Алесь Капуцкі: Караткевіч моцна паўплываў
на мой светапогляд

Праваабаронца з Маладзечна Алесь Капуцкі

“Мы былі рамантыкамі”, — гэтыя словы трапна характарызуюць не толькі майго суразмоўцу — праваабаронцу з Маладзечна Алеся Капуцкага, але і, бадай што, усё пакаленне, якое напрыканцы 1980-х — пачатку 1990-ых палымяна працавала над станаўленнем суверэннай Беларусі.

Размовы з праваабаронцамі цікавыя тым, што цяжка прадказаць з якога “папярэдняга жыцця”, з якой адукацыяй чалавек прыйшоў у гэтую сферу. Алесь Капуцкі рос звычайным савецкім хлопчыкам. І, можа б, жыццёвы шлях яго быў больш прадказальным ды стандартнам, калі б не патрапіўся школьніку ў рукі раман “Каласы пад сярпом тваім” Уладзіміра Караткевіча. А тут яшчэ дзед і бабуля ў вёсцы жылі, дзе панавала амаль літаратурная беларуская мова. Так у Алеся пачалі ўзнікаць першыя пытанні наконт самавызначэння:

— Стрыечны брат жыў у Мінску і ў старэйшых класах падчас сутрэч мы часта гаварылі пра беларускасць, пра гісторыю.

Раман Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім” мяне вельмі ўразіў, я некалькі разоў пасля перачытваў яго.

Пытанняў і размоў па тэме станавілася больш. Да слова, у школе ў нас не было прадмета “беларуская мова” і я засвойваў яе самастойна. Яшчэ ў 1983 годзе, будучы студэнтам, мне з братам давялося пабываць на паседжанні “Беларускай майстроўні” ў Палацы прафсаюзаў у Мінску. У нацыянальна-вызваленчы рух я патрапіў у 1987 годзе. На той момант я быў ужо свядомым беларусам. Неяк брат параіў мне кнігу маладзечанскага краязнаўцы Генадзя Каханоўскага “Адчыніся таямніца часу”. Затым было знаёмства з аўтарам. Спадар Каханоўскі пазнаёміў нас з Міхасём Казлоўскім, які яшчэ ў пачатку 80-х стварыў у Маладзечне “Беларускую хатку”. На яе базе мы і стварылі моладзевую суполку “Крывіч”, якая затым увайшла ў “Канфедэрацыю беларускіх суполак”. Вось так яно і закруцілася.

Бурлівыя часы

Пасля заканчэння Беларускага тэхналагічнага інстытута Алесь Капуцкі недзе пяць год адпрацаваў па інжынернай спецыяльнасці. А потым, у пачатку 1990-ых, дзякуючы Генадзю Карпенку патрапіў ў Маладзечанскі гарвыканкам ды фактычна стаў бюракратычным работнікам.

— Мне прапанавалі вакансію ў арганізацыйным аддзеле маладзечанскага выканкама, і з 1991 да 1997 года я там працаваў, пасады назывался “інстурктар гарсавета” , “кансультант”. Калі сышоў Генадзь Карпенка, мяне таксама праз нейкі час скарацілі. Гэта была цікавая праца: я прымаў удзел у падрыхтоўцы сесій гарсавета, прысутнічаў на розных мерапрыемствах, меў магчымасць выказваць свае думкі. Разам з тым браў актыўны ўдзел у грамадскім жыцці: мітынгі таго часу, грамадскія сходы, — усё было з маім удзелам. Цяпер у будынку, дзе мы працавалі, знаходзіцца Упраўленне працы, занятасці і сацыяльнай абароны райвыканкама.

Параўноўваючы сённяшні час з 1990-ымі, Капуцкі прыходзіць да высновы, што адданасці светлым ідэалам у людзей стала менш:

— Моладзь цяпер больш меркантыльная: адукацыя, праца, грошы. Многія заклапочаныя выжываннем.

Мне часам здаецца, што эканамічныя праблемы ўлады адмыслова ствараюць, каб людзі не мелі магчымасці думаць пра нешта іншае, апроч штодзённага хлеба.

Напрыканцы 80-х у нас была мара збудаваць незалежную Беларусь. Але нават уявіць не маглі, што СССР перастане існаваць, што будуць такія падзеі. Так, я — рамантык. Але, скажыце, хто ў тым жа 1990-ым годзе быў упэўнены, што ў нас нешта атрымаецца?

Алесь Капуцкі браў удзел у многіх гістарычных падзеях таго часу. Напрыклад, меў дачыненне да аргкамітэта БНФ у Чырвоным касцёле 19 кастрычніка 1991 года.

“Жыццё тут, канешне, бурліла. На гарадскім стадыёне, а потым у цэнтры, дзе кінатэатр “Радзіма”, мітынгі праходзілі. Потым да дажынак кінатэатр адрамантавалі, і стаў ён называцца “Родина”, — прыгадвае аксакал дэмакратычнага руху падзеі ў Маладзечне 20-гадовай даўніны.

Вядомая і маладзечанская эпапея супрацьстаяння дэмакратычнай супольнасці і ўладаў, калі, рыхтуючы горад да “Дажынак”, прыбралі з цэнтра помнік “Пакутнікам за волю і незалежнасць Беларусі”. “Баданні” з выканкамам плёну не прынеслі і помнік паставілі ў парку.

Капуцкі мяркуе, што цяперашнія ўлады Маладзечна зусім абыякавыя да просьбаў гараджан:
— Вось глядзіце, гэта — зруйнаваныя могілкі. Тут быў пахаваны мой прадзед, якога ў першую сусветную забіла снарадам на падворку разам з сынам, — паказвае Алесь невялікі скверык з маленькай каплічкаю. — Я помню гэтыя могілкі яшчэ ў 1970-ыя. Потым улады іх зраўнялі з зямлёй, не перапахавалі магілы, а проста засыпалі. Здаецца, у 1989 годзе мясцовая дэмакратычная супольнасць, і я ў гэтым удзельнічаў, пабудавала тут капліцу. Тады дырэктар керамічнага заводу ў Радашковічах выдзеліў цэглу для будоўлі, а некалькі чалавек склалі капліцу. У 1991-ым годзе тут жа быў першы малебен нашай грэка-каталіцкай царквы. Колькі не прасілі гарадскія ўлады зрабіць хаця б агароджу — ніякай рэакцыі. Так і гуляюць тут дзеці ў футбол…

Былі часы…

Алесь Капуцкі заняты ў праваабарончай дзейнасці разам з юрыстам Аляксеем Хвосцікам. Распавядаюць, што людзі часта звяртаюцца па справах, звязаных з працоўным закандаўствам, многа пытанняў наконт будаўніцтва АЭС у Астраўцы. Новая праблема — будаўніцтва свінакомплексаў побач з горадам, што, натуральна, выклікае незадаволенасць у людзей.

Алесь прыгадвае, як у 2000-ым годзе супраць яго завялі адміністрацыйную справу за налепкі кампаніі “Байкот”. Абскарджваючы адміністрацыйны штраф, Капуцкі дайшоў да Камітэта па правах чалвека ААН. І ў выніку ўлады ў адказ на рэзалюцыю КПЧ ААН вярнулі яму грошы, сплачаныя ў выглядзе штрафу.

“Цяпер такога, канешне, няма. Улады проста не раэгуюць на рашэнні КПЧ ААН. На жаль, з пачатку 1990-ых справы ў нас з году ў год пагаршаюцца: правы чалавека парушаюцца, улада ўсё больш закрываецца ад людзей, сілавыя структуры займаюцца татальным пераследам іншадумцаў. Усё ў нашым жыцці змянілася з прыходам самі ведаеце каго”, — гаворыць Капуцкі.

А скаўтаў былых не бывае

Глядзім фотаздымкі з альбому — нямала картак з велапаходаў, ля вогнішча, у кампаніі скаўтаў.

“Ёсць ровар, часам раблю вылазкі. У нас ёсць турыстычны клуб “Пілігрым”, вось запрасілі ў маі ў паход. Калі атрымаецца, паеду,” — гаворыць Алесь.

У школе некалі займаўся грэка-рымскай барацьбой, потым — скаўнтынгам.
А былых скаўтаў, як кажуць, не бывае.

Што нас трымае

Мара пра незалежную Беларусь прывяла Алеся Капуцкага ў дэмакратычны рух, а пасля і ў праваабарончую дзейнасць.

“Але мэты сваёй мы пакуль не дасягнулі. Беларусь не стала незалежнай у тым сэнсе, як мы гэта бачылі”, — адзначае ён.

Цікава, што за гэтымі словамі не чутно адчаю і вялікага расчаравання.

Алесь з катэгорыі людзей, якія моцна павязаныя са сваімі ідэаламі ды трымаюцца думкі, што кожны маленькі крок вядзе да вялікай мэты.

Магчыма, на гэта не ў апошнюю чаргу ўплывае яго вера.

Алесь — практыкуючы вернік, то бок бярэ актыўны ўдзел у жыцці царквы. Відавочна, у гэтым ён знайшоў патрэбны якар, што трымае чалавека ў рэчаіснасці.

“Мая сям’я была звычайная, савецкая. Я прыйшоў да Бога ўжо ў сталым узросце. Раней цікавіўся рознымі ўсходнімі філасофіямі, быў у пошуку. І ўрэшце знайшоў свой арыентыр. Спавядаю хрысціянства паводле грэка-катліцкага абраду. Вера — гэта доўгі працэс і шлях”, — распавядае пра асабістае Алесь.

Часам праваабаронца ходзіць у пілігрымкі. Паводле яго слоў, пілігрымка дае моцны духоўны зарад, які трывае некаторы час. Гэта час, праведзены з аднадумцамі і ў думках пра духоўны бок жыцця.

У маладзечанскага праваабаронцы трое дзяцей. Старэйшаму сыну хутка будзе 12 год.

— Мяне дзеці разумеюць. Старэйшы сын нядаўна ўбачыў налепку з Пагоняй і пачаў прасіць, каб наклеціь на дзённік. Сын сябе лічыць літвінам. Некалі я з ім гаварыў на гэтую тэму, — не без задавальнення гаворыць Алесь.

Алесь распавядае пра сваё жыццё, сяброў, якія не адвярнуліся ад нязручнага ўладам актывіста, паказвае рамонтныя работы, якімі цяпер уласнаручна займаецца ў доме ды заўважае, што ніколі не гнаўся за матэрыяльнымі каштоўнасцямі.

“Мне дастакова таго, што маю”.

Вольга Хвоін