Уладзімір Малей: «Ніколі салдафонам не быў. Наступалі новыя часы і я адчуў сябе патрэбным»

Актывіст Праваабарончага цэнтра «Вясна» з Брэста Уладзімір Малей – пра тое, як пачаць новае жыццё пасля 20 год службы ў войску, стаць грамадскім лідарам і дэпутатам, а таксама прабегчы марафон у сталым веку.

Мінск-Рыга-Пружаны-Слонім-Пружаны-Маларыта-Брэст

Уладзімір Малей нарадзіўся ў 1951 годзе ў Мінску ў сям’і франтавіка. Яго маці і бацька паходзілі з вёскі Бяларучы Лагойскага раёна – той самай, дзе адзін час вучыўся ў школе Янка Купала. Дзве кантузіі і цяжкае захворванне прывялі да таго, што бацька памёр у 49 гадоў.

За некалькі год да смерці бацькі Уладзімір Малей скончыў школу і паступіў у Рыжскую вышэйшую камандна-інжынерную Чырвоназнамённую вучэльню. Як цяпер прызнаецца, хацеў з’ехаць падалей ад сямейнай апекі. Атрымаўшы спецыяльнасць «інжынер-механік па эксплуатацыі лятальных апаратаў і тэхналагічнага абсталявання да іх», Уладзімір Малей быў прызначаны ў Пружанскую ракетную дывізію.

Затым была служба ў Слоніме, зноў у Пружанах, дзе ажаніўся, нарадзіліся дзве дачкі, і напрыканцы ў Маларыце. На пенсію спадар Уладзімір вырашыў выйсці ў 1990 годзе пасля 21 года выслугі ў званні маёра.

– Наш полк ліквідавалі. Мне прапаноўвалі ехаць працягваць службу за Урал. Але я сказаў: не, хлопцы, я беларус, маё месца тут, – узгадвае праваабаронца.

Афіцэру ў хуткім часе выдзелілі кватэру ў Мінску. Але пераязджаць яны з жонкай адмовіліся, абмянялі кватэру на жыллё ў Маларыце. Пенсію па тых часах ён стаў атрымліваць вельмі нядрэнную – 144 савецкія рублі. Толькі сядзець без справы не хацелася. Калі ў Маларыце працы не знайшлося, спадар Уладзімір уладкаваўся на знакаміты «Цветатрон» у Брэсце. Чырвоная імперыя пачала развальвацца, але ён успрыняў гэта без сантыментаў.

– Яшчэ ў войску, напрыканцы 80-х, я пачаў чытаць дэмакратычны «Аганёк». Многія адстаўнікі дагэтуль працягваюць карыстацца такімі выразамі як «так точно!», «никак нет!». А я ніколі салдафонам не быў. «Одна извилина, и то след от фуражки» – гэта не пра мяне, – усміхаецца правабаронца. – Наступалі новыя часы і я адчуў сябе патрэбным.

Сустрэча, якая змяніла жыццё

8 верасня 1992 года Уладзімір Малей знаходзіўся ў камандзіроўцы ў Мінску. Маючы некалькі вольных гадзін, ён прагульваўся каля плошчы Незалежнасці, дзе пабачыў нейкі ўрачысты сход людзей. Гэта была знакамітая прысяга афіцэраў на вернасць незалежнай Беларусі, на якой прысутнічалі Мікалай Статкевіч і Зянон Пазьняк.

Уладзімір Малей заняў месца ў шэрагах афіцэраў і прыняў прысягу. А таксама патрапіў у спісы Беларускага згуртавання вайскоўцаў.

– Вось так я і ўліўся ў дэмакратычны рух, – адзначае праваабаронца. – Даволі хутка мяне паклікалі не толькі ў БЗВ, але і ў БНФ.

Першым адказным крокам Уладзіміра Малея як грамадскага актывіста стала арганізацыя сустрэчы жыхароў Маларыты з Зянона Пазьняком у 1993 годзе.

– У актавай залі мясцовай вучыльні быў аншлаг. Першыя шэрагі заняла наменклатура. Я сядзеў і не верыў сваім вачам – каля мяне месцы занялі Пазьняк, Сямдзянава і Хадыка.
Падчас сустрэчы некалькі чалавек выступілі супраць мяне. Маўляў, як вы афіцэр савецкай арміі пасмелі выступіць супраць рэжыму. Але скончылася ўсё мірна і пазітыўна, – узгадвае Уладзімір Малей.

У хуткім часе пачаўся яго шлях у праваабаронцы.

Ніколі не здавайся

У 1994 годзе спадар Уладзімір арганізаваў на «Цветатроне» суполку Свабоднага прафсаюза Беларускага, які тады ўзначальваў Генадзь Быкаў.

– Я рэгулярна чытаў дэмакратычныя выданні, прыносіў іх рабочым. Калі мы арганізаваліся, нас было ўсяго 13 чалавек. Колькасць сябраў прафсаюза расла вельмі хутка – 50, 100, 300 чалавек. Мы адчулі сваю сілу і звярнуліся ў міністэрства са скаргай на дырэктара. Яго звольнілі, але замест прыслалі яшчэ горшага.

Калі ў нашыя шэрагі перайшло каля 10% рабочых, адміністрацыя ўчыніла разгром арганізацыі, мяне перасталі пускаць на прадпрыемства.

Гэта быў 1996 год, – узгадвае праваабаронца.

Праз два гады мясцовы актывіст Уладзімір Вялічкін прапанаваў яму працаваць разам, і ў Брэсце стала дзейнічаць аддзяленне Праваабарончага цэнтра «Вясна». Уладзімір Малей скончыў Беларускі інстытут правазнаўства і засяродзіўся на праваабарончай дзейнасці, стаў дапамагаць рабочым і актывістам.

У офісе «Вясны» у Брэсце

Трэба адзначыць, што спадар Малей – чалавек вялікай жыццёвай сілы. Пра ўсе непрыемнасці, якія напаткалі яго ў сувязі з праваабарончай дзейнасцю, ён распавядае з гумарам. Да прыкладу, пра адміністрацыйны арышт у пачатку 2000-х праваабаронца ўзгадвае як пра нейкую прыгоду.

– 10 снежня мы праводзілі пікет каля кінатэатра «Беларусь», дзе нагадвалі пра зніклых. Я трымаў партрэт Захаранкі. Прыехаў мясцовы начальнік міліцыі, паведаміў, што акцыя несанкцыянаваная, і загадаў разыходзіцца. Мы папрасілі яго трохі пачакаць, у адказ ён даў каманду нас затрымаць. Я і яшчэ два актывіста селі на зямлю, і ў машыну нас заносілі.

Перад вынясеннем прысуду суддзя ў мяне пацікавілася: вы ж пенсіянер, у вас, напэўна, цяжкае матэрыяльнае становішча? Адказваю: так, вы маеце рацыю. І што вы думаеце? Усім яна прызначыла штраф, а мне і яшчэ аднаму актывісту – 15 сутак, – усміхаецца Ўладзімір Малей.

– Сядзілі мы весела. Раніцай да нас прыходзілі: палітычныя, на ўборку снегу пойдзеце? Так, пойдзем! Як толькі аказваліся без міліцыі, беглі тэлефанаваць у офіс, і Валодзя Вялічкін нёс нам паесці. А яшчэ дабіліся, каб на Раство да нас у камеру святара пусцілі.

На працы падчас адміністрацыйнага арышту
Выхад на волю

Яскравым пунктам біяграфіі Уладзіміра Малея стала дэпутатцтва ў Маларыцкім райсавеце ў сярэдзіне 2000-х. У ваенным гарадку за яго прагаласавалі, нават нягледзячы на сяброўства ў БНФ.

І зноў праваабаронца стаў дапамагаць мясцовым жыхарам, ставячы непрыемныя пытанні перад уладамі. Да прыкладу, дабіўся, каб шматдзетная сям’я змагла нарэшце пераехаць з невялікага памяшкання ў асобны дом.

– Галаву сям’і, трактарыста, вадзілі за нос некалькі гадоў. На вылучэнні Канстанціна Сумара ў Савет Рэспублікі я, як дэпутат, дарваўся да мікрафону і распавёў пра абуральную сітуацыю. Пасля гэтага праблема была вырашана, – узгадвае праваабаронца.

Уладзімір Малей адчуваў, што на выбарах на другі тэрмін яго кандыдатура пойдзе, як кажуць, на ўра. Аднак улады ўключылі адміністрацыйны рэсурс і папросту не дапусцілі актывіста да ўдзелу ў выбарчай кампаніі.

Уладзімір Малей мае вялікі аўтарытэт сярод жыхароў Маларыты. На фота – з пераможцам «Дажынак»

У апошнія гады колькасць людзей, што звяртаюцца па дапамогу да брэсцкіх праваабаронцаў, не змяншаецца. Дзякуючы, у тым ліку, і Ўладзіміру Малею вырашылася справа з выплатай пенсій групе веруючых. Яны доўгія гады жылі з савецкімі пашпартамі, бо новыя лічылі заганнымі: на іх думку, у ідэнтыфікацыйным нумары ўтрымліваецца д'ябальскі лік. І ўвесь гэты час людзі (некалькіх соцень па ўсёй краіне), не атрымлівалі пенсіі. Праваабаронцы дайшлі ў гэтай справе да Камітэта па правах чалавека ААН. За некалькі дзён да вынясення рашэння Камітэтам беларускі Канстытуцыйны суд абавязаў Савет Міністраў забяспечыць гэтым веруючым выплату пенсій па спецыяльных пасведчаннях.

Як прабегчы марафон

Штодзень Уладзімір Малей падымаецца з ложку ў сваёй кватэры ў Маларыце ў 4.10.
Гадзіну ён прыводзіць сябе ў парадак, і ў 5.30 ад’язджае на дызелі ў Брэст.

– Інакш не з'ехаць, наступны дызель аж у 10.30, – тлумачыць праваабаронца.

У 7.15 ён ужо ў офісе «Вясны» і пачынае займацца справамі. Ад’язджае ў Маларыту ў 18.15. Спаць кладзецца каля 22.00, каб мець шэсць гадзін на сон.

Яго дарослыя дочкі ўжо даўно маюць уласныя сем’і (адна ў Італіі, другая ў мястэчку Мухавец непадалёк ад Брэста), падрастае ўнук. Таму ў вольны час спадар Уладзімір дапамагае жонцы Раісе Міхайлаўне па лецішчы і займаецца прабежкамі. Многія ведаюць Уладзіміра Малея менавіта як марафонца. Ужо ў салідным узросце ён на розных спаборніцтвах прабег дзевяць дыстанцый па 42 кіламетры.

У 60 гадоў праваабаронца прабег марафон у Мілане за 5 гадзін

– Бегаць я пачаў пасля выхаду на пенсію. Калі арганізаваў прафсаюз, закінуў гэты занятак на нейкі час, бо прыходзілася выпіваць з рабацягамі.

Пасля зразумеў, што прабежкі мне неабходныя, каб пераключаць увагу – інакш ад стрэсавых сітуацый можа паехаць дах, – з гумарам распавядае праваабаронца.

Што трэба зрабіць, каб стаць марафонцам? Уладзімір Малей тлумачыць: па-першае, сістэмна займацца бегам. Рабіць прабежкі варта пяць разоў на тыдзень, адна з іх павінна дасягаць 20 км. Па-другое, трэба мець вялікае жаданне выпрабаваць сябе.

Падчас зняволення Алеся Бяляцкага, Уладзімір Малей кожны забег праводзіў у майцы з ягоным патрэтам

У гэтым годзе спадар Уладзімір адзначыў 65-годдзе. Азіраючыся на сваё жыццё, ён шкадуе толькі пра адно:

Я рабіў усё, што ад мяне залежыла. Мы жылі і верылі, што нешта зменім у краіне да лепшага. Але, на жаль, за гэтыя 25 гадоў, па некаторых пазіцыях стала нават горш.

У людзей з’явіўся страх, якога не было нават у часы СССР. Але спадзяюся, што нашыя высілкі яшчэ праявяцца ў будучыні. Сумаваць ня варта.

Руслан Гарбачоў