Віктар Сазонаў: "Шчаслівы той, хто адчувае свой час і крочыць разам з ім пераможным маршам непераможнага чалавека"

Гісторык, літаратар, сябра СБП і аўтар некалькі кніг («Занатоўкі кантрабандыста», «Суседзкія былі», «Сандалі мэтрапалітыка», «Паэзія прозы»), журналіст і да ўсяго вышэйпералічанага кіраўнік гродзенскай рэгіянальнай філіі Праваабарончага цэнтру “Вясна” пра гонар быць беларусам, змаганні за праўду, пісьменства і прафесійнае прызначэнне.

“Гісторыя ідзе сваім шляхам. Хуткім, магутным і несупынным, як палёт планет і зорак. Хто паспявае ісці з ёй у нагу, той адчувае сябе натуральна і ўпэўнена, як банкір на банкеце. Яму спрыяюць зоркі, поспех і навакольныя знаёмыя ды незнаёмыя людзі. Яго праблемы дробныя і хуткавырашальныя, нібыта адмыслова для таго і прыдуманыя, каб цешыць самалюбства свайго ўладальніка. Шчаслівы той, хто адчувае свой час і крочыць разам з ім пераможным маршам непераможнага чалавека”.

Гэтыя радкі з адной рэцэнзіі, напісаныя Віктарам Сазонавым, выдатная характырыстыка і самога аўтара – чалавека свайго часу, лёс якога знітаваны з гісторыяй нашай краіны.

Гродна. Фота з сайта vedaj.by

Віктар Сазонаў паходзіць з вёскі Гальшаны Ашмянскага раёну, дзе і па сённяшні дзень жыве ягоная маці. Як вядома, да 1939 г. заходнія беларускія землі знаходзілася ў складзе Польскай Рэспублікі і былі далучаны да БССР толькі ў 1939 годзе, перад самай вайной. Пытанне, хто ён такі ёсць, перад Віктарам Сазонавым ніколі не паўставала, бо быў прыклад старэйшых. Да беларускасці ён ішоў праз сваіх дзядоў, якія з’яўляюцца для Віктара маральнымі аўтарытэтамі, і вера ў праўдзівасць іх словаў ніколі не падлягала сумневам.

“Памятаю, калі яшчэ ў школе вучыўся, то увесь час бачыў там былі фотаздымкі франтавікоў, і на хатах вайскоўцаў зоркі малявалі. Усё пераймаўся, чаму на нашай хаце няма зоркі, я ж бачыў ў дзядоў і медалі і ветэранскія кніжкі? – прыгадвае Віктар.

- У адказ чуў, што “у той вайне няма чым ганарыцца”, што “ваявалі не за сваё” і што ўвогуле “вайна – гэта жудасна”.

А калі яго самога ў войска забіралі, то дзяды казалі: “галоўнае, нікога не забівай!” – такое вось было выхаванне.

Запомніўся Віктару і той дзень, калі яго прынялі ў піянеры:

- Гляньце, што ў мяне ёсць! - уварваўшыся ў хату, спяшаюся паказаць дзядам новенькі чырвоны піянерскі гальштук, толькі што павязаны ў школе.

Дзед замест таго, каб парадавацца, нават раззлаваўся:

- Што за паскудства ты на сябе пачапіў?

- Гэта … часцінка нашага сцяга! Так у школе казалі.

- Не, унучак, наш сцяг не такі…

Праз гады Віктар зразумеў, які сцяг меўся на ўвазе і чаму дзяды не хацелі ўзгадваць пра 1939-ы год і пра вайну. Калі што і казалі, то толькі параўноўваючы, як было і як стала.

Казалі, што “камуністы спынілі ўсе часы, і ня можа быць добра, калі няма праўды”. Усё гэта, мяркуе Віктар, паўплывала на станаўленне свядомасці. У гэтым кірунку шмат у чым пашанцавала. На ўсім жыццёвым шляху сустракаліся аднадумцы. Многія з іх сталі сябрамі на ўсё жыццё.

Нават у войску пашанцавала – служыў з беларусамі і меў магчымасць размаўляць “па-свойму”. Службу праходзіў у Чэхаславачынне, скончыў разведшколу, быў дэсантнікам.

“Мы ганарыліся, што мы – беларусы, размаўлялі на сваёй мове, трымаліся дружна. Пазней ў жыцці таксама шанцавала на такіх людзей”.

Пасля войска Віктар Сазонаў вучыўся ў Гродна, дзе жыве і цяпер.

Нарадзіцца беларусам Віктару было наканавана лёсам, а калі б была магчымасць выбраць месца і час нараджэння, акрамя цяперашняга (бо тут і цяпер мы ўжо ёсць), куды б яго занесла, як вы мяркуеце? Цікавы адказ Віктара – ХІХ стагоддзе, ЗША, а канкрэтнае месца не так істотна: можа быць, бераг Місісіпі, або Дзікі Захад, або Аляска. Чаму ЗША, я не стала развіваць тэму, пры нагодзе запытайцеся ў яго самі, бо тое ўжо асобная гаворка.

Замак у Гальшанах на малюнку Напалеона Орды, 1876 г.
Руіны замка ў Гальшанах на выяве Вінцэнта Дмахоўскага.1853

Па адукацыі Віктар Сазонаў гісторык. Напэўна, менавіта Гальшаны – старажытнае места, цэнтр гандлю і рамёстваў Вялікага княства Літоўскага, з замкам Сапегаў, руіны якога дагэтуль нагадваюць нам пра былую веліч і славутую мінуўшчыну беларусаў, абумовілі гэткі выбар. Некалькі гадоў Віктар працаваў у Дзяржаўным Музеі гісторыі рэлігіі разам са сваім сябрам Уладзімірам Хільмановічам.

“На той час, у канцы 80-ых, мы збіраліся суполкамі, гуртаваліся па хатах, марылі пра тое, што СССР разваліцца і хоць бы нашы дзеці ці ўнукі дажывуць да тых лепшых часоў, – распавядае Віктар Сазонаў.

- Толькі ў маладосці ўсё выглядала прасцей: здавалася, варта выгнаць камуністаў, што пазасядалі на ўсіх пасадах, і ўсё пойдзе добра і справядліва”.

Савецкі саюз разваліўся, Беларусь стала незалежнай краінай, над якой залунаў бел-чырвона-белы сцяг, герб “Пагоня”, адзіная дзяржаўная мова. Здавалася, застаецца проста шчасліва жыць, займацца любімай справай і дапамагаць дзяржаве ў адраджэнні беларускасці. Аднак пасля выбараў, на якіх перамог той, хто кіруе краінай дагэтуль, усё стала зварочвацца: родная мова перастала быць адзінай дзяржаўнай, замест спрадвечных сімвалаў вернуты старыя савецкія.

Адстойваць свае ідэалы аказалася не зусім проста, дзяржава пачала ціснуць так, што перад моцай сістэмы актыўныя людзі аказваліся бездапаможнымі. І камусьці іх трэба было бараніць.

Калі Алесь Бяляцкі запрасіў Віктара Сазонава ў “Вясну”, ён з ахвотай пагадзіўся стаць вясноўцам, разумеючы, якая гэта вельмі патрэбная рэч – дапамагаць адстойваць не толькі свае правы. Да гродзенскіх праваабаронцаў звяртаецца дастаткова шмат людзей па розных пытаннях. Перавага аддаецца актыўным грамадзянам, якія рызыкуюць дзеля агульнай перамогі і гатовыя ахвяраваць сабой. Таксама прыходзяць людзі, якіх несправядліва выгналі з працы, зусім апалітычныя людзі, прыходзяць, як да апошняй надзеі.

На думку Віктара Сазонава, вялікая роля ў гісторыі, развіцці падзеяў у бок пошуку праўды і справядлівасці належыць Асобе:

“Свет мяняюць толькі высокамаральныя, самаахвярныя, мэтныя, цвёрдыя, адважныя, праўдзівыя і стойкія Асобы. Толькі для паспяховай дзейнасці такіх Постацяў трэба каб склаліся адпаведныя гістарычныя ўмовы. У Беларусі такія людзі ў наш час ёсць. І ўмовы для рэалізацыі іх памкненняў надыдуць хутка”.

Сярод выбітных асоб гісторык-правабаронца выдзяляе тых, пра каго часта думае ці разважае. У беларускай гісторыі гэта Ефрасіння Полацкая, Леў Сапега, Вінцук Адважны (Язэп Германовіч), Максім Багдановіч, Францішак Багушэвіч, Андрэй Тадэвуш Банавентура Касцюшка, Кастусь Каліноўскі, Браніслаў Тарашкевіч, Ян Станкевіч, Станіслаў Булак-Булаховіч, Ларыса Геніюш. Сярод замежнікаў - Рычард Львінае Сэрца, Марк Твен, О. Генры (Уільям Сідні Портэр), Джэроніма (Гоятлай), Роберт Эдвард Лі, Уінстан Чэрчыль, Рональд Рэйган, Маргарэт Тэччэр, Маці Тэрэза (Агнес Гонджэ Бояджыў), Вацлаў Гавел, Валерыя Навадворская.

Віктар кажа, што ў жыцці яму шмат у чым шанцавала: з роднай сям’ёй, у якой былі добрыя дзяды, бацькі, з уласнай сям’ёй, якую стварыў. Жонка Віктара з паразуменнем ставіцца да яго дзейнасці і з пачатку знаёмства ўсведамляла, які чакае жыццёвы шлях.

“Яшчэ “зяленымі юнакамі” мы разважалі пра справядлівасць, філасофскія рэчы, мая жонка чалавек справядлівасці і разумее, што за прыстойнае жыццё трэба змагацца, – дзеліцца асабістым правабаронца. - Я вельмі шчаслівы, што мая сям’я і сябры мяне падтрымліваюць. Гэта вялікая кампенсацыя за перашкоды якія адбываюцца ў жыцці”

Віктар Сазонаў працуе і як журналіст, працяглы час супрацоўнічае з тыднёвікам беларусаў у Польшчы “Ніва” і Беларускім Радыё Рацыя, чым вельмі ганарыцца.

Празаічная творчасць Віктара Сазонава налічвае ўжо чатыры кнігі, дзве з іх перакладзены на польскую мову. “Занатоўкі кантрабандыста” выходзілі ажно чатыры разы, ёсць аўдые-версія выдання, якую раю паслухаць тым, хто не чытаў аповедаў, узятых с жыцця і спрэс напоўненых гумарам. Кнігу “Паэзія прозы” гродзенскі сябра прысвяціў Алесю Бяляцкаму, калі той сядзеў у турме.

Што ёсць кампраміс і ці магчыма паступіцца нейкімі прынцыпамі дзеля высокай мэты? Праваабаронца лічыць, што кампраміс у некаторых выпадках мажлівы, але адмова ад прынцыпаў не, бо ісці на кампраміс і адступаць ад сваіх прынцыпаў гэта розныя рэчы. У той жа час няздольнасць чалавека да кампрамісу гаворыць пра яго няўменне працаваць з іншымі дзеля вернасці сваім прынцыпам і перакананням. Толькі варта быць заўсёды пільным і добра ўсведамляць, дзе патрэбны кампраміс, а дзе трэба быць цвёрдым.

Віктар кажа, што намагаецца жыць годна і сумленна, каб уласныя правіны перад іншымі не былі незваротнымі, а такімі нязначнымі, якія людзі маглі дараваць з разуменнем і лёгкасцю.

Напрыканцы нашай гутаркі я папрасіла выдатнага апавядальніка падзяліцца якімсьці анекдотам.

– Мойша, адкажыце, калі ласка, у чым сэнс жыцця?
– Ізя, я Вас прашу, ну навошта псаваць адказам такое шыкоўнае пытанне!

Алена Лапцёнак