Сяргей Гоўша: «Дапамагаем тым, каго ўлада тут
прыціскае. А прыціскае яна сапраўды многіх»

Кіраўнік баранавіцкага аддзялення Праваабарончага цэнтра «Вясна» Сяргей Гоўша – пра тое, што прымусіла савецкага інжынера стаць праваабаронцам і як горад змяніўся дзякуючы яго высілкам.

Праваабаронца Сяргей Гоўша (фота аўтара)

– Сяргей Канстанцінавіч, як вы, савецкі інжынер, прыйшлі да беларускай ідэі і ўступлення ў ТБМ і БНФ?

– У маім жыцці было некалькі выпадкаў, якія мяне, як беларуса, моцна ўразілі. Пасля школы паступаў у Беларускі Палітэхнічны інстытут ў Мінску. На экзамене па матэматыцы, якую я з 1-га па 10-ты клас вучыў толькі па-беларуску, напісаў адказы па-беларуску і, як сеў перад выкладчыкам, стаў гаварыць на роднай мове. А той мне кажа: «Не, ты давай па-руску». Я быў малады, падумаў: халера з вамі, па-руску дык па-руску. Адказаў – і атрымаў сваю пяцёрку. Асэнсаванне гэтага выпадку прыйшло пазней.

Фота з асабістага архіву Сяргея Гоўшы

Ужо ў часы перабудовы пайшоў атрымоўваць зарплату ў ашчадную касу на заводзе. Запоўніў квіток па-беларуску і перадаў яго ў вакно. А работніца касы яго парвала і кінула мне ў твар: «Пишите на нормальном языке!» Я ёй сказаў: «Запомні, дзяўчына, гэты момант…»
Падняў, склеіў гэту паперку і аднёс да дэпутата Вярхоўнага Савета адзінаццатага склікання ад Баранавіч Дзмітрыя Шахрая. Сказаў яму: «Вы там разглядаеце і будзеце прымаць закон аб мовах, дык выступіце, калі ласка, і раскажыце, што ж гэта за парадкі, калі беларус нават заробак атрымаць не можа, напісаўшы квіток на беларускай мове».
Шахрай пасля ўпэўніваў, што расказваў пра мой выпадак на паседжанні адпаведнай камісіі.

У студзені 1990 года быў прыняты цудоўны закон, згодна якому беларуская мова з’яўлялася адзінай дзяржаўнай, а руская была мовай міжнацыянальных зносін.

З гэтай пары я больш актыўна заняўся грамадскай дзейнасцю. А дзе грамадская – там і грамадска-палітычная. У Баранавічах я быў адным з удзельнікаў стварэння Таварыства беларускай мовы, Экалагічнага саюза, Беларускага народнага фронту. У 1991 пасля вылучэння Таварыствам беларускай мовы быў абраны дэпутатам Брэсцкага абласнога Савета.

З Нілам Гілевічам, першая палова 90-х. Фота з асабістага архіву Сяргея Гоўшы

– У 1971-1995 г.г. вы працавалі на Баранавіцкім заводзе гандлёвага машынабудавання, знутры бачылі савецкую прамысловаць. Як можаце яе ахарактызаваць?

– Баранавіцкі завод гандлёвага машынабудавання з’яўляўся прадпрыемствам-манапалістам. Ён адзіны ў Савецкім Саюзе выпускаў для сталовых, рэстаранаў, вайсковых караблей такое абсталяванне як мясарубкі, бульбачысткі, агароднінарэзкі і г.д.
Я працаваў на заводзе інжынерам-тэхнолагам, начальнікам тэхналагічнага бюро, затым вядучым інжынерам-канструктарам СКБ. І скажу шчыра: мне было сорамна глядзець на міжнародных выставах на нашу прадукцыю ў параўнанні з замежнымі аналагамі. У Саюзе ўсе заводы выпускалі адну і тую ж мадэль прадукцыі дзесяцігоддзямі! Патрабавання выпускаць навінкі, як гэта рабілася за мяжой, не было. Нашыя пакупнікі не мелі выбару, прадукцыя не ішла на рынак, а фактычна размяркоўвалася Міністэрствам гандлю.
За мяжой ўсё абсталяванне, якое кантактавала з харчаваннем, выраблялася з нержавеючай сталі.. А ў нас – з чыгуна. І пазней на заводзе мы прышлі да таго, каб зрабіць корпус мясарубкі з харчовага алюмінію, бо з нержавеючай сталі ніхто не змог адліць, такі ўзровень тэхналогіі быў на той час.

Памятаю, з вопытным узорам я накіраваўся ў Маскву зацвярджаць кошт новай мясарубкі. Прыехаў у Мінгандлю СССР, аддзел новай тэхнікі, а там чыноўнік мне заявіў: «Ты разумееш, што ты мне прывёз? Ваша старая мясарубка каштавала ў два разы танней! Гэта значыць, што новымі я забяспечу толькі палову сталовых і рэстаранаў!».
Міністэрству было пляваць на якасць і на тое, што новае абсталяванне будзе больш даўгавечным.
Чыноўнік закрэсліў крыж-на-крыж мой разлік, які быў зроблены па ўсім правілам навукі, паставіў кошт на 30% вышэйшы за стары і шпурнуў мне паперы па сталу: «На, едзь і выпускай!» Вярнуўся на завод, дырэктар і галоўны інжынер за галаву схапіліся: «І выпускаць трэба, і ўпісацца ў прызначаныя кошты немагчыма».
І што зрабілі? Галоўны інжынер з падначаленымі сам паехаў у Маскву, узяўшы з сабой спірт і прэзент: бытавыя мясарубкі для начальства, нажы самаробныя. І неяк усё ж дамовіўся павысіць кошт, хаця і не за адну паездку.

– Гэтыя мясарубкі пасля масава выпускаліся?

– Так, на ўвесь Саюз, былі ледзь не ў кожнай гаспадарцы.
А сёння глянеш на заводы ў Баранавічах – яны ледзь функцыянуюць. Дыктатарская, калгасна-саўгасная сістэма давяла краіну да поўнага развалу. Пляменніца працуе на заводзе аўтаагрэгатаў – дык яны па тыдню (а то і па два) адпраўляюць людзей у адпачынак. На маім заводзе гандлёвага машынабудавання яшчэ нядаўна было дзесьці пад дзве тысячы чалавек, а сёння, здаецца, і тысячы няма.

Фота з асабістага архіву Сяргея Гоўшы

– Чаму ў 1995-м вы сышлі з завода?

– Таму што на мяне аказваўся вялікі ўціск: як жа так – народафронтавец на кіраўнічай пасадзе ды яшчэ і ў абласным Савеце! Усё шукалі прычыну, каб мяне звольніць. У нейкі момант я стаміўся змагацца і вырашыў сысьці з завода і заняцца дробным прадпрымальніцтвам. Праз нейкі час з-за ўціску і пастаяннай слежкі ўсё перапісаў на сына, а сам яму дапамагаў.

– Цікава: з пазіцый сённяшняга дня сярэдзіна 90-х выглядае часам «разгула дэмакратыі». Але ўжо ў той час адбываўся ўціск на апазіцыю?

– Асабліва рэпрэсіі ўзмацніліся з 1996 года. Як мы прыйшлі да стварэння аддзялення «Вясны» ў Баранавічах? Наша кампанія, чалавек 20-25, рэгулярна ездзіла ў Мінск на мітынгі падтрымоўваць апазіцыю. І вось вясною 1997 года здарыўся наступны выпадак. Калі за некалькі гадзін да санкцыянаванай акцыі мы накіроўваліся ў Чырвоны касцёл паслухаць службу, трох нашых хлопцаў без ніякіх падстаў на нашых вачах затрымалі, пасадзілі ў машыну і адвезлі ў пастарунак. Двух з іх на наступны дзень прысудзілі да штрафаў, а трэці вымушаны быў правесці тры дні за кратамі. Мы звярталіся са скаргамі ва ўсе інстанцыі, але нічога не дабіліся. І вырашылі, што надалей мы створым сваё аддзяленне праваабарончае і будзем абараняць свае правы самі.

Чэрвень 2014 года, сустрэча з Алесем Бяляцкім пасля яго вызвалення з калоніі. Фота з асабістага архіву Сяргея Гоўшы

Самае галоўнае для мяне – змаганне за нашу незалежнасць і змаганне з беззаконнем. Дапамагаем тым, каго ўлада тут прыціскае. А прыціскае яна сапраўды многіх.
Прыклад? У мінулым годзе я дапамагаў бацькам, дзеці якіх вучыліся да чацвёртага класа па-беларуску, а пасля паступлення ў гімназію №4 ў навучанні на роднай мове ім адмовілі. Адмовіла дырэкцыя гімназіі, адмовіў Баранавіцкі гарвыканкам, адмовіў Брэсцкі аблвыканкам. І тут падключыўся я . Мы закідалі скаргамі Міністэрства адукацыі і Генпракуратуру, пачалі рыхтавацца да суда (звярнуўся за дапамогай у Мінск, «вясноўцы» ўжо нанялі адваката).

Фота «Радыё Свабода»

Але ўсё ж такі выкарысталі яшчэ адзін метад: бацькі з’ездзілі на сустрэчу ў Міністэрства адукацыі. Там зразумелі, што яны не адстануць, і праз месяц прыйшоў ліст, які задаволіў бацькоў. Яны пайшлі да дырэктара гімназіі з гэтым адказам, а той ім кажа: я выконваць не буду. Давай мы тэлефанаваць у Мінск: слухайце, вы міністэрства ці не міністэрства?! Там таксама ўжо раззлаваліся, сталі самі ў гарвыканкам тэлефанаваць. І вось з’яўляецца ў мясцовай газеце інтэрв’ю дырэктара гімназіі № 4, дзе той сцвярджае, што дзякуючы старшыні баранавіцкага гарвыканкама (!) адкрываецца беларускамоўны клас… Якое ж нахабства! Не дзякуючы, а наперакор! Але каб гэты клас існаваў, бацькам, і нам з імі, прыйшлося год і два месяцы змагацца за выкананне Канстытуцыі.

– Можна зрабіць выснову, што адносіны з мясцовымі ўладамі ў вас кепскія.

– А як яны могуць быць добрымі, калі я з даўніх часоў фіксую тут парушэнні і злачынствы на выбарах? Якой уладзе гэта будзе падабацца? Я з-за гэтага не аднойчы пападаў і ў суд, і ў міліцыю, і ў клетках сядзеў, і ў падзямеллі суда.

Фота з асабістага архіву Сяргея Гоўшы

Мінулай восенню майго сябра, старшыню Баранавіцкага ТБМ Віктара Сырыцу давялі да таго, што чалавек памёр у 62 гады. На прэзідэнцкіх выбарах-2015 ён быў сябрам гарадской тэрытарыяльнай выбарчай камісіі (ТВК). І выкрыў, што не камісія займалася выбарамі, а выбарамі займаўся гарвыканкам.
Усе дадзеныя з участкаў накіроўваліся не на тэлефон камісіі, а на тэлефоны ідэалагічнага аддзела гарвыканкама. Старшыні ўчастковых камісій з выніковымі пратаколамі папярэдне наведвалі кабінет упраўляючага справамі гарвыканкама, а толькі потым здавалі пратаколы і бюлетэні выбаршчыкаў у ТВК. Яе старшыня збірала выніковыя пратаколы і накіроўвала іх ў ідэалагічны кабінет, дзе апрацоўвалі вынікі выбараў.
Віктар Сырыца прагаласаваў супраць зацвярджэння выніковага пратакола ТВК, выказаў асаблівае меркаванне, пачаў пісаць скаргі. І вядома, на яго пачаўся ўціск.
Пасля выбараў ён такі ўсхваляваны быў! Прыходзіў да мяне і казаў: Сяргей, я адчуваю, што яны мне не прабачаць. Праз некалькі тыдняў ён ехаў у Менск і ўпаў проста на пероне чыгуначнага вакзала.

Віктар Сырыца віншуе свайго сябра з 60-годдзем. Фота з асабістага архіву Сяргея Гоўшы

– У яго былі праблемы з сэрцам?

– У яго быў цукровы дыябет, але праблемаў з сэрцам ніколі не было… Пра сітуацыю з Віктарам я даведаўся адразу. На пероне таксама знаходзіўся прадпрымальнік Мікалай Чарнавус. Ён бачыў, што калі падышоў цягнік, Віктар толькі крок ступіў і ўпаў. Чарнавус у разгубленасці не ведаў, што рабіць, і адразу патэлефанаваў мне. Хуткую выклікаў нехта іншы.
Мая машына была каля пад’езду, мы з жонкай хутка апрануліся і выехалі. Віктара адразу спрабавалі рэаніміраваць на пероне, потым у машыне хуткай дапамогі – бачылі, як яна хадзіла хадуном. Там жа была дачка Віктара з мужам, Чарнавус і мы з жонкай. Стаялі, а ногі трасліся… Немагчыма было паверыць, што вось гэта адбываецца з тваім сябрам. Стаялі, чакалі, плакалі…
Віктар працаваў намеснікам дырэктара Баранавіцкага эканоміка-юрыдычнага тэхнікума, пакуль у 2006 годзе яго студэнты не прыйшлі на сустрэчу з кандыдатам у прэзідэнты Аляксандрам Мілінкевічам. Дырэктара каледжа выклікалі ў Мінск, намеснік міністра адукацыі паставіў яму умову: альбо звальняеш Сырыцу, альбо ўсе вашы выкладчыкі не пройдуць пераатэстацыю. Дырэктар перадаў словы Віктару: альбо мы ўсе, альбо ты адзін. Сырыца напісаў заяву, вымушаны быў аформіць прадпрымальніцтва, рыхтаваў школьнікаў да паступлення у ВНУ і актыўна займаўся грамадскай працай. Мы падтрымлівалі адзін аднаго ў справе беларускасці і незалежнасці. Разумелі, што без мовы не будзе нацыі, не будзе краіны!

– Якімі ўчынкамі ў сваім жыцці вы ганарыцеся?

– Многа чым, але цяжка выдзяліць нешта адно. Ну, можа чытачам наступная гісторыя будзе цікавая. Восенню 1990 года да лідара баранавіцкага БНФ Сымона Свістуновіча прыйшла ідэя ўсталяваць «Крыж пакут» ахвярам сталінскіх рэпрэсій. Актыўна дапамагалі яму я і Віктар Мязяк. Я думаў над тым, як сканструяваць крыж і замацаваць яго ў вызначаным месцы – у цэнтры горада, на ўваходзе на бульвар Хейнала, дзе калісьці стаяла турма «Крывое кола». На Дзяды пасля шматлюднага шэсця крыж быў урачыста ўсталяваны.

Восень 1990 года, усталяванне крыжа ў цэнтры Баранавіч. Фота Яўгена Даўгіловіча

Але ўлада з гэтым не змірылася. Спачатку хацелі перанесці помнік ціха, ноччу – але сутыкнуліся з начной вартай. Пасля гэтага вырашылі дзейнічаць адкрыта. Праз паўтары месяцы ачапілі салдатамі цэнтр горада і перанеслі крыж непадалёк у невялікі сквер на вуглу вуліц Крупскай і Пірагова.
Да гэтага часу мы рэгулярна прыходзім да гэтага помніка, прыносім бел-чырвона-белыя сцягі, кветкі, запальваем знічкі, чытаем малітвы.
Акрамя крыжа мною з сябрамі ўсталяваны вялізны камень з шыльдай у гонар вялікай бітвы 1771 года канфедэратаў гетмана Міхаіла Казіміра Агінскага з войскамі Суворава пад Сталавічамі (непадалёку ад Баранавіч).

Фота з асабістага архіву Сяргея Гоўшы

А таксама камень у гонар знакамітай бітвы з маскалямі пад Палонкай, дзе 28 чэрвеня 1660 г. Аб’яднанае беларуска-літоўскае і Польскае войска пад кіраўніцтвам гетманаў Паўла Сапегі і Стэфана Чарнецкага здабыло вялікую перамогу над войскам маскоўскага ваяводы Івана Хаванскага падчас вайны Расіі і Рэчы Паспалітай 1654-1667 г.г., ды інш. Гэтыя помнікі гісторыі ўсталёўваем за свае сродкі і насуперак уладзе, якая, наадварот, перашкаджае нам.

– Сяргей Канстанцінавіч, што вас радуе ў сённяшнім жыцці?

– У мяне два ўнукі і тры ўнучкі, я іх вельмі люблю. Яны прыязджаюць у госці, мы разам ездзім у вёску Востраў Ляхавіцкана раёна, адкуль родам я і мая жонка. Унучкі заўжды просяць дзядулю пакарміць іх смачнымі дранікамі, а бабулю – такімі ж смачнымі варэнікамі і пірагамі. І мы з радасцю выконваем іх просьбы. Мы стараемся размаўляць з малымі па-беларуску. Думаю, у будучым яны зразумеюць каштоўнасць роднай мовы.
Радуе, што жонка, маючы вельмі страшную хваробу, перанёсшы аперацыю і цяжкае лячэнне, працягвае жыць са мною жыццяздольная і бадзёрая.

– Колькі гадоў вы ў шлюбе?

– 31 снежня гэтага года споўніцца 40 гадоў. Рубінавае вяселле будзе!

– Дайце рэцэпт: як пражыць з чалавекам 40 год і захаваць адносіны?

– Рэцэпт цяжка даць, бо ў жыцці ўсякае бывае. Да бойкі, канечне, у нас ніколі не даходзіла, але пражыць 40 год разам – гэта не значыць толькі адзін аднаго цалаваць. Мы кахаем адзін аднаго, разумеем, клапоцімся, маем агульныя інтарэсы і захапленні. Вельмі аб’ядноўваюць дзеці і ўнукі. Ад гэтага многае прабачаецца.

Ліпень 2015 года, у вёсцы Востраў з дзецьмі і ўнукамі. Фота з асабістага архіву Сяргея Гоўшы

– Як вы адпачываеце, можа хоббі якое маеце?

– Люблю маляваць, ёсць здольнасці, але не хапае часу і толькі некалькі маіх карцін маслам аздабляюць кватэру. І паколькі я нарадзіўся у жывапіснай вёсцы Востраў, то не мог не хадзіць на рыбалку і не мог не хадзіць у лес за грыбамі і ягадамі. У лес за грыбамі і жонка, і ўсе мае дзеці, і ўнукі любяць хадзіць. Пад чарачку грыбкі – цудоўная страва!

З сынам, 2006 год. Фота з асабістага архіву Сяргея Гоўшы

На рыбалку я хадзіў з маленства заўсёды толькі летам. А як выйшаў на пенсію, дык неяк выпадкова мяне знаёмыя зацягнулі і на зімовую. Дык цяпер з задавальненнем еду на яе, як толькі з’яўляецца магчымасць. Але каб на машыне паехаць – трэба сродкі, а пенсія малая.

– А якая ў вас пенсія?

– 2 мільены 400 тысяч. Гэта ж пражыць немагчыма! У жонкі, настаўніцы з вялікім стажам, 2 мільёны 900 тысяч. Дык мы толькі разам неяк і выжываем. Гэтая сістэма і ўлада ў рэшце рэшт сыйдуць, але яны ўсіх нас у плане эканомікі зацягваюць у балота, і вылезці з яго, баюся, будзе вельмі цяжка.
Мне вельмі хочацца, каб адбылася дэмакратычная, вольная, незалежная Беларусь. Каб была адна дзяржаўная мова, каб добра жылося народу Беларусі, у тым ліку, маім дзецям і ўнукам. Мы вось будзем святкаваць 20-годдзе «Вясны», дык усім вясноўцам хачу пажадаць лепшай долі, моцнага здароўя, шчасця ў сем’ях. Каб мы дамагліся лепшага жыцця для сябе і для сваёй роднай краіны. Жыве Беларусь!

Руслан Гарбачоў