Аляксандр Дзергачоў: "У рэгіёне людзі ідуць да праваабаронцаў з зямнымі праблемамі"

Смаргонскі праваабаронца Аляксандр Дзергачоў у грамадскую дзейнасць прыйшоў у час, калі жыццё ў краіне віравала. Стабільнасць яшчэ не стала мемам, а ў людзей было адчуванне свабоды, былі мары і вялікія планы на будучыню.

Як на грузавіку з гармонікам за Пазняка агітавалі

“На пачатку 1990-ых столькі ўсяго ў Смаргоні адбывалася! Мітынгі былі шматлюдныя, цяпер у Мінску столькі людзей на акцыі не выходзіць, як тады ў нашым горадзе збіралі акцыі. А якую вясёлую перадвыбарчую кампанію Пазняку ладзілі! — пачынае расказваць пра свой шлях у праваабарончую дзейнасць Алесь Дзергачоў. — Сканчваўся савецкі час і пачынаўся час беларускі. Гэты момант быў пераломным і ў маім жыцці”.

У 1990-ым годзе ў Беларусі праходзілі выбары ў Вярхоўны Савет XII склікання. Малады юрыст Аляксандр Дзергачоў быў перакананы, што вось яна — цудоўная магчымасць змяніць жыццё краіны, бо праца ў парламенце у сферы законатворчасці дае інструменты, каб палепшыць дзяржаўны ды грамадскі лад.

Аляксандр Мартынавіч на той момат працаваў юрыстам у будаўніча-мантажным трэсце і вырашыў вылучыцца ў кандыдаты ад працоўнага калектыву. Правялі сход, людзі падтрымалі ініцыятыву. Але знайшоўся чалавек, які абскардзіў рашэнне сходу з прычыны працэдурных пытанняў.

“Цікава, што правялі паўторны сход паводле папярэдняга сцэнара і калектыў зноў мяне падтрымаў. Цяпер бы, мусіць, такога не рабілі. Адначасова я балатаваўся і ў гарадскі савет”,— расказвае праваабаронца, які на той час працаваў юрыстам на прадпрыемстве.

У Вярхоўны савет Аляксандр не прайшоў, але стаў дэпутатам мясцовага савета. На гэтай пасадзе і даведаўся на справе, што ж хвалюе жыхароў горада: да дэпутата людзі ішлі са сваімі зямнымі праблемамі, пытаннямі побыту.

“У 1990-ым на гэтай плошчы каля заводу праходзіў мітынг. Прыйшло каля трох тысяч чалавек, цяпер у Мінску столькі не збіраецца. Гаварылі пра цяжкае жыццё.

1990-ы год. У дэманстрантаў былі нават плакаты ў стылі “Ты за Дзергачова ці за Ягора Лігачова?”,

— паказвае Аляксандр мясціны ў горадзе, дзе адбываліся значныя грамадскія падзеі.

Смаргонь, да слова, быццам беларус, які ніяк не вызначыцца, дзе ж яму быць. У цэнтры горада новая прыгожая царква, тут жа касцёл, дагледжаны помнік Леніну і помнік чэкісту, які загінуў пры цьмяных абставінах.

Калі ў Беларусі абіралі прэзідэнта. То Аляксандр Дзергачоў актыўна далучыўся да каманды Зянона Пазняка.

“ У аднаго сябра быў грузавік. Мы замацоўвалі сцяг на машыне і ездзілі па Смаргонскаму раёну, па вёсках. У камандзе быў хірург з раённай бальніцы, які граў на гармоніку. Аўтарытэтны чалавек. Прыязджаем у вёску, а гэтага хірурга людзі пазнаюць. У нас музыка, настрой адпаведны. Вясёлая перадвыбарчая кампанія была. У горадзе была магчымасць дамовіцца ў паштовым аддзяленні, каб ва ўсе газеты, у тым ліку буйныя дзяржаўныя, паклалі ўлёткі Зянона — гэта добры псіхалагічны прыём, людзі пачынаюць думаць, што ўлады адабраюць асобу кандыдата,” — згадвае вольныя часы Дзергачоў.

Ён згадвае, што каманда Пазняка абмяркоўвала варыянт папулісцкай рыторыкі, бо час быў такі — тэмы барацьбы і абяцання лепшага жыцця мелі б поспех. Але Пазняк адмовіўся ад гэтай ідэі, маўляў, гэта несумленны шлях, ды абраў нацыянальны кірунак.

“Думаю, можа быць трохі і сілаў у яго каманды не хапіла, каб правесці добрую кампанію па ўсёй краіне. На Смаргоншчыне беларускі кірунак набраў у суме 58 %: 38 % было ў Пазняка, 20 % — у Шушкевіча, а Лукашэнка набраў толькі 19 % галасоў,” — гаворыць Аляксандр.

І ў прастытутак ёсць правы

У праваабарончую дзейнасць, у “Вясну”, па словах Аляксандра Мартынавіча, ён прыйшоў фактычна з дапамогаю Аляксандра Мілінкевіча. Аб’яднанне “Ратуша”, якое ўзначальваў Мілінкевіч адкрыла пад кіраўніцтвам Дзергачова грамадскую прыёмную. Потым у 2002—2003 годзе Аляксандр патрапіў на адукацыйную праграму ў Варшаве ў Школу правоў чалавека.

“Мы вучыліся разам з Барысам Звозкавым — ён быў вельмі старанным студэнтам, выдатнікам, ведаеце, гэта чалавек з імкненнем быць лепшым і дасканалым у сваёй справе, — згадвае Аляксандр свайго вядомага калегу. — У Школе правоў чалавека нам давалі грунтоўны ўзровень ведаў”.

У праграме былі і азнаямляльныя візіты ў еўрапейскія струтктуры, звязаныя з праваабарончай дзейнасцю.

Аляксандр са смехам згадвае, як яны былі ўражаныя пасля наведвання арганізацыі, што займалася абаронаю правоў прастытутак, якія таксама ж людзі, а не дэкласаваны элемент.

Калегі з краін Азіі асабліва былі здзіўленыя такім падыходам — іншы менталітэт.

Аляксандр Мартынавіч распавёў, як у 1990-ыя дапамагаў звольненай жанчыне аднавіцца на працу. Справа цягнулася каля трох год. І ўсё ж спадарыні вярнулі ейнае працоўнае месца ды выплацілі кампенсацыю. Праўда, было гэта ў часы галапіруючай інфляцыі, то сатысфакцыя мела хутчэй маральны, чым матэрыяльны характар.

Яшчэ была цікавая і, хіба, у нечым тыповая для нашага часу гісторыя з мясцовым актывістам Уладзімірам Шульжыцкім. Ён вырашыў папулярызаваць “Радыё Свабода”.
Зрабіў улёткі з прапановаю настроіць радыёпрыёмнікі, раскідаў гэтыя ўлёткі па паштовых скрынях. І вось яму пазванілі ды папрасілі дапамогі. Шульжыцкі пайшоў па названым адрасе, але яго яшчэ ў пад’ездзе скруцілі, ды склалі пратакол, што нецэнзурна лаяўся. У судзе ж высветлілася, што званілі з міліцэйскага пастарунку. Суддзя апраўдаў Шульжыцкага, бо няўзброеным вокам была бачная падстава. Праўда, пракуратура аспрэчыла вырак, і потым усё ж вынеслі пакаранне.

“Гэтая справа навучыла, што трэба асцярожна ставіцца да супрацоўнікаў міліцыі, бо метады ў іх не заўсёды чыстыя”, — гаворыць Аляксандр.

Паводле яго слоў, плынь людзей да праваабаронцаў не спыняецца ніколі. Часта прыходзяць кансультавацца па спрэчных зямельных пытаннях.

Таксама праваабаронцы могуць падрыхтаваць чалавека да суда: для гэтага трэба старанна папрацаваць са справаю, прадбачыць усе прэтэнзіі іншага боку і скласці на іх пярэчанні.

У такім выпадку чалавек будзе здольны адстойваць сябе ў судзе самастойна.

З прыватных калекцый

У працоўным пакоі Аляксандра Мартынавіча ёсць асобны стэлажык-музей. Праваабронца збірае выкапні-артэфакты, якія знаходзяць у ваколіцах Смаргоні падчас здабычы пяску на глыбіні да 10-ці метраў.

“Мне адмыслоўцы гаварылі, што гэтым рэчам 5-8 тысяч год. Усё выкапана было ў нашай мясцовасці. Сябар такое дабро мяшкамі знаходзіў падчас здабычы пяску, — паказвае свае экспанаты Аляксандр. — Вось, глядзіце, сякера, скрабок і зуб маманта ёсць. Ён, праўда, расслаіўся з часам. Калі мне яго прынеслі, то нават невядома было, што гэта за рэч. Потым спецыялісты патлумачылі, што ж гэта за рэч”.

Апроч калекцыі выкапняў, ёсць у спадара Аляксандра і немалая калекцыя спартыўных ўзнагарод. “Даўно ляжалі гэтыя медалі, з нагоды вось дастаў”, — сціпла заўважае суразмоўца.

Аляксандр Дзергачоў — Майстар спорту СССР па цяжкай атлетыцы!

Таксама быў прызёрам чэмпіянату СССР сярод студэнтаў.

“Мой брат займаўся, і я натхнёны ягонымі поспехамі таксама пайшоў у спартыўную залю, — расказвае пра выбар віду спорту Аляксандр. — Я тады трэніраваўся актыўна — пяць разоў на тыдзень, а перад зборамі і двойчы на дзень. Быў большы і нават шчокі во, глядзіце, якія былі! Тады мы не пілі ніякіх прэпаратаў, нікога не правяралі на “хімію” перад спаборніцтвамі. Але з маімі прыроднымі дадзенымі фармацэўтыка дазволіла б паказаць куды лепшыя вынікі. Толькі не прынята было такое”.

Аляксандр падымаў штангу. У штуршку — 175 кг, рывок — 135 кг.

Цяпер удзельнічае ў ветэранскіх спаборніцтвах. Раз на год спартоўцы збіраюцца, каб прадэманстраваць свае фізічныя магчымасці.

“Апошні раз падняў штангу на 84 кілаграмы”, — гаворыць Аляксандр.

Калі побач Любоў

Жыццё праваабаронцы ў Беларусі, канешне, праходзіць пад пільным позіркам уладаў. Сям’я Дзергачова — не выключэнне.

Але варта сказаць, што Любоў, жонка Аляксандра, яго падтрымлівае, бачна, што яна “у тэме”.

Раней спадарыня Любоў выкладала ў школе рускую мову і літаратуру. Да моманту вылучэння Аляксандра кандыдатам у дэпутаты, яна лічылася перспектыўным педагогам, настаўнікам-наватарам.

Калі стала вядома пра вылучэнне Дзергачова, у школе сабралі педагагічную нараду, статус настаўніцы пачаў імкліва зніжацца. Што давалася калегам лягчэй, трэба было рабіць з большай колькасцю працэдураў, больш вытрымліваць бюракратыю.

У 2001 годзе Любоў звольнілі з працы пасля працяглай хваробы. Пры гэтым бацькі навучэнцаў і самі дзеці да Любові Дзергачовай прэтэнзій не мелі. Больш за тое, аднойчы выпускнікі прысвоілі ёй званне “Філолаг ад Бога”. Было некалькі судовых працэсаў, і абласны суд у выніку аднавіў яе на працы.

Аляксандр, да слова, паходзіць з Віцебскай вобласці, яго жонка — з Гомельскай.
У Смаргонь сям’я ў савецкі час прыехала фактычна “за кватэрай” — тут з’явілася магчымасць атрымаць жыллё.

“Мне здаецца, тут больш беларускай скіраванасці. Межы і суседзі ўсё ж уплываюць на нас. Савецкая ўлада сюды прыйшла пасля 1939 года. У заходняй Беларусі моцнае пачуццё гаспадара, мне падаецца, нават дамы тут больш грунтоўна будуюць, чым на усходзе краіны”, — дзеліцца сваімі назіраннямі праваабаронца

У часе нашай размовы Аляксандр Мартынавіч часта вяртаецца ў пачатак 1990-х — бачна, што той час сапраўды быў для яго знакавым.

“Людзі не баяліся праяўляць сябе, нешта рабіць. Гэта моцна адрозніваецца ад таго, што мы цяпер перажываем. Усе выказвалі пачуцці і жаданні. Цяпер жа месца для такога ў нашым жыцці няма”, — падсумоўвае Аляксандр.

Альтанка з ссечаных садовых дрэваў
Вольга Хвоін