Гісторыя "Вясны" у фотаздымках

Гісторыя «Вясны» вельмі шчыльна звязана, знітавана з гісторыяй Беларусі, гучнымі грамадска-палітычнымі падзеямі, дэмакратычным рухам краіны.

Фотапраект «Дваццаць імгненняў “Вясны”» — спроба паказаць 20-гадовы шлях арганізацыі, дзе кожны год адлюстраваны толькі адным імгненнем, адным фотаздымкам.

Не ўсё, што адбывалася, засталося зафіксаваным на фота, ды і падзеяў было настолькі багата, што спыніцца на нейкім адным здымку аказалася няпроста.Таму падбор атрымаўся дастаткова ўмоўны і сімвалічны.

Арганізацыя запачаткавана ўвесну 1996 года, калі пасля жорсткага разгону і затрымання ўдзельнікаў мірнай жалобнай акцыі «Чарнобыльскі шлях» была створана праваабарончая ініцыятыва па дапамозе ахвярам рэпрэсій і іх сем’ям.

У 1997 годзе мінская гарадская арганізацыя «Вясна-96» атрымала афіцыйную рэгістрацыю, у 1999 годзе яна ператварылася ўжо ў рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне «Праваабарончы цэнтр “Вясна”» з рэгіянальнымі філіямі ў буйных гарадах Беларусі.

Нягледзячы на скасаванне дзяржаўнай рэгістрацыі ў 2003 годзе і пагрозу крымінальнага пераследу, праваабаронцы «Вясны» працягваюць сваю дзейнасць.

Фота Георгія Ліхтаровіча

1996. Мірнае дэмакратычнае шэсце «Чарнобыльскі шлях», у якім прынялі ўдзел больш за 50 тысяч чалавек, было жорстка задушана ўладамі. У выніку сутыкненняў пацярпела каля ста чалавек. З арганізацыі дапамогі ахвярам і ўзнікла праваабарончая ініцыятыва, пазней зарэгістраваная як гарадская праваабарончая арганізацыя «Вясна-96».

Фота Георгія Ліхтаровіча

1997. Дзень Волі, прымеркаваны да 79-й гадавіны абвяшчэння БНР, адзначаўся 23 сакавіка мірным шэсцем па цэнтральным праспекце сталіцы (тады пр-т Францыска Скарыны). Апазіцыйная акцыя была брутальна разагнана сілавікамі, адбыліся сутычкі з міліцыяй, у выніку чаго ўзбуджана крымінальная справа за хуліганства. Пяцёра яе ўдзельнікаў былі асуджаныя.

Фота Улфа Ісаксана (Швецыя). 3 лістапада.

1998. Праваабарончы пікет супраць палітычных рэпрэсій з удзелам прадстаўнікоў шведскай праваабарончай арганізацыі «За мір і арбітраж» («Svenska Freds») каля станцыі метро «Усход». У 1998 годзе ў Беларусі налічвалася сем палітычных зняволеных. Расцяжку трымаюць Валянцін Стэфановіч і Паліна Сцепаненка, справа стаяць Алесь Бяляцкі (перадапошні) са шведскімі праваабаронцамі.

Фота photo.bymedia.net. 31 траўня.

1999. На наступны дзень пасля трагедыі на Нямізе, дзе ў падземным пераходзе станцыі метро загінулі 53 чалавекі, прайшла жалобная акцыя. Праз год ПЦ «Вясна» на падставе сведчанняў сваякоў і блізкіх ахвяраў той трагедыі падрыхтаваў і выдаў дакументальную кнігу «Трагедыя на Нямізе».

2000. Сябры ПЦ «Вясна» Валянцін Стэфановіч, Алесь Бяляцкі і Андрэй Ягораў падчас акцыі, прымеркаванай да Міжнароднага дня правоў чалавека, раздаюць Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека ў накідках з партрэтамі зніклых палітыкаў. 10 снежня.

2001. Удзельнікі прэс-канферэнцыі кіраўніцтва рэспубліканскай грамадзянскай ініцыятывы «Незалежнае назіранне» Уладзімір Гудзееў, Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Мечыслаў Грыб. Менавіта правядзенне незалежнага назірання паслужыла нагодай для ліквідацыі праз Вярхоўны Суд афіцыйнай рэгістрацыі ПЦ «Вясна».

2002. Падчас традыцыйнай дэмакратычнай акцыі «Дзень Волі» Аліна Стэфановіч, Валянцін Стэфановіч, Алесь Бяляцкі, Уладзімір Лабковіч, Юры Новікаў і Юры Чавусаў. 24 сакавіка.

2003. Пратэст праваабаронцаў у зале паседжанняў Вярхоўнага Суда Беларусі з нагоды пазбаўлення ПЦ «Вясна» афіцыйнай рэгістрацыі. Сядзяць на падлозе Валянцін Стэфановіч, Зміцер Салаўёў, Аляксей Колчын, Мікола Лемяноўскі, Алег Жлутка, Уладзімір Вялічкін, Алесь Бяляцкі. 28 кастрычніка.

2004. На чарговым кангрэсе Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) ПЦ «Вясна» становіцца асацыяваным сябрам арганізацыі. Валянцін Стэфановіч (другі справа), генеральны дырэктар Антуан Бернар (крайні злева). Рэспубліка Эквадор, г. Кіта. 6 сакавіка.

2005. Сябры ПЦ «Вясна» ў Гродне каля бюста Адама Міцкевіча і будынка грамадскага аб’яднання «Саюз палякаў Беларусі» на знак падтрымкі, бо 12 траўня Міністэрства юстыцыі Беларусі скасавала вынікі выбараў VI з’езда СПБ, адбыўся раскол арганізацыі. 21 траўня.

2006. Вацлаў Гавел уручае ў Празе Алесю Бяляцкаму прэмію «Homo Homini», заснаваную чэшскай гуманітарнай і праваабарончай арганізацыяй «Чалавек у нядолі». 1 сакавіка.

2007. У межах акцыі «Міжнароднай Амністыі» на знак салідарнасці з палітвязнем Змітром Дашкевічам тысячы жураўлікаў былі дасланыя ў Беларусь. Сябры ПЦ «Вясна» Валянцін Стэфановіч, Сяргей Сыс і Алесь Бяляцкі перадаюць іх у прыёмную МУС. 13 снежня.

Фота БелаПАН. 10 снежня.

2008. Падчас правядзення інфармацыйнай акцыі, прысвечанай 60-годдзю Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, у Мінску былі затрыманыя і дастаўленыя ў пастарунак шасцёра вясноўцаў. На здымку невядомыя ў цывільным прапануюць Ірыне Тоўсцік прайсціся з імі да мікрааўтобуса.

2009. Ва ўстаноўчым сходзе заснавальнікаў грамадскага праваабарончага аб’яднання «Наша Вясна» ўдзельнічалі 82 прадстаўнікі з усіх рэгіёнаў Беларусі дзеля ажыццяўлення трэцяй спробы рэгістрацыі пасля пазбаўлення афіцыйнага статусу ў 2003 годзе. Мінск, 29 сакавіка.

2010. Сусветнавядомы брытанскі спявак Стынг падчас прыезду з канцэртам у Мінск сустрэўся з прадстаўнікамі кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі» Валянцінам Стэфановічам (справа) і Алегам Гулаком (злева) і падпісаў Петыцыю за адмену смяротнага пакарання. 18 верасня.

2011. Сябры ПЦ «Вясна» каля сцен СІЗА № 1 Мінгарвыканкама па вул. Валадарскага праводзяць акцыю з нагоды дня народзінаў кіраўніка арганізацыі Алеся Бяляцкага, арыштаванага па палітычна матываванай крымінальнай справе. 25 верасня.

2012. Сябры ПЦ «Вясна» каля партрэта Алеся Бяляцкага, усталяванага перад мэрыяй 11-й акругі Парыжа, дзе знаходзіцца офіс FIDH, з прэзідэнтам FIDH Карымам Лахіджы (трэці злева), ганаровым прэзідэнтам Суэр Белхасен (чацвёртая злева) і генеральным дырэктарам Антуанам Бернарам (крайні справа).

2013. У чэрвені сябры ПЦ «Вясна» разам наведалі знакамітыя могілкі «Роса», дзе пахаваны вядомыя дзеячы беларускай культуры і нацыянальнага адраджэння, і сфатаграфаваліся каля магілы беларускага драматурга і літаратара Францішка Аляхновіча (на здымку на заднім плане). Вільня.

Фота Максіма Гацака.

2014. Родныя, калегі, сябры, журналісты і паплечнікі сустракаюць на пероне старшыню ПЦ «Вясна» і віцэ-прэзідэнта FIDH Алеся Бяляцкага, нечакана вызваленага з бабруйскай калоніі ў першы дзень правядзення амністыі. За кратамі палітвязень правёў 1052 дні — амаль тры гады. 21 чэрвеня.

2015. За два з паловай летнія месяцы ў межах ініцыяванай ПЦ «Вясна» Беларускай праваабарончай гуманітарнай місіі ва Украіне больш за 20 беларускіх валанцёраў паспелі дапамагчы арганізацыі «Станцыя Харкаў» у працы з вымушанымі перасяленцамі з зоны АТА. На фота злева ўкраінскія валанцёры, справа Алесь Капуцкі (першы), Алег Пашкевіч (другі).