Аляксей і Святлана Лапіцкія: «Калі тылы надзейныя, то перашкоды ў нашай дзейнасці ўспрымаеш нармальна»

Аляксей і Святлана Лапіцкія ствараюць ядро Жодзінскага аддзялення Праваабарончага цэнтра «Вясна». Як прайсці праз шматлікія выпрабаванні і нават запалохванні з-за сваёй дзейнасці і захаваць моцную сям’ю?

Уцёкі з Гомеля

Аляксей і Святлана Лапіцкія выраслі ў Гомелі і пазнаёміліся падчас студэнцтва ў кампаніі агульных сяброў. Святлана вучылася ў Гомельскім палітэхнічным тэкнікуме і займалася легкай атлетыкай (скокала ў даўжыню і бегала на кароткія дыстанцыі). Аляксей навучаўся ў Беларускім інстытуце інжынераў чыгуначнага транспарту і дагуляўся да кандадата ў майстры спорту па настольным тэнісе.

Святлана Лапіцкая ў дзяцінстве
Аляксей Лапіцкі на экзамене ў ВНУ

– Ажаніцца вырашылі напрыканцы навучання. Нас чакала размеркаванне, і мы вельмі баяліся, што прыйдзецца раз’ехацца. Ніхто нават не ведаў, што мы падалі заяву, – узгадвае Святлана.

У 1985 годзе ў маладой сям’і нарадзіўся першы сын. Праз паўгады выбухнуў Чарнобыль, і Лапіцкім, як і многім гамельчукам, прыйшлося сутыкнуцца з мноствам праблем.

– Мы жылі ў 15 хвілінах язды ад Веткі, якую ў будучыні чакала адсяленне. Праз тыдзень пасля Чарнобылю ў гомельскіх крамах было напісана, што малако можна ўжываць толькі дарослым…

Сваякі Аляксея з Пецярбурга ведалі больш за нас і на лета запрасілі да сябе. На вакзале ў Піцеры прыезджых з Беларусі праводзілі праз спецыяльныя рамкі, і мы проста звінелі… Пайшлі на абследванне – сказалі, каб на працягу 10 гадоў дзяцей больш не заводзілі. Таму ў нашых сыноў такая розніца ва ўзросце. І яшчэ адну рэкамендацыю нам далі – з’ехаць з Гомеля, – працягвае расповед Святлана.

Калі праз некалькі гадоў ў сына Лапіцкіх ледзь не штораніцу стала ісці носам кроў, яны актывізавалі пошукі новага месца жыхарства. Разумелі, што прыйдзецца зрабіць некалькі крокаў назад у плане дабрабыту, але жыць ва ўмовах псіхалагічнага дыскамфорту стала больш невыносна.

Спачатку разглядалі варыянт літоўскай Клайпеды, але ў рэшце рэшт спыніліся на Смалявічах, дзе ў мясцовай ПМК Аляксею, інжынеру-будаўніку шляхоў зносін, прапанавалі працу і абяцалі дапамогу ў пабудове ўласнага дома.

Як станавіліся праваабаронцамі

Час праведзены ў Смалявічах не апраўдаў надзей маладой сям’і. Службовае жыллё, прадастаўленае ПМК, аказалася фактычна баракам з ДСП. Але галоўным было нават не гэта. Аляксей заключыў з ПМК дамову на пабудову дома, заплаціў грошы, а ў выніку мог застацца ўвогуле ні з чым. У краіне пачаліся інфляцыйныя працэсы, арганізацыя пачала валіцца, і толькі дзякуючы настойлівасці Аляксея грошы ўдалося вярнуць з улікам індэксацыі. Судзіцца прыйшлося некалькі гадоў. Тады і пачаўся шлях Аляксея Лапіцкага ў накірунку праваабарончай дзейнасці.

– Каб не наймаць адваката, прыйшлося самому ўнікнуць ва ўсе юрыдычныя тонкасці і вывучыць нашую судовую сістэму, – адзначае Аляксей.

Правёўшы чатыры гады ў Смалявічах, Лапіцкія пераехалі ў Жодзіна: змаглі нарэшце абмяняць бацькоўскую кватэру ў Гомелі. Там сям’і прыйшлося зноў уключыцца ў барацьбу за свае правы. Дакладней за правы малодшага сына. Пасля рэферэндума-1995 яго, як і астатніх дзяцей, сталі пераводзіць у школе на навучанне на рускай мове.

– Калі сын пайшоў ў школу, мы сталі вывучаць беларускую мову разам з ім. Я вучыў яе ўвогуле з нуля. Мы цалкам падтрымлівалі незалежнасць Беларусі. І тут здарылася такое…
Я ўзняў у школе пытанне, што мы хочам працягнуць навучанне па-беларуску. Клас майго сына падзяліўся. Пры мне настаўніца папрасіла вучняў, якія хочуць і надалей вучыцца па-беларуску, падняцца. Калі адной дзяўчынцы, якая ўстала, настаўніца паведаміла, што яе бацькі напісалі заяву на рускую, тая кінулася ў слёзы. Вельмі балюча ўсё гэта было назіраць, – узгадвае Аляксей Лапіцкі.

Святлана Лапіцкая з старэйшым сынам Янкам (у цэнтры), каней 90-х гадоў

Шмат гадоў Аляксею і Святлане прыйшлося змагацца за тое, каб малодшы сын змог вучыцца ў беларускамоўным класе. Старэйшы сын таксама падтрымліваў у гэтым бацькоў і нават папрасіў змяніць яго імя з Аляксея на Алеся, што і было афіцыйна зафіксавана.

З сынамі Алесем і Янкам

Стрэлы па офісе

Святлане і Аляксею Лапіцкім ў 90-я гады прыйшлося папрацаваць ў розных месцах, каб забяспечыць дабрабыт у сям’і. Аляксей стаў прадпрымальнікам і зразумеў, што свае здольнасці можа скарыстоўваць не толькі на карысць сям’і, але і грамадства.

– Я бачыў шмат праблем, якія перашкаджалі нашай краіне развівацца. І бачыў, што людзі, з якімі я ездзіў з Жодзіна на масавыя акцыі, не ведаюць, як можна дабівацца рэальных зменаў. Таму вырашыў, што асабіста павінен развіваць у Жодзіна грамадскую супольнасць, якой фактычна не было. У 1997 годзе мы з моладдзю пачалі думаць, як утвараць грамадскія арганізацыі, – тлумачыць Аляксей.

З яго падачы ў горадзе ўзнік грамадскі цэнтр «Ліцвіны», а затым была створана моцнае аддзяленне ТБМ, якое складалася з трох суполак. У 2000 годзе Аляксей Лапіцкі прыйшоў у Праваабарончы цэнтр «Вясна».

Сёння жодзінская суполка займаецца абаронай правоў чалавека, кансультацыямі па працоўным заканадаўстве, назіраннем за выбарамі, асветай і інфармаваннем мясцовых жыхароў.

Аляксей Лапіцкі на Маршы свабоды-2000

Перамог было нямала. Да прыкладу, у свой час праваабаронцы змаглі выйграць некалькі судовых справаў, абараняючы моладзь, якую на акцыях затрымлівалі за распаўсюд друкаваных матэрыялаў і газет. Дабіліся ўцяплення аднага з шматпавярховых дамоў, чым кардынальнага змянілі стаўленне да сябе мясцовых жыхароў. Аляксею Лапіцкаму нават удалося выйграць справу супраць пракурора горада. Той абразіўся, калі падчас нарады праваабаронца запатрабаваў у яго выконваць закон, і падаў у суд. Падчас працэсу Аляксей Лапіцкі прывёў доказы, што межаў прыстойнасці ён не парушаў.

Святалана Лапіцкая з дзецьмі на мітынгу, канец 90-х

За сваю актыўную пазіцыю сям’і Лапіцкіх прыйшлося сутыкнуцца з уціскам і запалохваннямі. Самую жорсткую атаку яны перанеслі, калі канчаткова змаглі адстаяць права сына навучацца па-беларуску. Пасля выхаду ў «Народнай Волі» артыкула пра іх перамогу, на жодзінскі офіс вясноўцаў пачаліся напады. Двойчы па вокнах кідалі фарбай, а на трэці раз прастрэлілі шкло ў шасці месцах – менавіта там, дзе звычайна працуе Аляксей. Крымінальная справа была распачата, але злачынцаў не знайшлі і па сёння.

Правабаронцы не выключаюць, што напады здзяйснялі падкантрольныя ўладам радыкальныя групоўкі.

Яшчэ Аляксей узгадвае красамоўную сітуацыю, якая шмат што сведчыць пра закон у нашай краіне. У 2011 годзе яго асудзілі на 5 сутак за удзел ў маўклівай акцыі пратэсту ў Жодзіна, хоць праваабаронца ўсяго толькі назіраў за ёю. У хуткім часе ля офіса «Вясны» на сападара Аляксея напаў з нажом нецвярозы мясцовы жыхар. За гэта яго асудзілі… да штрафа ў 10 базавых вялічынь.

– Абедзве справы вяла адна і тая ж суддзя, з якой мне пасля ўдалося пагаварыць сам на сам. Кажу ёй: вось паглядзіце – 5 сутак вы мне далі ні за што. А тут напад з халоднай зброяй – і вы яму выпісалі штраф. Гэта што – справядлівы беларускі суд? Задумайцеся! – распавядае Аляксей Лапіцкі.

Рэцэпт сямейнага шчасця

Шлюб Святланы і Аляксея Лапіцкіх налічвае ўжо 32 гады. Рэцэпт сямейнага шчасця Святлана тлумачыць так:

– Галоўнае, гэта чуць адзін аднаго. У нас шмат сям’яў, дзе людзі не размаўляюць, не чуюць адзін аднаго, а проста накапліваюць незадаволенасць, якая потым, у рэшце рэшт, выліваецца ў канфлікты. Нельга гэтага дапускаць.

Спадар Аляксей распавядае:

– Вельмі прыемна і камфортна адчуваць, што блізкі табе чалавек цалкам падзяляе твае думкі, і для яго сапраўды важна тое, чым ты займаешся. Мы кахаем адзін аднаго, мы – адно цэлае. Некаторыя вось піляць мужоў – грошы давай, дабрабыт утварай. А я бачыў, як Святалана перажывала, калі я сядзеў на тых пяці сутках. Не ведаю, што б з ёю было, каб на болей пасадзілі. Калі тылы цалкам надзейныя, то перашкоды ў нашай дзейнасці ўспрымаеш нармальна.

Лапіцкія выхавалі двух сыноў, якія жывуць у Мінску і займаюцца праграмаваннем. Але шчаслівыя яны не толькі ў сямейным жыцці.

– Калісьці ў мяне на семінары напаўжартам запыталі: назавіце якасці на літару, з якой пачынаецца ваша імя. Гэта літара А. Абаронца! Я абараняю сябе, дзяцей, справядлівасць, грамадства. Адказнасць! То бок пачаць і завяршыць. Зрабіць дасканала і як мага найбольш якасна, наколькі дазваляюць умовы, – дзеліцца сваімі развагамі Аляксей. – Перада мною стаяў выбар – быць праваабаронцам, ці працягваць гандляваць і зарабляць грошы. І я зразумеў, што гэтыя грошы мяне шчаслівым не зробяць.

Нельга жыць у асяроддзі, дзе над табой здзекуюцца, дзе пануе несправядлівасць. Мы павінны забяспечыць нашым дзецям лепшую будучыню.

Руслан Гарбачоў