Анатоль Паплаўны: «Нам сапраўды не хапае моладзевай актыўнасці»

У Гомельскай філіі “Вясны” працуюць два праваабаронцы, якім з першага погляду можна размеркаваць ролі “добрага і злога паліцэйскага”. Анатоль Паплаўны ўвасабляе акурат “добрага паліцэйскага” — чалавек са спакойным беларускім тэмпераментам. Яго калега — Леанід Судаленка — наадварот вядомы сваёй прынцыповасцю і даволі рэзкім характарам.

Анатоль Паплаўны нарадзіўся на Гомельшчыне ў Буда-Кашалёўскім раёне. Тыповая беларуская сям’я — бацькі працавалі ў калгасе.

— Я рос як звычайныя вясковыя хлопцы — школа, профтэхвучэльня рачнога флоту, войска. Пасля службы пабраліся шлюбам, нарадзіўся сын, уладкаваўся працаваць на Сельмаш. Потым перайшоў на завод “Электраапаратура” і набыў спецыяльнасць слесар-інструментальшчык. Гэта было ў пачатку 1980-ых гадоў, — распавядае Анатоль Паплаўны пра сябе.

Прыступкаю ў праваабарончую дзейнасць была прафсаюзная праца.

У 1986-ым адбыўся выбух на Чарнобыльскай АЭС, у грамадстве ўжо паболела свабоды, і гэтая падзея падштурхнула людзей патрабаваць ад свайго начальства інфармацыі пра здарэнне.

— Мы тыдзень-два нічога не ведалі дакладна. Так, гаварылі што адбылася аварыя, але што да чаго ніхто не знаў. Жонка тады працавала ў аптэцы, людзі прыходзілі больш высокага рангу і гаварылі паміж сабой, што трэба ўжываць ёдавы настрой. На гэтым нашая інфармаванасць сканчвалася, — згадвае Паплаўны падзеі 30-гадовай даўніны.

Спадар Анатоль гаворыць, што на хвалі чарнобыльскай тэмы многа людзей спрабавалі прайсці ў дэпутаты, прабіцца ва ўладу. Вылучаліся тады звычайна ад працоўных калектываў, адпаведна, такія людзі звярталіся да прафсаюзаў, лідараў рабочага руху з просьбаю падтрымаць, арганізаваць сход.

— Канешне, розныя асобы імкнуліся ва ўладу. Але сёння мне мне не сорамна за падтрымку такіх людзей як Юрый Варонежцаў, Ігар Карніенка, — гаворыць спадар Анатоль.

Распавядае, што, хоць і без асаблівай падтрымкі з боку адміністрацыі, але на заводзе можна было стварыць філію Свабоднага прафсаюза.

На заводзе ”Электраапаратура” ва ўстаноўчым сходзе ўдзельнічалі 75 чалавек, праўда, пасля апрацоўкі кіраўніцтвам рабочых гэтая лічба зменшылася.

Сачыла начальства і за актыўнасцю працоўных. Напрыклад, у Анатоля Паплаўнага ёсць акт, складзены па выніках сходу рабочых у рамонтна-механічным цэху з прычыны несвоечасовай выплаты заробку.

“Поведение лидера свободных профсоюзов Поплавного расцениваем как ярко выраженную провокацию и наглое подстрекательство. Оно опасно, т. к. при определенных обстоятельствах этот человек способен на организацию диверсии”, — гаворыцца ў пратаколе, што склала адміністрацыя заводу пасля наведвання гэтага сходу.

— Канешне, глыток свабоды даў сябе вольна адчуваць, перабудова дазваляла ўплываць на нешта — мы прымалі заявы, ладзілі сходы. А неяк паспрабавалі правесці сход з нагоды расстрэлу мітынгу каля тэлецэнтра ў Вільнюсе. Пасля нас у мясцовай газеце крытыкавалі за гэта. Маўляў, чаго лезем у справы, далёкія ад нас, — распавядае праваабаронца.
Побач з ПТВ рачнога флоту
Прафесійна-тэхнічная вучэльня рачнога флоту

Пачатак гэтай грамадскай дзейнасці выпаў на час, калі кіраўніцтва прадпрыемства, хоць і было незадаволенае, але рашучых дзеянняў не рабіла. Да таго ж у калектыўнай дамове былі прапісаныя гарантыі працаўладкавання для лідараў прафсаюзу.

— Думаю, у адміністрацыі не хапала смеласці пайсці на рашучыя дзеянні. А калі ў 1994-ым годзе да ўлады прыйшоў чалавек з адпаведным складам мыслення, то і на прадпрыемствах павялічыўся ціск на актывістаў. Арганізацыю развалілі,і я быў вымушаны звольніцца, — працягвае Анатоль.

Непасрэдна з праваабаронцамі Анатоль Паплаўны сутыкнуўся ў 1997 годзе. Падчас мітынгу ў Мінску на Дзень волі яго арыштавалі на двое сутак:

— Калі нас везлі на суд, то маладыя хлопцы падыйшлі да нас з пытаннямі — хто мы і адкуль, давалі парады, што рабіць, паведамілі нашым родным, дзе мы. І я тады зразумеў: як добра, што ёсць такая з’ява, як праваабарона! Канешне, важным крокам на шляху да цяперашняй працы быў досвед абароны правоў працоўных.

Побач з будынкам Адміністрацыі Чыгуначнага раёна Гомеля. З гэтай адміністрацыйнай установай праваабаронцы ў Гомелі найбольш звязаныя працоўнымі справамі і афіцыйнай перапіскай

У 2002-ым годзе быў праведзены ўстаноўчы сход і зарэгістраваная Гомельская філія Праваабарончага цэнтру “Вясна”. У легальным статусе гомельскія праваабаронцы змаглі працаваць толькі год, бо ў 2003-ыя філія ўжо была ліквідаваная ўладамі.

Абласная бібліятэка. У яе сховішчах мусіць быць і “Праваабарончы веснік” Гомельскай філіі ПЦ “Вясна”

Анатоль Паплаўны са смуткам прызнае, што афіцыйная рэгістрацыя сапраўды дазваляе пачувацца больш упэўнена.

Цяпер у Гомелі працуе грамадская прыёмная, куды людзі могуць звяртацца па кансультацыю і юрыдычную дапамогу.

Па словах Анатоля, больш да вясноўцаў звяртаюцца тыя, хто заангажаваны ў грамадска-палітычны рух. Натуральна, колькасць зваротаў павялічваецца ў перыяд выбарчых кампаній.

— Мяркую, людзі асцерагаюцца да нас ісці, бо ўсе баяцца якіх бы то ні было сувязяў з апазіцыйнай арганізацыяй. Людзі сталі рабамі свайго кіраўніцтва, начальства. У іх забілі павагу да сябе, да сваёй асобы. Звяртаюцца тыя, хто ўжо даведзены да мяжы і каму губляць няма чаго, — інваліды, пенсіянеры, работнікі гандлю, калі іх прымушаюць выплочваць аграмадныя растраты.

Але думаю, якая б улада ні была, правы чалавека ўсё адно будуць парушацца ў той ці іншай ступені. Праваабаронцы ў Беларусі маюць вялікі досвед, і ён прыдасца нам у будучыні, — разважае спадар Паплаўны.
Акцыя ў падтрымку Алеся Бяляцкага

Агульная заціснутасць адчуваецца ва ўсіх пластах грамадства. Па словах Анатоля, на пачатку 1990-ых грамадска-палітычны рух быў куды больш шырока развіты ў Гомелі. І пасля кожнай хвалі рэпрэсій колькасць актыўных удзельнікаў акцыі, ініцыятыў змяншаецца.

— Нам сапраўды не хапае моладзевай актыўнасці, — адзначае гомельскі праваабаронца.

Анатоль Паплаўны — чалавек старой загартоўкі і правілаў. Цікава паслухаць яго разважанні пра асабістыя стасункі. А стаж сямейнага жыцця сапраўды ўнушальны — 37 год! Столькі ж старэйшаму сыну.

З сынам у войску падчас яго службы

— Я гавару часам жонцы: не сумуй і не крыўдуй, калі не звяртаю на цябе ўвагі. Бо такі перыяд сумеснага жыцця — гэта ж няпроста, — смяецца Анатоль. — Мы з той эпохі, крыху іншыя людзі. Мы цэнім тое, што ёсць сям’я, дзеці. Я наогул не ўспрымаю, калі дзеці гадуюцца ў няпоўных сем’ях. Думаю, наша пакаленне так выхаванае – і гэта правільна. Тое, што цяпер не шануюць сям’ю, не ёсць добрым для грамадства ў цэлым, — сцвярджае спадар Анатоль.

Анатоль Паплаўны з жонкай

Спадар Анатоль гаворыць, што жонка выходзіла замуж за “простага вясковага хлопца”, але з часам зразумела яго цікаўнасць да грамадскай дзейнасці.

— Быў перыяд, калі яна ігнарвала маю дзейнасць, прафсаюзны актывізм. Калі пачаліся змены ў грамадстве, то зацікавілася гэтым і стала на мой бок. Да слова, гэта прыкладна супала па часе з маім першым арыштам у Мінску. Чалавек звычайна ў такія вострыя моманты задумваецца і пераасэнсоўвае рэчаіснасць, — разважае праваабаронца пра пераемнасць светапоглядаў.

Збор подпісаў падчас выбарчай кампаніі 2001 года

Анатоль Паплаўны дадае, што ён гадаваўся грамадзянінам СССР, калі гэта тычылася публічнай сферы, і беларусам у сямейным коле:

— Мае бацькі — беларусы, вясковы асяродак аўтэнтычны і беларускі.

Калі я прыехаў вучыцца ў горад, то дужа імкнуўся пазбавіцца сваёй беларускай мовы, акцэнту ў гаворцы. Цяпер мне гэта смешна, які ж я быў дурань! І вось ужо ў сталым узросце я вяртаюся да беларускага, сваіх каранёў.
На свяце гумару ў Аўцюках
Вольга Хвоін