаць вышэйшую адукацыю.

Барыс Бухель падчас працы ў лакаматыўным дэпо

Барыс Леанідавіч згадвае тыя мясціны, дзе адпрацаваў амаль два гады, і дзеліцца экстрэмальным жыццёвым досведам:

“У Сургуце цяжкая праца. Там недарэмна плацілі “паўночныя” – не хапала кіслароду, балоты, камары. Мы прачыналіся ва ўласнай крыві – так гнус і машкара напіваліся на целе чалавека. Арганізм сапраўды адчуваў асаблівыя ўмовы.

Нафта. Уся зямля прапітаная нафтай. У крыніцах нафта. Укапвалі ў крыніцу бочку, каб плямы нафты пераліваліся праз верх, а кранік збоку ўразалі. Так можна было хоць крыху чыстай вады ўзяць. У лазню ідзеш – вада тлустая!”

Праца на поўначы

На Поўначы ён і зразумеў, як важна ведаць свае правы ды заканадаўства:

“Я прыехаў працаваць на чыгунцы, і там мне прапанавалі 330 рублёў, а ў Беларусі я зарабляў 220 — добра па тых часах. І навошта мне было за лішнюю сотню карміць камароў у балоце? Калі ж захацеў звольніцца пра паўгода, мне не заплацілі вялікую суму грошай ды не хацелі разлічваць. Я пайшоў да старшыні пасялковага савету разбірацца. Ён паглядзеў мае дакументы і сказаў, што я маю рацыю. Але, паводле закона, нічога не змагу дабіцца. Я гэты ўрок добра засвоіў. І ў далейшым быў пільным да дакументаў”.

У часы заробкаў у Сургуце
У падобных бараках жылі рабочыя, якія працавалі на Поўначы

Прыкладна ў тыя ж часы Барыс Бухель і сфармуляваў сваё стаўленне да камуністычнай партыі , на той час адзінай. Аднойчы падчас працы ў мехкалонне для рамонту машыны ён не мог знайсці адну дэталь. Пасля нейкага партыйнага сходу падышоў да начальніка калоны і папрасіў выпісаць гэты шкіў. А той параіў: “скрадзі, але не ў нашай калонне”. І ўсе партыйныя дзеячы на гэтую прапанову выбухнулі смехам.

“Не сакрэт, што партыйныя сустрэчы часта сканчваліся масштабнымі п’янкамі. Усё гэта было не па мне,” – кажа Барыс Леанідавіч.

У партыю, на яе шчасце, ён так і не ўступіў, бо быў бы вельмі нязручным сябрам

“Падчас вучобы ва ўніверсітэце я любіў грамадска-палітычныя прадметы, асабліва навуковы камунізм. І ўсё вылічваў, калі ж мы дагонім гэты Захад.

Перад канферэнцыямі працоўнага калектыва мяне імкнуліся адпраўляць у камандзіроўкі, каб я не задаваў нязручных пытанняў”.

Прафсаюзны досвед

У 1990-ыя, калі пачаліся перамены ў грамадстве ды эканоміцы, спадар Бухель упэўнена збочыў на прафсаюзную дарогу.

За працоўным сталом у канструктарскім бюро

У 1992 годзе на Магілёўскім аўтамабільным заводзе імя Кірава, дзе і працаваў канструктарам Барыс Леанідавіч, вырашылі ўсіх інжынераў і канструктараў адправіць на чатыры месяцы ў адпачынак без аплаты. Бухель з калегам арганізавалі “забастоўку наадварот”, то бок вывелі людзей на працоўныя месцы. І ў выніку дамагліся адмены гэтага загаду.

Пазней завод быў спынены ўвогуле, і ў адпачынак без выплат адправілі ўсіх працоўных.

“Да мяне падышоў намеснік галоўнага канструктара, і запрасіў да сябе ў кабінет, дзе ўжо чакалі працаўнікі. Я разумеў, калі зламаюць рабочых, зламаюць i нас. Я ўзначаліў працоўны камітэт аўтазавода. З тых часоў я быў цесна звязаны з працоўным камітэтам і пазней з рабочымі прафсаюзамі, ” — распавядае пра пераломны момант у жыцці Барыс Бухель.

Каля прахадной Магілёўскага аўтамабільнага заводу імя Кірава

У 1997-ым годзе быў створаны Магілёўскі праваабарончы цэнтр, адным з яго заснавальнікаў быў спадар Барыс.

Месца растрэлаў 1930-х гдоў у Магілёве выявілі ў 1990-ыя, калі пачалі браць пясок з кар’еру. Гаварылі, што грузавікамі косці вывозілі. Знайшлі сведкаў. Старыя НКУСаўцы распавялі, што тут было. Афіцыйна гэта не прызнана. Але КДБ дало дакументы. Ва ўладаў дваістае стаўленне да сітуацыі. Першыя зрабілі тут помнік грамадскія актывісты. Потым ён падгніў, і ўлады самі паставілі новы. Але афіцыйных мерапрыемстваў тут не бывае.

На заводзе ён адпрацаваў да 2000-га года, потым цалкам перайшоў у праваабарончую дзейнасць.

“Анатоль Фёдараў прывёў мяне ў “Вясну”, дзе я пазнаёміўся з Аляксеем Колчынам. Я адразу заняў пасаду юрыста, бо быў вялікі досвет абароны працоўных правоў.

За час работы канструктарам я выдатна навучыўся працаваць з дакументамі, прызвычаіўся да дакладнасці і акуратнасці. Гэтыя рысы важныя для юрыста”, — падкрэслівае спадар Бухель.
З калегам Аляксеем Колчыным

Да слова, і цяпер чытанне тэхнічнай літаратуры — адзін з відаў адпачынку ад работы. Цягам гэтых год Барыс Бухель браў удзел у разглядзе прыкладна 400 судовых спраў, працаваў больш на тысячы судовых паседжанняў.

І хоць удзел у судовым працэсе цяпер моцна абмежаваны для прадстаўнікоў грамадскасці, па словах Бухеля, суддзі часам, калі цяжкая справа, дазваляюць дапамагаць у судзе. “А бывае, што адзін рух — і адразу за дзверы”.

“Ведаеце, кожная новая справа – гэта цікавая гісторыя. Нядаўна, напрыклад, мы выйгралі працоўную спрэчку. Людзі атрымаюць выплаты па звальненні, — распавядае праваабаронца. — Яшчэ выпадак: чалавеку з-за памылкі дактароў выдалілі нырку, звычайнае захворванне перарасло ў рак. Мы судзіліся. І Міністэрства здароўя прынесла выбачэнні, – прыйшоў ліст, што па выніках разбіральніцтваў зменены пратакол лячэння для падобных выпадкаў”.

У 2011 годзе за ўдзел у маўклівых пратэстах – акцыі апладысментаў – Барыс Леанідавіч патрапіў на сем сутак арышту. Ён не падзяляе меркаванняў, што тыя падзеі былі абсалютна марнымі:

“Людзі мелі досвед мірнага пратэсту ды яшчэ і ўвесь свет здзівілі, што за апладысменты і маўчанне магчыма пераследаваць. Але, на жаль, палітыкі гэтым ніяк не скарысталіся.

Я стаўлю мэту змяніць Беларусь. Бойка дзеля бойкі, адрэналін мяне не цікавіць. А вось дакладныя мэты і задачы, іх дасягненне — так”.

Вольга Хвоін