Алег Мацкевіч: "Праваабарончая дзейнасць зрабілася сэнсам майго жыцця"

Юрыст Праваабарончага цэнтра «Вясна» з Барысава Алег Мацкевіч – пра тое, як ён ледзь не стаў камуністам і не пайшоў працаваць у КДБ, як звальненне з каледжа перавярнула яго жыццё, і за што яму ўдзячны барысаўчане.

Чаму ў старэйшых класах «забіў» на вучобу

– Я ў сям’і вайскоўца нарадзіўся, – пачынае расповед пра свой лёс Алег Мацкевіч. – Бацька – з Заходняй Беларусі, ураджэнец Карэліччыны, дзіця вайны. Маці – руская.
Бацька пазнаёміўся з ёю ва Ульянаўску падчас вучобы ў танкавай вучэльні. Я нарадзіўся ў Южна-Сахалінску, затым, паколькі мы часта пераязджалі, за дзесяць гадоў школы змяніў сем школ. Пажылі мы нават у Манголіі. Узгадваю, я лавіў рыбу ў горнай рэцэ Архон.

Сканчаў школу Алег у Барысаве. Тут бацькі атрымалі жыллё, і горад стаў для яго родным. Забягаючы наперад, трэба абазначыць, што Алег Мацкевіч адбыўся як паспяховы юрыст. Але наўрад ці пра гэта маглі падумаць яго школьныя настаўнікі.

– Бацька на два гады з’ехаў у Афганістан, старэйшы брат пайшоў служыць у войска, і я застаўся з маці, якая не магла даць рады майму выхаванню. Пайшлі кампаніі і вуліца. Хаця не скажу, што гэта было нешта агіднае, тыя сябры засталіся са мною да гэтага часу. Але на вучобу, што называецца, я забіў, – тлумачыць праваабаронца.

Пасля школы Алег Мацкевіч паступіў у вучэльню у Барысаве, дзе засвойваў спецыяльнасць слесара КВПіА (кантрольна вымяральных прыбораў і аўтаматыкі). Ізноў жа вучыўся дрэнна, ледзь атрымаў дыплом. Але перад войскам па прапанове сябра пайшоў з ім у радыёшколу пры ДТСААФ. Новыя веды яго так захапілі, што разам з сябрам ён пайшоў служыць у частку пад Маскву, якая падпарадкоўвалася Камітэту дзяржбяспекі:

– Сёння ўжо можна расказаць, чым мы там займаліся. А займаліся мы радыёперахопам выведвальных і замежных дыпламатычных сетак. Так што служба цікавая была.

У войску сённяшні праваабаронца ледзь не стаў камуністам: яму прапанавалі падаць заяўку на кандыдацтва ў члены партыі.

– Але я адмовіўся, дзякуй Богу. Нешта мне падказала, што не трэба спяшацца з гэтым.

Аднак я ж верыў у светлыя ідэалы сацыялізма, гэта было закладзена з дзяцінства. Разам з тым бачыў фальш сістэмы, – узгадвае Алег Мацкевіч.

Цікаўлюся ў яго, ці не агітавалі маладога чалавека ісці працаваць у КДБ. Аказваецца і такая прапанова была, праўда, ужо пасля войска.

– Пасля вяртання ў Барысаў мне патэлефанавалі і запрасілі падысці да іх на размову. Але я не пайшоў. Зараз я, вядома, сказаў бы ім: ну што вы, мая ідэалагічная платформа, мой светапогляд разыходзяцца з вашым. Але тады у мяне проста-напраста былі іншыя планы, – тлумачыць ён.

На двары стаяў 1987 год. Яшчэ нічога не прадракала таго, што адбудзецца праз чатыры гады, і Алег Мацкевіч планаваў па прыкладу таварышаў атрымаць вышэйшую адукацыю, каб вярнуцца ў войска служыць «пінжаком» – афіцэрам па кантракце.
Аднак вучоба на гістфаку ў мінскім педінстытуце ў Менску кардынальна змяніла яго лёс.

Як ў ім прачнуўся антыкамуніст і носьбіт беларушчыны

– Мае сакурснікі былі ў асноўным вясковымі хлопцамі. Можа гэта гучыць пафасна, але яны з’яўляліся носьбітамі беларушчыны. Пасля знаёмства з імі пачаўся мой шлях да таго, кім я сёння ёсць. Я ў дзяцінстве кожнае лета таксама праводзіў у вёсцы, дзе жылі мае баба з дзедам.

Нейкае зерне беларушчыны ў ва мне сядзела, а калі яго палілі вадой, то яно пачало даваць узыходы, – адзначае Алег Мацкевіч.

На першых курсах ён паставіў перад сабой мэту навучыцца размаўляць па-беларуску. Дзіцяці вайскоўца гэта было вельмі складана. Беларускамоўную газету прыходзілася чытаць са слоўнікам, узгадвае праваабаронца.

Нараджэнне незалежнай Беларусі Алег Мацкевіч, можна сказаць, назіраў з вакна педінстытута.

– Добра памятаю падзеі 1991-га года, калі працоўныя выходзілі на плошчу. У гэтыя моманты мы сканчалі заняткі і разам з выкладчыкамі ішлі слухаць мітынгоўцаў. І яшчэ добра памятаю, як з сябрам расклейваў на сценах інстытута самаробныя ўлеткі супраць камуністычнай улады. Вось тады ўва мне прачнуўся антыкамуніст, – распавядае ён.

Педагагічная кар’ера і яе раптоўнае завяршэнне

Падчас навучання студэнт паспеў першы раз ажаніцца, у 1990-м у яго нарадзілася дачка. Пасля заканчэння ВНУ Алег Мацкевіч разам з сям’ёй прыехаў у Барысаў і ўладкаваўся ў школу настаўнікам. Але на двары былі, як цяпер кажуць, «ліхія» 90-я, і ён хутка зразумеў, што так пракарміць сям’ю яму не ўдасца. Тым больш ад школы маладой сям’і не змаглі прапанаваць нават інтэрната. Настаўнік вымушаны быў заняцца дробным бізнэсам. За гэты ж час ён паспеў атрымаць адукацыю юрыста ў Маскоўскім інстытуце эканомікі і права.

Ужо ў 2001 годзе, хоць і заракаўся не рабіць гэтага, Алег вярнуўся ў настаўнікі. Стаў выкладаць гісторыю і права у вучэльнях №121 і №85 – зараз гэта аб’яднаны Барысаўскі дзяржаўны каледж.

Завяршэнне яго педагагічнай кар’еры пачалося пасля таго, як выкладчык стаў задаваць непрыемныя пытанні адміністрацыі. Напрыклад, чаму пасля рамонту ўсе шыльдачкі на навучальных класах пераклалі з беларускай мовы на рускую. У гэты ж час пазнаёміўся з вядомым актывістам з Барысава Сяргеем Салашам і стаў яму дапамагаць, у тым ліку на парламенцкіх выбарах 2004 года.

– Аб гэтым даведаліся на працы, мяне выклікалі ў адміністрацыю: «Дети сказали, что вы с ними какие-то разговоры антигосударственные ведете». Мне паведамілі, што ў маіх паслугах больш не маюць патрэбы. Я, безумоўна, у шоку быў: апынуўся на вуліцы, не ведаючы, як і чым зарабляць на жыццё. Сумнавата было! – узгадвае праваабаронца.

У Барысаве месцам правядзення масавых мерапрыестваў прызначана закрытая пляцоўка на гарадскім стадыёне. Алег Мацкевіч дабіваецца, каб улады змянілі сваё рашэнне

– А праз нейкі час пазнаёміўся з Марынай Статкевіч, якая кіруе філіяй «Вясны» у Барысаве.

За гэтыя больш чым дзесяць гадоў я, што называецца, прыкіпеў да арганізацыі душой. Гэта і сяброўскія стасункі, і пачуццё локця.

Праваабарончая дзейнасць зрабілася сэнсам майго жыцця.

Параллельна з 2005 года Алег Мацкевіч працуе юрысконсультам у газеце «Барысаўскія навіны».

У рэдакцыі газеты «Барысаўскія навіны»

– Цяпер вось думаю, што калі б тады не выперлі з працы, то, напэўна, хадзіў бы сёння сагнуўшы спіну і выслухоўваў бы бясконцыя прэтэнзіі, як да іншых настаўнікаў. Для людзей, якія маюць хоць крышку сумлення, маюць нейкі гонар, гэта вельмі цяжка, – адзначае ён. – А зараз я займаюся дзейнасцю, якая мне да спадобы, маю сям’ю, на якую можна абаперціся, сяброў і знаёмых, на якіх можна пакласціся.

Алег Мацкевіч – бацька трох дачок, дзве малодшыя яшчэ школьніцы (на фотаздымку)

Перамогі і надзеі

Праваабарончая дзейнасць вымагае шмат сілаў і нерваў. Тая ж перапіска з дзяржаўнымі ўстановамі можа цягнуцца месяцамі, і ніколі няма ўпэўненасці, што яна скончыцца станоўча.

Аднак натхняючыя перамогі перыядычна здараюцца.

Нядаўна вось Алег Мацкевіч атрымаў ад кіраўніцтва Беларускай чыгункі абяцанне змяніць назву прыпынка «Пралетарская Пабеда» на правільную ранейшую «Пралетарская Перамога».

А некалькі гадоў таму ён дабіўся скасавання рашэння Барысаўскага райсавета і вяртання для мясцовых школьнікаў бясплатнага праезду у грамадскім транспарце – да гэтага яны бясплатна ездзілі толькі на вучобу. Многія бацькі асабіста тэлефанавалі праваабаронцу і дзякавалі.

У пэўны перыяд Алег Мацкевіч дамогся нават вяртання на барысаўскія прылаўкі «сацыяльнага» хлеба.

– Гэта зараз усе звыкліся з тым, што кошты растуць. А нейкі час, дзесьці да 2010 года, кошты на хлеб былі стабільнымі. І раптам іх значна павысілі. Мяне самога гэта ўзрушыла: ну як так, гэта ж прадукт першай неабходнасці! Шмат людзей, якія пра маю ініцыятыву даведаліся, падтрымлівалі мяне і мы нешта адыгралі, – узгадвае ён. – Былі і маленькія перамогі. Камусьці дапамог у судзе абараніцца, камусьці дапамог правільна паперу скласці, і гэта паўплывала на рашэнне праблемы.

Непадалёк ад новай адметнасці горада – «Барысаў-Арэны» – Алег Мацкевіч некалькі разоў на тыдзень робіць прабежкі, каб трымаць сябе ў форме

Нягледзячы на ўсё, на будучыню краіны, Алег Мацкевіч глядзіць аптымістычна. І не таму, што складаная сітуацыя ў эканоміцы прымушае людзей крытыкаваць уладу.

– Нядаўна вяртаўся дадому і сустрэў двух аднакласнікаў. Даўно не бачыліся, сталі размаўляць. І што зараз людзей турбуе? Павышэнне коштаў. Што мяне ўразіла: абодва аднакласнікі брудна лаяліся ў адрас самі ведаеце каго. А яшчэ 10 год таму яны казалі: у краіне ўсё файна, нафіг нам твая беларуская мова? Нашто нам твой сцяг – можна пад любым хадзіць! А сёння яны крычаць: гэтая ўлада нам жыць не дае, – распавядае праваабаронца. – Я стаяў і слухаў гэта без эмоцый, бо мне не падабаецца, калі людзі лічаць, што жыццё – гэта паесці, схадзіць на ўнітаз, паглядзець тэлевізар. Жыццё не толькі гэтым вымяраецца. Мой сябра Зміцер Бабіцкі вельмі слушную думку выказаў: законы гравітацыі ніхто не адмяняў.

Беларусь – гэта Еўропа, і гравітацыйны цэнтр для нас знаходзіцца там. Павольна, зігзагамі, вакольнымі шляхамі, але наша краіна, я думаю, рухаецца ў патрэбным накірунку.

Кажу дачкам: так, жыццё ў Беларусі зараз вельмі цяжкае – мала свабоды, мала дэмакратыі, на людзей ціснуць. Можа быць, толькі для пенсіянераў, якія рыхтуюцца да смерці, тут жыццё добрае. Але, вось паглядзіце, пройдзе два-тры дзесяцігоддзі, і жыццё тут будзе лепшае. Мы дасягнем таго ўзроўню, калі зможам параўноўваць яго з Еўропай.

Руслан Гарбачоў