Аляксей Колчын: "Беларусы не дастаткова адказна ставяцца да сваёй дзяржавы. Ёсць пэўны брак грамадскай сталасці"

Нешматслоўны кіраўнік Магілёўскай філіі Праваабарончага цэнтру “Вясна” Аляксей Колчын задумваўся пра эміграцыю, але абраў для сябе жыццё ў дзяржаве, дзе людзі яго прафесіі, лішнія і непажаданыя для ўладаў.

Аляксей Колчын пачынаў працаваць у арганізацыі як валанцёр. У 1998 годзе, калі ў рэгіёнах актыўна ствараліся філіі “Вясны”, яму прапанавалі ўзначаліць абласное аддзяленне. З таго часу Аляксей кіруе магілёўскай філіяй. “Адказваю тут за забеспячэнне жыццядзейнасці арганізацыі, а юрыдычную частку вядзе спадар Бухель”, — акрэслівае свае задачы праваабаронца.

Аляксей нарадзіўся ва Украіне, потым яго сям’я пераехала ў Беларусь, якая і стала Радзімаю.

У познесавецкія часы я б не знайшоў нейкіх адрозненняў паміж украінцамі і беларусамі. А за часы перабудовы, калі кожны народ пачаў рухацца ў сваім кірунку, нацыянальныя адметнасці сталі відавочныя.

Украінцы цяпер выглядаюць больш арганізаванай, актыўнай, разняволенай нацыяй. А беларусы гэта — славянскія немцы, як трапна заўважыў украінскі пісьменнік Аляксандр Ірванец. Трэба пагадзіцца, што беларусы любяць ва ўсім парадак, і гэта не загана. Заганай ёсць тое, што занадта паважаюць і слухаюць улады. Было б няблага, каб людзі ставіліся да тых, хто імі кіруе, больш крытычна”, — разважае Аляксей пра краіны і людзей, з якімі яго зводзіла жыццё.

Аляксей распавёў, што перадумовай, якая прывяла яго ў апазіцыйны рух, а затым і ў праваабарончую дзейнасць, была цікаўнасць да пытання мовы, нацыянальнага самавызначэння. У Беларусі для разважанняў і роздумаў на гэтую тэму нагодаў асабліва многа.

“Я высветліў, што ці не адзіныя, хто тады пра гэта гаварыў, быў Беларускі народны фронт. Я і цяпер з’яўляюся сябрам БНФ, але актыўнага ўдзелу ў дзейнасці партыі ўжо не прымаю”, — гаворыць Колчын.

Дзень Канстытуцыі 15.03.1997 года ў Магілёве. Аляксей Колчын другі злева

Дарэчы, Аляксей Колчын, як і Барыс Бухель, скончыў Магілёўскі машынабудаўнічы інстытут, у народзе - “машынка”.

Аляксей Колчын і Барыс Бухель каля Магілёўскага машынабудаўнічага інстытуту (цяпер гэта Беларуска-Расійскі ўніверсітэт)

Ад валанцёра да кіраўніка філіі

Пэўны час Аляксей супрацоўнічаў з “Вясной” на грамадскіх пачатках як актывіст недзяржаўнай арганізацыі. Паралельна працаваў на хімкамбінаце інжынерам-электрыкам, тэхнолагам.

“Але гэта ўсё ж не тая сфера дзейнасці, якая мне цікавая. Пакуль сыходзіць з праваaбароны я не збіраюся, але думаю, што калі і будуць нейкія змены, то яны будуць звязаныя з гуманітарнай дзейнасцю. Гэта мне бліжэй. З гэтых жа меркаванняў я скончыў магістратуру ЕГУ на аддзяленні паліталогіі”, — гаворыць Аляксей.

Нелегальны статус “Вясны”, канешне, накладае адбітак на працу і жыццё. Напрыклад, гэта не дае нагоды пахваліцца сваім заняткам у коле незаангажаваных людзей. Для наведвальнікаў трэба тлумачыць, што офіс гэта — прыватная кватэра, прыходзяць яны “ў госці”.

Бываюць, канешне, выпадкі, калі, напрыклад, сустракаемся з далёкімі сваякамі і ім прасцей сказаць, што я па-ранейшаму прадпрымальнік і гандлюю запчасткамі. Так прасцей, чым тлумачыць усё ад пачатку.

Але ў цэлым я не раблю таямніцы з гэтага. Людзі ж таксама разумеюць агульную сітуацыю ў краіне”, — распавядае праваабаронца пра асаблівасці працы ў беларускіх рэаліях.

У магілёўскі офіс “Вясны”, па словах яго супрацоўнікаў, штодня звяртаюцца людзі. Вядома, значная частка кліентаў, гэта — сябры палітычных партый, грамадскія актывісты. Яны ўсе ведаюць пра “Вясну” і абазнаныя, куды ісці. Новыя людзі даведваюцца праз сваіх знаёмых, інтэрнэт. Вялікую ролю грае такі факт, што другі супрацоўнік офіса — Барыс Леанідавіч Бухель — вядомы ў горадзе юрыст і праваабаронца.

Апроч палітычнага пераследу за грамадскую дзейнасць, у праваабаронцаў даволі многа спраў, звязаных з працоўнымі спрэчкамі, жыллёвымі пытаннямі.

Вось, напрыклад, свежая справа: людзі жывуць у старых дамах, якія некалі былі інтэрнатамі. І гэтая зямля стала патрэбная гарадскім уладам. Яны вырашылі, што раз некалі гэта былі інтэрнаты, то людзей можна выселіць. Цяпер ідуць суды з аблвыканкамам і БТІ, людзі даказваюць, што гэта кватэры. Гэта вельмі сур’ёзна, бо над людзьмі рэальная пагроза апынуцца на вуліцы.

Увогуле стан правоў чалавека ў краіне наглядна быў паказаны на ўскрайку горада ў скверы каля завода. Там знаходзіцца сцэна, дзе дазволена праводзіць масавыя мерапрыемствы грамадзянам падчас выбараў. Для іншых выпадкаў ёсць іншая пастаянная “рэзервацыя”.
Месца аддаленае і агульнай сваёй атмасферай паказвае, у якія часы мы жывём.

Падарожжы ў магічнае месца

Аляксей Колчын — аматар актыўнага адпачынку. Абірае папулярныя цяпер вандроўкі на ровары.

“Горад не надта прыстасаваны для роварыстаў. І я рэгулярна раблю аднадзённыя вандроўкі на даволі вялікія адлегласці. Штогод бываю ў магічным месцы ў Бялыніцкім раёне”, — гаворыць Аляксей.

Згаданае магічнае месца знаходзіцца паблізу вёскі Заазер’е ў Бялыніцкім раёне — у лесе стаіць вялікі крыж, раскіданыя камяні. Знаўцы старадаўняй культуры мяркуюць, што гэта ландшафтна-абрадавы комплекс, прысвечаны багіні Маране-Мажане. Яму тысяча гадоў. У цудадзейнасць мясціны некаторыя вераць і сёння. Тут пакідаюць абярэгі, прыносяць ахвяры, просяць дапамогі і знаходзяць супакой у цішы.

Распавёў Аляксей і пра свой першы выезд за межы Беларусі. У 2000-ым годзе ён упершыню паехаў на Захад, гэта была Швецыя:

“Помню свае ўражанні па вяртанні на Радзіму. Так супала, што з Мінска мы ехалі ў Магілёў ў аўтобусе ЛАЗ – рарытэтны цяпер экзэмпляр. Неяк усё наклалася адно на адно, уражанні і аграмадная розніца паміж арганізацыяй жыцця ў нашых краінах… Па вяртанні я, хіба, тыдзень быў у дэпрэсіі ад убачанага кантрасту”.

Магілёўскі аблвыканкам. Мінчукі называюць яго “Дом ураду”, мясцовыя – “дом Саветаў”. Так лёгка вызначыць у размове, што чалавек прыехаў з Мінску

Аляксей прызнаецца, што раней задумваўся пра магчымасці для эміграцыі. Але вырашыў, што з’едзе з краіны толькі ў выпадку сапраўды сур’ёзнай небяспекі для сям’і.

“Праўда, у сувязі з падзеямі ва Украіне я шматкроць думаў, што б я рабіў, калі б узнікла ўмоўная “Магілёўская народная рэспубліка”? На жаль, цалкам выключыць такое развіццё падзеяў нельга. Беларусы не дастаткова адказна ставяцца да сваёй дзяржавы. Ёсць пэўны брак грамадскай сталасці”,— разважае суразмоўца...

— Для мяне важна свабода. Гэта — магчымасць займацца тым, чым хочаш і што абіраеш сам. Магчымасць знаходзіць водгук у грамадстве на сваю дзейнасць, бачыць ад яе карысць, — разважае Аляксей пра каштоўнасці свае і розных пакаленняў.

— Я думаю, што сучасная моладзь куды больша адкрытая, чым маё пакаленне. Яны ездзяць па свеце, ведаюць мовы, больш ведаюць пра навакольны свет. І, можа быць, старэйшае пакаленне нешта ўпускае і не знаходзіць ключ да людзей, раз цяпер у грамадскія рухі моладзі прыходзіць не так многа са светлымі ідэаламі і вераю ў тое, што яны рэальная сіла, якая аднойчы будзе кіраваць дзяржаваю. Раней на вулічныя акцыі прыходзіла многа людзей, а цяпер —мала хто гэтым цікавіцца. Каб павялічваць колькасць заангажваных асобаў, трэба праводзіць палітычную працу. А гэта ўжо пытанне не да мяне.

Аляксей Колчын з сям’ёй. “Дачка Дар’я такая ж нешматслоўная як і я. Але, калі мы гаворым з ёй пра светаўспрыманне, то сур’ёзных разыходжанняў я не бачу”
Вольга Хвоін