Аляксей Хвосцік: "Шчасце — гэта проста"

Былы супрацоўнік сакрэтнага завода, што працаваў на патрэбы абароны СССР, інжынер, юрыст — уяўленне малюе “зашпіленага на ўсе гузікі” суворага чалавека з калючым позіркам.

Але стэрэатыпы лёгка разбураюцца пад уплывам абаяльнасці і выдатнага пачуцця гумару праваабаронцы з Маладзечна Аляксея Хвосціка. Хаця ўсё вышэй сказанае акурат пра яго.

Шлях да Беларусі. Праз Азію

Аляксей Хвосцік паходзіць з горада Сумы ва Украіне, думаю, гэты факт грае не апошнюю ролю ў яго светаўспрыманні і тэмпераменце. За савецкім часам Аляксей Васільевіч жыў і працаваў ў горадзе Міяс Чалябінскай вобласці — на мяжы Азіі і Еўропы. Там знаходзілася вялікае канструктарскае бюро Савецкага саюза (Дзяржаўны ракетны цэнтр імя акадэміка В. П. Макеева), сакрэтнае прадпрыемства між іншым.

Для разумення характару суразмоўцы варта згадаць той факт, што сп. Хвосцік пайшоў не наўпроставым шляхам да працы інжынерам авіяцыі.

А. Хвосцік студэнт

— Пасля школы я збіраўся паступаць у Харкаўскі авіяцыйны інстытут на радыётэхнічны факультэт. Але не склалася — не хапіла балу. Мая суседка хацела паступіць у гандлёвы інстытут і папрасіла з ёй схадзіць на экзамены, я рашыў свае і ейныя экзаменацыйныя задачкі. І ў выніку мы паступілі абодва. Але праз два курсы кінуў, бо не маё зусім, — распавядае спадар Аляксей. І дадае з непаўторнай украінскай інтанацыяй: “Нууу, не тое было, што я хацеў!”.

Пасля войска Хвосцік усё ж паступіў у Харкаўскі авіяцыйны інстытут. Атрымаў дыплом ды паехаў працаваць у Міяс.

Аляксей Хвосцік падчас службы ў войску
Сустрэча выпускнікоў Харкаўскага авіяцыйнага інстытута.

— Міяс знаходзіцца паміж двух хрыбтоў гор — у шырыню горад у 2-3 вуліцы, а ў даўжыню кіламетраў 30! І вецер гуляе як у аэрадынамічнай трубе! Зімою мароз 33 градуса, суворае месца. Дачка хварэць пачала, і мы вырашылі пераехаць назад ва Украіну. Але сямейнае жыццё не заладзілася, мы з жонкай развяліся, і я вырашыў пашукаць новае месца для жыцця. Праехаўся па Украіне, потым у Маладзечна заехаў. Прыйшоў у аддзел кадраў на радыёзавод “Спутнік”, а мне і гавораць: “Бярэм — выходзьце на працу заўтра”. А я ж нават без рэчаў сваіх быў прыехаў. Так і застаўся ў Маладзечна, — расказвае пра свой шлях да Беларусі праз Азію спадар Аляксей.

З дачкой Юляй

Ды прыгадвае, як здзейсніў падарожжа на ровары з Маладзечна ў родныя Сумы:

— Была ў мяне авантура невялікая. За пяць дзён даехаў. Спаў у намёце. Цяжка было ехаць у другой палове дня, бо горача, то я стараўся гэты час недзе пад дрэвам паспаць. Гэта быў 1998 год, мне быў 51 год.

Я б і цяпер, можа, на такое адважыўся, але трэба спадарожнік!

А.Хвосцік і ровар

Потым прыйшлі часы, калі СССР пачаў развальвацца і было зразумела, што радыёінжынеры хутка стануць нікому не патрэбныя.

Яшчэ ў часы працы на “Спутніку” Аляксей Хвосцік дапамагаў калегам пісаць заявы ды скаргі, афармляць нейкія дакументы — пунктуальнасць ды ўдумлівасць паўплывалі на яго рашэнне змяніць прафесію. Нехта пайшоў у прадпрымальніцтва, а Аляксей Хвосцік у 1991г. (на той час яму было 44 гады) падаў дакументы ў Беларускі інстытут правазнаўства.

— У мяне былі невялікія ашчаджэнні ў банку, то я ўсё думаў, куды іх прыстроіць. І знайшоў месца — заплаціў за вучобу, — смяецца суразмоўца.

Дырэктар-дэмакрат жалезабетоннага заводу…

— Інстытут я скончыў ў 48 год, яшчэ крыху папрацаваў на "Спутніку" ды звольніўся. У Маладзечна быў дэмакратычна настроены дырэктар жалезабетоннага завода Мікалай Івашкевіч, то ён узяў мяне да сябе юрыстконсультам, — распавядае пра этапы свайго прафесійнага шляху спадар Хвосцік. Ды ўзгадвае гісторыю ў стылі італійскай мафіі.

Яшчэ ў час працы на заводзе “Спутнік” яму прапанавалі балатавацца ў абласны Савет дэпутатаў. Ад пачатку прэтэндэнтаў было чалавек сем, потым жа засталіся Аляксей Хвосцік ды былы сакратар гаркама партыі Маладзечна. Спадару Аляксею парткам завода “Спутнік” раіў зняць сваю кандыдатуру.

“Але людзі мне давяралі, як я мог адмовіцца?” — задаецца лагічным пытаннем суразмоўца.

І вось аднойчы, як Аляксей Хвосцік збіраўся на працу, вокны яго кватэры абстралялі з дробнакаліберанай вінтоўкі. У лядоўні нават след ад кулі застаўся. Натуральна, вінаватых не знайшлі, хаця ён імёны “стралкоў” у міліцыі называў.

— Але я не адступіўся. І да 1995 года быў дэпутатам у абласным Савеце, працаваў у законатворчай камісіі, — распавядае спадар Аляксей.

Ён дадае, што такой колькасці пазаштатных супрацоўнікаў спецслужбаў, як у Маладзечна, нідзе больш не бачыў.

“Адзін чалавек, з якім мы працавалі некалі на “Спутніку”, перад смерцю распавёў мне: “Знаеш, Аляксей, я ж на цябе дакладныя пісаў КДБшнікам”. Відаць, сумленне хацеў палегчыць. Ну, пісаў і пісаў... Што ўжо зробіш, зла на яго не трымаю. “Падчапілі” яго нечым …”, — па-філасофску разважае праваабаронца.

Да слова, у праваабарончую дзейнасць Аляксея Хвосціка падштурнуў усё той жа “дырэктар-дэмакрат жалезабетоннага заводу Мікалай Івашкевіч”. Менавіта ён парэкамендаваў спадара Аляксея першай кіраўніцы БХК Таццяне Процьцы.

“Калі працуеш праваабаронцам, то не атрымліваецца на нечым адным засяроджвацца —звяртаюцца і з адміністрацыйнымі, і з працоўнымі справамі. Крымінальныя справы я не люблю, але часам даводзіцца і з імі працаваць. Што там у крымінальных цікавага – хіба што расказваць пра цяжкае дpзяцінства падабароннага. А з адміністрацыйнымі больш цікава і магчымасцяў для абароны больш”, — дзеліцца сваімі назіраннямі з юрыдычных будняў ды спраў спадар Аляксей.

Ён нагадвае, што раней у адміністрацыйных справах можна было абаронцам заявіць любога чалавека, але адвакатам гэта недта не падабалася. Пасля ўказу Лукашэнкі №13 гэтую практыку спынілі. Цяпер абаронцам можа быць адвакат ці прадстаўнік грамадскасці, але мусіць быць зарэгістраваная арганізацыя — БХК, да слова, мае рэгістрацыю, і гэта дазваляе абараняць інтарэсы людзей у судзе.

Пра настойлівасць і ўпартасць

Мы прагульваемся па Маладзечна і Аляксей Хвосцік згадвае пра шумныя дні 1990-ых, калі ў горадзе віравала палітычнае жыццё, ладзіліся мітынгі ды сходы. Цяпер нічога падобнага і блізка няма.

Многа ўзгадак пра Генадзя Карпенку, які быў дэпутатам Вярхоўнага Савета 12-га і 13-га склікання, намеснікам старшыні Вярхоўнага Савета, а з 1991 па 1994 год працаваў на пасадзе старшыні Маладзечанскага гарвыканкама.

Каля суда ў Маладзечна Аляксей Хвосцік расказвае дзве цікавыя справы са сваёй практыкі.

Першая гісторыя пачатку 2000-х гадоў. Ёсць у Астраўцы вядомы актывіст Іван Крук. У тым рэгіёне ў жанчыны ў вёсцы скралі залатыя ўпрыгожванні. Міліцыянты знайшлі чалавека, які толькі вызваліўся з турмы — завезлі яго ў лес, распранулі ды прывязалі да дрэва. Гэта было ў лютым. Сказалі бедалагу: “Думай!”. Але ён неяк выкруціўся ды ўцёк. Схаваўся ў доме сваёй сястры. Потым гэты чалавек дабраўся да Крука, і той паўсюль напісаў заявы пра гэты інцэдэнт. А начальнік Астравецкага РАУС Кобрынец звярнуўся ў суд з пазовам аб абароне гонару і годнасці. Раённы суд двойчы выносіў рашэнні аб задавальненні пазову міліцэйскага начальніка, і двойчы яны адмяняліся калегіяй па грамадзянскіх справах Гродзенскага абласнога суда. У выніку Кобрынцу ў пазове было адмоўлена, і ён быў пераведзены ў іншы раён, а кіраўнікі Астравецкага РАУС панеслі пакаранне.

Другая справа цягнулася больш за тры гады. З мэблевай фабрыкі звольнілі жанчыну, – яна працавала столярам. Жанчына была актыўнай і на розных сходах выступала супраць кіраўніцтва. Ёй зрабілі пазачарговую медкамісію і напісалі дыягназ “гіпертэнзія”. Там усё было на мяжы дазволенага. Жанчына прайшла шмат медкамісій, мы прайшлі і Вярхоўны Суд. Рукі ўжо можна было апусціць. Але яна прыйшла на сустрэчу са старшынём ВС Сукалам, мы напісалі наглядную скаргу ў генпракуратуру. І гэта спрацавала! Пратэст разгледзеў прэзідыўм Мінскага абласнога суда і аднавіў яе на працы. Ад звальнення прайшло больш за тры гады, і за гэты час абавязалі прадпрыемства сплаціць грошы як за вымушаны прагул, кампенсаваць маральныя страты, судовыя пошліны — у суме каля дзесяці тысяч долараў. Жанчына дапрацавала спакойна да пенсіі, больш яе ніхто не турбаваў, канешне.

Судовыя справы патрабуюць ведання законаў і руплівасці. Калі я бачу юрыста, які не звяраецца з кодэксамі, а ўсё па памяці робіць, то не надта давяраю такому чалавеку.

Я многа працаваў на вайсковых прадпрыемствах. І прыйшоў да высновы, як нешта робіш, напрыклад, пішаш дакумент, то трэба пару дзён пачакаць-падумаць, а потым зноў да яго вярнуцца ды падкарэктаваць. Тады вынік будзе добры. Сумленнае і ахайнае стаўленне да працы мусіць быць”, — дзеліцца сваімі правіламі спадар Аляксей.

Ён дадае, што без працы праваабаронцы не сядзяць. Аднаму дапаможаш, потым яго знаёмыя звяртаюцца.

Галоўнае ў жыцці — гэта…

А затым вядзе да былога будынка КДБ Маладзечанскай вобласці, а цяпер Маладзечанскага музычнага каледжа імя. М. К. Агінскага. У гэтым каледжы спадар Хвосцік выкладаў юным музыкам асновы права.

— Нас у школе вучылі, што гісторыя пачынаецца з 1917 года. Але Беларусь — гэта дзяржава з вялікай гісторыяй, прававой культурай. Пайшлі б за прыбалтамі ў 1990-ыя, і ўсё было б нармальна. А так… Я сваім вучням даводзіў, што крыніца ўлады — народ. І як ён захоча, такой і будзе яго дзяржава. Ёсць такая маленькая кніжачка — Канстытуцыя, але яе мала хто не чытае…

Артыкул 3 Канстытуцыі Беларусі: “Адзінай крыніцай дзяржаўнай улады і носьбітам суверэнітэту ў Рэспубліцы Беларусь з'яўляецца народ”.

Усе мусяць быць роўнымі перад законам. Калі гэта выконваецца, то ў дзяржаве ўсталёўваецца парадак. Калі некаму дазволена больш, то пачынаюцца перакосы. Карупцыя, няроўнасць і гэтак далей.

Нармальная, харошая моладзь цяпер! Я знаходзіў агульную мову са студэнтамі ў музвучэльні. Пытаўся ў іх што ў жыцці галоўнае? Пачыналі разважаць пра любоў ды іншые. Кажу ім: здароўе галоўнае!!!

Потым — мы ж не ў лесе жывём, а ў грамадстве — законы і правілы. Цяпер свет глабальны, то для вас будзе карысным ведаць замежныя мовы. А чацвёртае — ужо вашая профільная дысцыпліна. Пагаджаліся са мною, — смяецца Аляксей Хвосцік, — ды пачыналі пісаць канспекты.

“Я не імкнуся сябе папулярызаваць. Сціпла і сумленна працую, вось і ўсё, — адказвае Аляксей Хвосцік на пытанне пра патрэбы ў славе і вядомасці. — А шчасце? Ведаеце, шчасце — гэта проста. Быць патрэбным іншым людзям, мець працу ды сталы занятак”.

Вольга Хвоін