Кіраўнік Бярозаўскай філіі Праваабарончага цэнтра «Вясна» Сяржук Русецкі – пра тое, як хлусня першага сакратара ЦК КПБ прывяла яго ў БНФ, чаму дапамагаў усталяваць памятны знак на месцы гібелі амерыканцаў, і што ён з паплечнікам здолеў змяніць на Бярозаўшчыне.
Як выбары ў Вярхоўны Савет СССР змянілі яго жыццё
Сяржук Русецкі нарадзіўся і вырас у Койданаве (Дзяржынску). Пасля сканчэння ў 1985 годзе палітэхнічнага інстытута ў Мінску інжынер-механік размеркаваўся ў Бярозу, дзе вось ужо 31 год працуе на мясцовых прадпрыемствах. Спачатку быў «Цеплапрыбор» (сёння ён ужо банкрут), затым завод мінералаватных вырабаў, сёння – камбінат сілікатных вырабаў.
Адначасова Сяржук Русецкі разам з жонкай гадаваў дачку. Але толькі на асабістым жыцці ён не замкнуўся.
– Заўсёды адчуваў, што нясу адказнасць не толькі за сваю сям’ю, але і за краіну, – адзначае праваабаронца.
У 10-м классе школы настаўніца, якая выкладала гісторыю і грамадазнаўства, натхніла Сяржука прачытаць сёння ўжо вядомыя творы Уладзіміра Караткевіча «Чорны замак Альшанскі» ды «Дзікае паляванне караля Стаха». Так пачаўся яго шлях да беларушчыны.
А зразумець, што ў краіне адбываецца нешта ня тое, дапамаглі выбары ў Вярхоўны Савет СССР вясною 1989 года. Незадоўна да іх правядзення ў Мінску ўлады жорстка разагналі акцыю на Дзяды. Сяржук Русецкі прысутнічаў на сустрэчы з кандыдатам у народныя дэпутаты СССР, першым сакратаром ЦК КПБ Яфрэмам Сакаловым. Калі яму задалі пытанне, ці сапраўды пры разгоне прымяняўся газ, камуніст не стаў казаць праўду.
– І літаральна праз тыдзень-два пасля сустрэчы з Сакаловым у газеце напісалі, што газ прымяняўся. То бок Яфрэм Яўсеевіч вырашыў, што мы тут усе такія няграматныя, што нам можна вешаць на вушы ўсё, што хочаш.
Таму калі мяне адправілі з прадпрыемства хадзіць і агітаваць галасаваць за Сакалова, то я запрашаў людзей на выбары, але заклікаў галасаваць супраць яго, – узгадвае праваабаронца.
Менавіта тады на Сяржука Русецкага выйшаў Анатоль Маразюк, які кіраваў суполкай Беларускага Народнага Фронту ў Бярозе. Інжынер стаў па магчымасці ездзіць у Мінск на соймы, дзе пазнаёміўся з Алесям Бяляцкім. З 1998 года Сяржук Русецкі стаў сябрам «Вясны».
Чаму дапамагаў усталяваць памятны знак на месцы гібелі амерыканцаў
У 1995 годзе пад Бярозаю здарылася трагедыя, якая выклікала міжнародны скандал: беларуская авіацыя бяздумна расстраляла паветраны шар, у якім ляцелі два амерыканскія спартоўцы.
– Шчыра прызнаюся, што на той час савецкасці ў мяне яшчэ хапала. І калі сябар Васіль Азаранка прапанаваў усталяваць памятны камень на месцы трагедыі, я нават засумняваўся ў мэтазгоднасці такога кроку. Аднак пасля развагаў пагадзіўся з яго прапановай, і памятны знак мы ўсталявалі. Віна нашай авіацыі была відавочнай, – распавядае Сяржук Русецкі.
– На месцы, дзе загінулі амерыканцы, апынуліся праз некалькі дзён. Яшчэ былі відаць сляды крушэння карзіны, валяўся нейкі посуд. Мы ўчатырох зацягнулі на гэтае месца камень з подпісам «Прабачце».
Ён і сёння там стаіць, гэта чатыры кіламетры ад Бярозы. Улады таксама зрабілі памятную пліту – праз паўкіламетры ад гэтага месца, ля дарогі.
Што «вясноўцы» зрабілі ў Бярозе
Філія «Вясны» у Бярозе працуе па некалькіх накірунках. Мясцовыя жыхары часта звяртаюцца да праваабаронцаў праз грамадскую прыёмную, якая пастаянна функцыянуе.
Да прыкладу, адносна нядаўна прыйшлося разбірацца з такім выпадкам. Ноччу супрацоўнікі ДАІ спынілі машыну, за рулём якой знаходзіўся мясцовы жыхар Вадзім Білібуха. Інспектар Іван Галай (асоба досыць вядомая ў Бярозе) чамусці вырашыў, што малады чалавек быў выпіўшы, і прымусіў яго пяць разоў дыхаць у алкатэстар. Калі выніку гэта не дало, інспектар адвёз Вадзіма ў бальніцу. Аднак і там вынік даследвання быў адмоўным. На развітанне міліцыянт прыгразіў, што малады чалавек усё ж пакладзе правы на стол.
– Вадзім і яго бацька звярнуліся да нас. Пасля скаргаў у адпаведныя інстанцыі, мы атрымалі адказ, што інспектар прыцягнуты да адказнасці, хоць і не тлумачылася да якой.
Больш ён да Вадзіма не чапляўся, – задаволены вынікам Сяржук Русецкі.
Бярозаўскія праваабаронцы таксама актыўна ўдзельнічаюць у назіранні за правядзеннем выбараў і да нядаўняга часу выдавалі грамадска-палітычны бюлетэнь «Бярозавы венік», дзе друкаваліся праблемныя артыкулы, напісаныя мясцовымі жыхарамі.
Яшчэ адзін накірунак дзейнасці Сяржука Русецкага і яго паплечнікаў – адстойванне гарантаванага Канстытуцыяй права на мірныя сходы і мітынгі.
– Ох, за гэта мы доўга ваявалі і судзіліся. У мінулым годзе ўпершыню, напэўна, за гадоў пятнадцаць дамагліся дазволу на правядзенне пікета – да 20-ых угодкаў прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі.
У гэтым годзе правялі акцыю на Дзень Волі, – распавядае Сяржук.
Шмат гадоў у Бярозе з ініцыятывы «вясноўцаў» праводзілася акцыя, якой не было аналагаў у іншых рэгіёнах – «свечка памяці». Вечарам 26 красавіка на гарадской плошчы збіраліся людзі, каб аддаць даніну памяці ахвярам Чарнобыльскай катастрофы.
– На Бярозаўшчыне, як і ўва ўсёй Беларусі, фіксуецца шквал ракавых захворванняў. Таму былі гады, калі ланцуг на плошчы складаўся з дзесяткаў людзей, якія трымалі ў руках свечкі, – адзначае праваабаронца.
Як ледзь не перамог на выбарах
Менавіта з-за правядзення акцыі «свечка памяці» Сяржук Русецкі ледзь не страціў працу.
– КДБісты прыехалі да майго дырэктара, а пасля той выклікаў мяне. Маёй першай рэакцыяй было: звальняйце, я ўсё роўна пайду на акцыю. Але затым падумаў і вырашыў працу не губляць. Мог бы, канешне, з’ехаць на заробкі ў Расію, але тады я ўжо не зрабіў бы для Беларусі таго, што магу тут, – тлумачыць кіраўнік Бярозаўскай філіі «Вясны».
Нягледзячы на тое, што ён і іншыя праваабаронцы рэгулярна сутыкаюцца з уціскам, у тым ліку ў форме судоў, Сяржук Русецкі лічыць, што сітуацыя ў Бярозе не самая горшая ў параўнанні з іншымі рэгіёнамі. Ён прыводзіць у прыклад мясцовыя выбары 2003 года, калі ў Белаазёрску 7 апазіцыянераў былі абранымі дэпутатамі гарсавету, у тым ліку Юрась Губарэвіч.
– Я тады канкураваў з дырэктарам маторарамонтнага завода і ледзь не перамог. Набраў 48,5%, мне не хапіла усяго 7 галасоў. Не ведаю, чым патлумачыць адносную лаяльнасць мясцовых уладаў. Магчыма, мы проста далека ад усіх знаходзімся, – адзначае Сяржук Русецкі.
У мінулым годзе прызнаць сваю неправату ў адносінах з «вясноўцамі» вымушана была міліцыя. Сяржук Русецкі і яго паплечнікі паскардзіліся, што падчас пікету супрацоўнікі праваахоўных органаў не ў поўнай меры выконвалі свае абавязкі, бо, нягледзячы на дамову і аплату паслугі па ахове мерапрыемства, спазніліся і прыбылі ў меншым складзе.
У выніку правабаронцам зменшылі аплату з 4 да 2 мільёнаў рублёў.
Пра што марыць
У вольны па-за працай і грамадскай дзейнасцю час Сяржук Русецкі, як і многія мясцовыя жыхары, едзе на лецішча, дзе ў яго сад і агарод.
Падчас застолляў праваабаронца нярэдка аказваецца ў цэнтры ўвагі.
– Люблю спяваць. Калі трэба, магу і пачаць песню, і ўсіх падзавесці. Люблю народныя і бардаўскія песні, – адзначае ён.
Дарэчы, дзякуючы Сяржуку Русецкаму на Бярозаўшчыне было праведзена шмат сустрэчаў з беларускімі пісьменнікамі і бардамі: Уладзімерам Арловым, Рыгорам Барадуліным, Віктарам Шалкевічам, Змітром Бартосікам, Алесем Камоцкім і іншымі.
Марыць Сяржук Русецкі пра тое ж, што і многія з нас:
– На рэвалюцыю я не разлічваю, хоць і раней лічыў, што яна добрыя плады не прынясе. Але ж наш эвалюцыйны шлях вельмі ўжо павольны. А хочацца, каб нашы людзі былі вольнымі, каб мы маглі працаваць і зарабляць. Каб маглі ездзіць і глядзець свет. Каб з уладамі маглі нармальна размаўляць, а не толькі падчас судоў. Вось гэтага хочацца і для сябе, і для дачкі.
