Уладзімір Хільмановіч: «Сярод праваабаронцаў “Вясны” няма ніводнага выпадковага чалавека»

Актывіст гарадзенскага аддзялення Праваабарончага цэнтра «Вясна», гісторык, краязнаўца і публіцыст Уладзімір Хільмановіч – пра грамадскую актыўнасць, беларускую свядомасць і выхаванне дзяцей.

“Я паходжу з сям’і вясковай інтэлігенцыі ў першым пакаленні. У маці, якая нарадзілася на Лідчыне – педагагічная адукацыя, яна навучалася, дарэчы, на адным курсе з Данутай Бічэль. Маці ўсе жыццё працавала настаўніцай пачатковых класаў. Бацька, які паходзіць са Шчунскага раёну, з пад Астрыны, спярша інжынерам, потым кіраўніком калгасу” – пачаў расповед пра сябе Уладзімір Хільмановіч.

Цягам свайго жыцця я толькі тры гады быў рускамоўным чалавекам

Беларускасць, відаць, закладаецца яшчэ ў дзяцінстве. Нарадзіўся Уладзімір у мястэчку Каменка (даўнім уладанні Сапегаў). Беларушчыны “набраўся” найперш ад бабулі, якая займалася яго выхаваннем ад нараджэння. Школа таксама зрабіла свой унёсак:

“У беларускамоўнай школе ў Раковічах, дзе я навучаўся, дырэктарам быў Георгій Касцевіч, пляменнік Міхася Васілька. Ён трымаў беларушчыну ў школе на дастаткова высокім роўні, нягледзячы на агульную адукацыйную савецкую ідэалогію”.

Калі Уладзімір паступіў на гістфак, прыйшло асэнсаванне сваіх каранёў, спакваля ўзнікла любоў да роднага краю і краязнаўства. Праўда, на першым курсе гарадзенскага ўніверсітэту стаў рускамоўным. Амаль на два гады і яшчэ год у войску, дзе, як ні круці, панавала расейская мова.

“Але на заканчэнне службы ў войску, за паўгады, паглядзеўшы, як прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў камунікуюць паміж сабой на сваіх мовах, у нас абудзіўся патрыятызм. Мы стварылі нефармальны гурток з трох беларусаў. Размаўлялі паміж сабой па-беларуску, спявалі нашы песні пад гітару.

Асэнсаваны выбар мовы адбыўся пасля войска ў 1987-ым. Усе ўніверсітэцкія канспекты ўжо пісаў па-беларуску, не зважаючы на мову выкладчыкаў. Проста аўтаматычна перакладалася. Іспыты здаваў таксама толькі на роднай мове,” – дзеліцца ўспамінамі пра той час Уладзімір Хільмановіч.
На мітынгу ў Гародні ў 80-ых

Пасля войска, улетку 87-га, Уладзімір далучыўся да гісторыка-культурнай суполкі “Паходня”, трапіў пад уплыў Міхася Ткачова, свайго ўніверсітэцкага выкладчыка. Доктар гістарычных навук, археолаг і грамадска-палітычны дзяяч вывозіў студэнтаў у цікавыя мясціны па ўсёй Беларусі. Яны раскопвалі старажытны Мсціслаў, родавую сядзібу Каліноўскіх у Якушоўцы, ездзілі ў Ваўкавыск, Трокі, Крычаў… Уладзімір Хільмановіч кажа: “Ткачоў – гэта быў такі чалавек, які раскрываўся як Асоба менавіта ў палявых, выязных умовах”. Незабыўнымі былі і пазнейшыя два сезоны раскопак Крэўскага замку, дзе ўжо сфармаваўся беларускамоўны асяродак сярод аднакурснікаў.

Плённыя 90-я гады

Пасля ўніверсітэту Уладзімір кароткі час працаваў настаўнікам. Маючы дыплом выкладчыка гісторыі і сацыяльна-палітычных дысцыплін, паўгады выкладаў беларускую мову і літаратуру ў 20-й гарадзенскай школе, бо па спецыяльнасці не змог уладкавацца. Пасля, па рэкамендацыі Міхася Ткачова, прыйшоў працаваць навуковым супрацоўнікам у Беларускі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі.

“Я апынуўся ў вельмі цікавым адраджэнскім асяродку. Там працавалі неардынарныя людзі, якія на мяне ўплывалі. У музеі была сапраўдная культурніцкая дзейнасць.” – згадвае Уладзімір Хільмановіч.

Пасля чатырох год працы ў музеі Уладзімір стаў метадыстам у аддзеле культуры гарвыканкаму. Арганізоўваў выставы самадзейных мастакоў. Паралельна вёў некалькі аўтарскіх праграм на гарадзенскім тэлебачанні.

У парку Жылібера ў Гародні каля помніка Джузэпэ Сака, галоўнага архітэктара Вялікага Княства Літоўскага

“Пакуль там працаваў Валеры Задаля, ён развіваў беларушчыну на тэлебачанні. Яе пасля знішчылі, пазбавіўшыся ўсіх беларускамоўных журналістаў. Выціснулі з працы гэтых людзей, прыпыніўшы кантракты,” – апісвае Уладзімір новы паварот свайго лёсу.

У 1997 годзе ён звольніўся з аддзелу гарвыканкаму, проста ўжо немагчыма было працаваць з-за той недарэчнай ідэалогіі, якую пачалі насаджаць улады ў дзяржаўных установах.

Акрамя працы на тэлебачанні, спадар Хільмановіч цягам дзевяці гадоў гадоў друкаваўся ў газеце “Пагоня”, ад пачатку яе ўзнікнення, як пазаштатны аўтар. Ён быў сярод дзесяці першых журналістаў, якія ўтварылі мясцовую суполку Беларускай асацыяцыі журналістаў.

З правабаронцамі Раманам Юргелем і Віктарам Сазонавым

“Я працаваў у чатырох-пяці месцах адначасна, бо быў тады халасцяком і ў мяне было шмат вольнага часу. Па сярэднестатыстычных мерках ажаніўся я пазнавата, у трыдцаць пяць гадоў, – усміхаецца мой суразмоўца.

- Было цікава паспрабаваць сябе ў розных праявах. Газета, тэлебачанне, падпрацоўваў у турфірмах – распрацоўваў маршруты і вазіў экскурсійныя групы.”

Мы заклалі некалькі традыцый, якія, спадзяюся, будуць жыць

Па словах Уладзіміра Хільмановіча, найбольш плённым перыядам сваёй дзейнасці ён лічыць працу ў асветніцкім грамадскім аб’яднанні імя Льва Сапегі, сябрам якога стаў з моманту заснавання філіі арганізацыі. Старшынёй філіі значны час была Тацяна Маліноўская. Гэта быў вельмі спрыяльны перыяд. Тады Фонд Сапегі меў дамову з гарадскімі ўладамі пра супрацу, офіс у цэнтры горада, актыўна дзеіў. Адукоўвалі людзей, пачынаючы ад настаўнікаў школы да чыноўнікаў з гарвыканкаму. Гэта былі няпростыя, але плённыя 90-ыя гады.

Пасля, нягледзячы на заняпад супрацы з мясцовымі ўладамі, аб’яднанне шмат працавала з краязнаўцамі па ўсім рэгіене, выдавала адукацыйныя брашуры, вывозіла настаўнікаў на разнастайныя стажыроўкі, запрашала на канферэнцыі.

“Я думаю, мы значна паўплывалі на адукацыйны асяродак рэгіянальнай беларускамоўнай прасторы”, - перакананы гісторык і праваабаронца з Гародні.

Атрыманне ўзнагароды З Юрыем Глебікам

Сярод традыцыйных акцый – “Ушанаванне памяці паўстанцаў 1863 года ў Свіслачы”. Яе заклалі грамадоўцы Зміцер Кісель, Віктар Сазонаў, Віктар Трэшчановіч у 95-96 годзе. Дапамагалі, а потым развівалі традыцыю свіслацкія актывісты Юры Глебік і Віктар Дзесяцік. Свіслацкі фэст, Дзень памяці Ларысы Геніюш у Зэльве – тое, чым Гарадзеншчына можа ганарыцца. Уладзімір лічыць сваім абавязкам штогод удзельнічаць у культурніцка-асветніцкіх ушанавальных акцыях.

Таксама запомнілася сустрэча камбатантаў – вязняў сталінскіх канцлагераў у Гародні ў 2000 годзе.

“Апошнія гады стала шмат перашкодаў з боку ўлады, нават у плане ўскласці кветкі і паспяваць патрыятычныя песні. Улады ўкаранілі рэпрэсіі, штрафы. Былі гады, калі ўдзельнікі фэсту засуджваліся да адміністрацыйнага арышту”, - гаворыць Уладзімір.

Пік актыўнай дзейнасці гарадзенскіх грамадскіх арганізацый і асяродкаў прыпаў на сярэдзіну 90-ых – пачатак 2000-ых, пасля чаго праводзіць публічныя выступы і грамадскія акцыі стала складана.

І прыйдзе “Вясна”

З дзяцінства самым моцным захапленнем Уладзіміра Хільмановіча была спартовая журналістыка, футбольная статыстыка і, калі б беларуская дзяржава была дэмакратычная, ён кажа, што ўсё жыццё займаўся б толькі ёй.

У “Вясну” ж гісторык і журналіст прыйшоў разам са сваімі сябрамі-аднадумцамі, бо адчуваў несправядлівасць, ціск з боку дзяржавы. Яшчэ не будучы праваабаронцам, Уладзімір заўсёды пратэставаў супраць несправядлівасці, стараўся быць салідарным з тымі, каго пераследуюць.

Перад судом над Андрэем Пачобутам

Праваабаронцы яшчэ не дасягнулі таго, каб дапамагчы ўсім жадаючым, але гатовыя дзяліцца сваім досведам, даюць юрыдычныя практычныя кансультацыі, дапамагаюць пісаць звароты і заявы.

“Гляжу на сваіх калег з розных рэгіёнаў Беларусі. Гэта неабыякавыя і няўрымслівыя людзі. Ужо з юнацтва, маладосці яны востра рэагавалі на праявы таго, што несправядліва крыўдзяць іншых, парушаюць іхныя правы. Сярод праваабаронцаў “Вясны” няма ніводнага выпадковага чалавека. Гэта людзі, якія прыйшлі змагацца з несправядлівасцю, дапамагаць іншым, будаваць беларускую салідарнасць і ўзаемадапамогу”, - такую характарыстыку дае сваім калегам Уладзімір Хільмановіч.

Галоўная місія “Вясны” – дапамагаць пацярпелым ад рэпрэсій па палітычнай прыкмеце, па прыкмеце парушэння грамадзянскіх правоў. Паколькі ўлады пераследуюць больш журналістаў, грамадскіх дзеячоў, актывістаў, то праваабаронцы найперш займаюцца гэтымі катэгорыямі грамадзян.

“Мы дапамагалі ўсім рэпрэсаваным пасля маўклівых акцый, акцыі пляскання ў далоні. Дапамагалі ўдзельнікам пратэсту на мяжы, калі былі збітыя людзі. Дапамагалі кансультацыямі прадпрымальнікам, удзельнікам фэста памяці паўстанцаў 1863 г. у Свіслачы, затрыманым за Дзень Волі. Дапамагалі пісаць скаргі ў абласны суд, у Камітэт па правах чалавека грамадскім актывістам, нашым гарадзенскім журналістам. Усе гэтыя справы былі на нашым кантролі, з нашым удзелам. Працы шмат і, на жаль, яе не меншае, асабліва у час кампаній па прэзідэнцкіх выбарах”, - распавядае Уладзімір.

З польскім дысідэнтам і легендай "Салідарнасці" Карнелем Маравецкім

Магчымасці незарэгістраванай “Вясны” абмежаваныя, і калі непасрэдна самы сябры праваабарончага цэнтра дапамагчы не могуць, то перанакіраваць да юрыстаў ці праваабаронцаў, якія займаюцца гэтым больш профільна.

З кожным годам абараняць чалавека ў Беларусі стала ўсё складаней. У бальшыні судовых справаў амаль немагчыма дамагчыся законнасці.

"Калі б судзілі па законах, нават цяперашніх, засуджаных і аштрафаваных было б на 80-85 % менш, – кажа гарадзенскі праваабаронца.

– Раней можна было ўдзельнічаць актыўна ў судовых працэсах, быць грамадскім прадстаўніком кагосьці. Зараз дзяржава абмежавала гэтыя магчымасці. Мы можам кансультаваць удзельнікаў працэсаў толькі да суду, пасля суда і ў час перапынкаў. Выступаць грамадскім абаронцам у судзе мы ўжо не маем права".

Тады “Вясна” шукае адвакатаў, якія дапамагаюць. Часам лепшыя, бліскучыя адвакаты, якія добра ведаюць заканадаўства, бяссільныя, бо сістэма ў нас карная. Калі актывіст ужо трапіў пад складзены адміністрацыйны пратакол, малыя шансы, што ён не будзе пакараны прыцягнутымі за вушы артыкуламі Адміністрацыйнага кодэкса.

Паводле сённяшніх азначэнняў Уладзімір Хільмановіч – бацька шматдзетнай сям’і: разам з жонкай яны выхоўваюць дачку і двух сыноў.

З дачкой Лерай
З сынамі Германам і Раманам

Праваабаронца не здолеў стварыць паўнавартаснага беларускага класа ў школе, хоць імкнуўся і падаваў адпаведныя заявы. Уладзімір з павагай ставіцца да тых людзей, якія ствараюць беларускамоўныя класы з двух-трох чалавек, шануе іх пазіцыю. Але ён супраць “класаў-гета”: “Для мяне больш важна стварыць шырокі беларускамоўны асяродак для маіх дзяцей, а мову яны вывучылі і дома. Бо дома мы размаўляем па-беларуску”.

Даўняе захапленне гісторыка і праваабаронцы з Гародні – краязнаўства.

"Рыхтую некалькі сур’ёзных краязнаўчых даведнікаў. Іх можна дапаўняць бясконца. Спадзяюся, што ўсё ж давяду да ладу тое, што напрацаваў і ў бліжэйшыя год-два выдаць пару кніжак... Граю на гітары, раблю аўтарызаваныя пераклады, стварыў некалькі аўтарскіх песень, але не лічу, што мой ровень такі, што дойдзе да альбома, гэта хутчэй для вузкага кола сяброў".