Уладзімір Целяпун: «Няма нічога больш пачэснага, чым дапамагчы бліжняму»

Пра гуманізм і свабоду, якая здольная абудзіць лепшыя памкненні душы — у размове з праваабаронцам з Мазыра Уладзімірам Целяпуном.

Уладзімір Целяпун жыве ў Мазыры на вуліцы побач з Прыпяццю ў маляўнічым месцы. А раней тут была вёска Целяпуны, то бок фактычна гэта — родавае селішча. На падворку прыватнага дома месціцца яшчэ дзедаў трысцен, а побач ідзе масштабны рамонт-рэканструкцыя дома: сын Юрый даводзіць да ладу хату, што пяройдзе яму ў спадчыну. Цікавае спалучэнне традыцый і пераемнасці. І гэта тычыцца не толькі месца жыхарства.

Уладзімір Целяпун у маленстве

Пасля службы ў войску Уладзімір паехаў вучыцца ў Ленінградскі політэхнічны інстытут, дзе атрымаў даволі рэдкую прафесію “інжынера-электрыка па ізаляцыйнай тэхніцы”. Такі спецыяліст быў патрэбны мазырскаму кабельнаму заводу.

У інтэрнаце інстытута будучы праваабаронца жыў са студэнтам з Ганы.

“У яго была вельмі чорная скура. Калі мае сябры прыходзілі і віталіся, то пасля адразу глядзелі на свае рукі (смяецца — аўт.). Але ў нас былі добрыя стасункі, ён не крыўдаваў на нейкія кпіны з нагоды нашай этнічнай розніцы”, — згадвае Уладзімір студэнцкія часы.

У 1985 годзе Целяпун атрымаў дыплом і вырашыў вярнуцца на радзіму перачакаць няпэўныя часы.
У Маскве і Ленінградзе ўжо адчувалася — краіну чакаюць вялікія падзеі. У Беларусі ж яшчэ было ціха і спакойна.

Уладзімір вярнуўся ў Мазыр разам з жонкай, сям’я на той час чакала нараджэння сына Юрыя. Першыя гады жылі ў інтэрнаце ад завода, там і нарадзіліся ўсе трое дзяцей (Уладзімір Целяпун таксама бацька дзвюх дачок).

Уладзімір Целяпун падчас спартыўных заняткаў на вайсковай кафедры

“Гэты дом пакінулі мне ў спадчыну бацькі. Мы цяпер з сынам тут робім рамонт. Асноўныя працы, канешне, выконвае Юра, дом застанецца яму. А я больш выступаю ў ролі эксперта. Мае дочкі ўжо замужам, жывуць асобна ад нас”, — распавядае Уладзімір, паказваючы масштаб рэканструкцыі сядзібы.

Усё ж сувязь пакаленняў — вялікая справа, мы размаўляем на падворку, дзе жылі продкі гэтай сям’і, тут жа можна ўбачыць рэчы, што наглядна ілюструюць прафесію бацькі Уладзіміра, — драўляныя калодкі для пашыву абутку. Спадар Уладзімір гаворыць, што бацька-шавец марыў некалі адкрыць уласную абутковую майстэрню, але гэтага так і не адбылося.

“Спачатку я прыйшоў у грамадскую дзейнасць. Калі паўставаў Беларускі народны фронт у 1988 годзе, мяне запрасілі на сустрэчу. Я акурат ішоў з Юрам з дзіцячага садка. На тым сходзе прысутнічала шмат настаўнікаў, многа гаварылі пра беларускую мову.

Увогуле, каб разумець падзеі таго часу, трэба было адчуць стан грамадства. Мы хацелі нешта рабіць, каб дамагчыся пераменаў у краіне, верылі ў магчымасці. Гады перабудовы наклалі вялікі адбітак на многіх людзей. Да таго без дазволу парткама кроку зрабіць не можна было.

І тут такая свабода — можна было даводзіць сваю пазіцыю, весці за сабой людзей,” — прыгадвае першыя крокі ў грамадскім сектары Уладзімір.

Распавядае, як рыхтавалі марш у Маскве “За жыццё”. І дырэктар Мазырскага нафтаперапрацоўваючага завода аплаціў аўтобус, было многа актывістаў з гэтага завода.

Марш “За жыццё” ў Маскве
Марш “За жыццё” ў Маскве

“Усё развальвалася, Гарбачову было не да нас. Сустрэў нас Мікалай Рыжкоў (на той час сакратар ЦК КПСС — аўт.) , прывялі журналістаў. Тады я сутыкнуўся з расійскім вядучым Кісялёвым, і ён зняў пра нас нармальны рэпартаж, а цяпер гэта вядомы прапагандыст гібрыднай вайны”, — распавядае Уладзімір Целяпун.

Па выніках таго маршу ўлады Беларусі адрэагавалі на праблему забруджаных радыяцыяй зямель, былі ўведзеныя ільготы для ліквідатараў, выплаты для жыхароў забруджаных тэрыторыяў, была праграма забеспячэння чыстымі прадуктамі.

Калі выбухнула Чарнобыльская АЭС, Уладзімір Целяпун паехаў на забруджаныя тэрыторыі — прыбіралі сельскагаспадарчыя ўгодззі, сена нарыхтоўвалі.

“Прыбіраем сена, а тут на БТРы прыязджаюць армейскія ў белых халатах замеры рабіць. Мы да іх, а яны ад нас кідаліся ўцякаць як ад пракажоных. Пасля працы мы прыязджалі ў сёседнюю вёску, якая была быццам бы чыстая, і нас з брандсбойта палівалі вадой — дэзактывацыя такая”, — прыгадвае “ліквідатарскія часы” праваабаронца.

Знакавым ў яго жыцці стаў перыяд працы ў грамадскай арганізацыі “Клуб шматдзетных сямей” — гэта быў вялікі досвед гуманітарнай работы, міжнароднага супрацоўніцтва, наладжвання міжасабовых адносінаў.

У Клуба былі добрыя сувязі з дабрачыннымі арганізацыямі Германіі. Увасаблялі ў жыццё шмат праектаў, у тым ліку дапамогі старым людзям з вёсак — куплялі ім прадукты, шылі буркі. Была праграма па адкрыцці ФАПаў на вёсках — немцы дапамагалі сродкамі, абсталяваннем.

Пасля спадар Уладзімір меў дачыненне да стварэння цэнтру для дзяцей з ДЦП:

— За час працы ў “Клубе шматдзетных сямей” я многа пабачыў сапраўднага жыцця. Прыяжджалі на вёску, напрыклад, а там старэнькая хата, гліняная падлога і бервяном ложак падпёрты, каб старая жанчына не звалілася ў лужыну на падлозе.

Або цэнтр для дзяцей з ДЦП. Немцы ў першы раз настаялі, каб мы зрабілі сумесную елку са звычайнымі дзецьмі. Дзеткі з ДЦП, якія, можа, ніколі нічога такога не бачылі, былі ўражаныя і эмоцыі свае выказвалі як умеюць. А здаровыя дзеці, у сваю чаргу, былі ў шоку ад убачанага.

У немцаў у гэтым плане быў і досвед, і сродкі. Я настойваў, каб былі праграмы для аздараўлення ў Нямечыне нашых дзяцей, каб яны бачылі іншы лад і іншыя магчымасці. Але, ведаеце, нашы дзеці ехалі туды, а потым вярталіся з пытаннямі: “Дзядзька Валодзя, чаму мы перамаглі, а так добра жывуць яны?”. І што, дзяржаўную палітыку некалькіх дзесяцігоддзяў трэба тлумачыць дзіцяці?

Я пытаўся ў немцаў з ініцыятывы “Жыццё пасля Чарнобыля”, навошта яны дапамагаюць нам? Немцы гаварылі, калі раптам пачнецца новая халодная вайна, то людзі, гэтыя дзеці, што стануць дарослымі, будуць ведаць: у Германіі жывуць не агрэсіўныя звяры, а такія ж людзі. Яны будуць разумець адзін аднаго.

Сустрэча ў вёсцы падчас адкрыцця ФАПу

…Ведаеце, глядзіш на плён гэтай працы і разумееш, што няма нічога больш пачэснага, чым дапамагчы бліжняму. Гэта сапраўды па-хрысціянску, гэта праца душы.

Швейная майстэрня для дзяцей, створаная ў межах праекту Клуба шматдзетных сямей

Спадар Уладзімір гаворыць, што да яго дагэтуль звяртаюцца за кансультацымі, парадамі, бо памятаюць яшчэ з часоў працы ў згаданых грамадскіх арганізацыях.

Калі ствараліся рэгіянальныя філіі “Вясны”, Уладзіміра Целяпуна па рэкамендацыі актывістаў з Гомельскай вобласці запрасілі на працу.

Апроч праваабрончай дзейнасці, Уладзімір бярэ ўдзел і ў палітычным жыцці. Гэта, відаць, асабліва не падабаецца мясцовым уладам. У 2006-ым годзе яго арыштавалі на пяць сутак, у 2010-ым — быў вобшук дома.

Спадар Уладзімір распавядае, што быў момант, калі ён стаў вядучым спецыялістам — начальнікам тэхнічнага аддзелу ААТ “Беларускабель”. Кіраўніцтва абяцала, калі кіне грамадскую дзейнасць, зможа стаць галоўным тэхнолагам. Але ад такой прапановы ён адмовіўся.

Цяпер у працы яму дапамагае сын Юрый, юрыст паводле адукацыі, працуе на мозырскім малочным камбінаце.

“Калі Юра атрымаў дыплом юрыста, я прапанаваў яму ўдзел у некалькіх адукацыйных праграмах у галіне праваабароны, ён пазнаёміўся з іншымі юрыстамі. Цяпер многа ў чым дапамагае мне. У жніўні ў яго будзе вяселле, а нявеста таксама юрыст. Трэба і яе зацікавіць”, — усміхаецца Уладзімір.

Ён прызнаецца, што цяпер для яго самы прыемны клопат і праца — гэта сям’я, унучкі.

“Канешне, былі перыяды стомленасці і думкі сысці з гэтага поля. Але мне прыкра бачыць, што ў людзей вакол забралі ініцыятыву і веру. У дэмакратычным руху паменела моладзі. А цяпер жа столькі магчымасцяў для развіцця, абмену досведам. Мне шкада, што ўлады не хочуць гэтага бачыць,” — гаворыць Уладзімр Целяпун.
Вольга Хвоін