Тамара Шчапёткіна: "Пад маім напорам чыноўнікі маглі нешта змяніць, публічная агалоска прымушала іх варушыцца"

Тамара Васільеўна Шчапёткіна правяла ў Бярозаўскім раёне ўсё сваё жыццё і дабілася тут значных вынікаў у розных сферах. За што ёй ўдзячныя мясцовыя жыхары і чаму яе не любяць улады?

«Заўсёды кажу, што праваабаронцам трэба нарадзіцца»

Нарадзілася Тамара Шчапёткіна на хутары Пянькі. Цяпер гэтага хутара, дзе было пятнаццаць хат, ужо няма.

Тамара Шчапёткіна ў 15 год

Пасля вучобы ў Брэсцкім педагагічным інстытуце на факультэце рускай мовы і літаратуры яна вярнулася ў родныя мясціны. 25 гадоў прапрацавала ў Белаазёрску ў сярэдняй школе № 3. Настаўніцай ніколі не рабіла таго, што ішло супраць яе сумлення.

Студэнтка Тамара Шчапёткина – у ніжнім шэрагу злева

– Сёння існуюць кантракты, а ў савецкія часы было звычайнай справай, калі супрацоўніка, які не падабаўся дырэктару, прыбіралі рукамі калектыву. Выкарыстоўваліся лісты, дзе сцвярджалася, што чалавек дрэнна працуе. Нават даходзіла да таго, што завучы заклікалі настаўнікаў выйсці на ганак і не пусціць калегу ў школу. Я ў гэтым удзельнічаць катэгарычна адмаўлялася, – распавядае Тамара Васільеўна. – Наадварот, пацярпелыя заўсёды туліліся да мяне. За гэта я і сама цярпела, бо адміністрацыя лічыла, што я іх падтрымліваю. Па гэтай прычыне заўсёды кажу, што праваабаронцам трэба нарадзіцца.
Трэба мець такі склад характару і склад розуму.

Урок вядзе класны кіраўнік Тамара Шчапёткіна

«Начальнік ідэалагічнага аддзела сказаў мне: вы ніколі не будзеце працаваць у школе ў Бярозе»

У гады перабудовы на светапогляд настаўніцы моцна паўплывала знаёмства з вядомай паэтэсай Ніна Мацяш, якая запрасіла яе ў літаратурнае аб’яднанне «Агмень». Тамара Васільеўна звярнула ўвагу, што большасць настаўнікаў беларускай мовы быццам бы самі яе не любілі: за межамі класа адразу пераходзілі на рускую ці на трасянку.

– Таму я стала выпісваць «Народную Волю», «Нашу Ніву» і іншыя выданні, якія прыносіла ў настаўніцкую і раскладала на сталах, – узгадвае Тамара Шчапёткіна.

Фотаздымак зроблены у дзень Чарнобыльскай катастрофы, 26 красавіка 1986 года

Калі ў 1995 годзе грамадска-палітычныя газеты выйшлі з белымі плямамі замест дакладу Сяргея Антончыка аб карупцыі ў атачэнні Аляксандра Лукашэнкі, па ініцыятыве Тамары Васільеўны настаўніцкі калектыў накіраваў у Вярхоўны Савет тэлеграму, дзе паставіў пытанне аб тлумачэннях гэтага кроку.

Яшчэ праз два гады Тамара Шчапёткіна, абараняючы правы калег, ледзь не арганізавала ў школе страйк. Настаўнікам не выплацілі заробак, і па ініцыятыве Тамары Васільеўны яны склалі заяву-папярэджанне. Пытанне з пазыкай адразу ж было вырашана.

З старэйшымі дзецьмі – Наталляй і Алегам, 1985 год
Не хвалюся, але я сапраўды мела добры ўплыў на калектыў. І шчаслівая, што шмат калег давяралі мне і былі побач.

На той час наша школа № 3 Белаазёрска была лепшай у раёне. Выдатныя працавалі педагогі. Упершыню ў гісторыі школы я стала старшынёю прафкама, якога выбраў калектыў, – узгадвае праваабаронца.

У канцы 90-х мужа Тамары Васільеўны перавялі працаваць у Бярозу, і некалькі гадоў яна праязджала 26 км у адзін бок, каб дабрацца на працу.

– Начальнік ідэалагічнага аддзела Бярозаўскага райвыканкама, былы начальнік аддзела адукацыі сказаў мне: вы ніколі не будзеце працаваць у школе ў Бярозе, мы вам не дазолім сапсаваць яшчэ адзін калектыў, – адзначае Тамара Шчапёткіна

Часы мяняліся, і стала зразумела, што звольніць яе могуць і са школы ў Белаазёрску. Як падставу маглі скарыстаць нават спазненне на працу на пару хвілін. Адчуваючы, што над ёю навісла хмара, Тамара Шчапёткіна задумалася над далейшым лёсам. У 2002 годзе яна кардынальна змяніла сваё жыццё: пайшла працаваць карэспандэнтам у незалежнае выданне «Газета для Вас», што выдавалася ў Івацэвічах. У той жа год Тамара Васільеўна прыйшла ў Праваабарончы цэнтр «Вясна».

«Людзі з Бярозаўскага раёна ішлі да мяне як у райвыканкам»

Як праваабаронца Тамара Шчапёткіна пачала сваю дзейнасць з назірання на выбарах. А затым спалучала яе з журналісцкай працай.

– Калі я працавала ў газеце, а гэта былі 2002-2007 гады, людзі з Бярозаўскага раёна ішлі да мяне як у райвыканкам. Як журналіст я мела права пайці да чыноўнікаў і сказаць, што яны дзенічаюць незаконна. Пад маім напорам яны маглі нешта змяніць, публічная агалоска прымушала іх варушыцца, – тлумачыць Тамара Шчапёткіна.

Праваабаронца ўзгадвае такі выпадак. Старшыня калгасу абвінаваціў даярку з Міжлесся ў тым, што тая нібыта крадзе малако. І ў шматдзетнай маці сталі вылічваць пэўную суму з заробку. Гадаваць трох дзяцей адной у такой сітуацыі было неверагодна цяжка. Даярка пешу прайшла з вёскі да Бярозы 27 км, каб расказаць пра сваё гора журналістцы.

Тамара Шчапёткіна не толькі напісала пра яе выпадак, але і дапамагла скласці скаргі. Адрэагавала толькі Брэсцкая абласная пракуратура, якая прымусіла вярнуць грошы жанчыне і пакарала за бяздзейнасць раённых калег.

На выпускным у малодшай дачкі Ганны з мужам Канстанцінам і старэйшай дачкой Наталляй

Рэзананснай атрымалася і справа, калі Тамара Васільеўна не дазволіла забраць кватэру ў чарнобылькі. Шмат было папсавана нерваў і здароўя, але справядлівасць перемагла

У 2007 годзе Тамара Васільеўна актыўна ўдзельнічала ў пратэсце мясцовых жыхароў супраць пабудовы і працы на ўскрайку горада прадпрыемства па вытворчасці пестыцыдаў, якое належала кампаніі «Франдэса». Праваабаронца арганізавала асабістую перадачу 9000 сабраных подпісаў у рукі Аляксандру Лукашэнка, калі той наведваў Бярозу. У выніку прадпрыемства было закрыта на 8 месяцаў, пакуль на вытворчасці не ўсталявалі ачышчальнае абсталяванне.

– Таксама пры сустрэчы я сказала Лукашэнку, колькі атрымліваюць пенсіянеры і колькі грошай у іх застаецца на руках пасля таго, як яны заплацяць за кватэры. Ён вымушаны быў адрэагаваць: праз месяц пенсіі былі павышаныя, – адзначае праваабаронца.

А нядаўна выбачэнні Тамары Васільеўне прынесла сама Лідзія Ярмошына.

– На апошніх прэзідэнцкіх выбарах супрацоўнікі Бярозаўскага райвыканкама адмовіліся агучваць, каго яны ўключылі ў раённую выбарчую камісію. Я напісала Ярмошынай ліст, дзе распавяла, што мне так і не адказалі на пытанне, ці прайшла мая кандыдатура.

Старшыня ЦВК адказала, што работнікам райвыканкама будзе зроблена заўвага і прынесла выбачэнні. І насамрэч нейкую вымову старшыня камісіі атрымаў. На што вельмі потым крыўдзіўся, – распавядае праваабаронца.

З Тацянай Каракевіч падчас прэзідэнцкіх выбараў-2015

«У КДБ за мной замацавана асобная адзінка»

Тамара Шчапёткіна сёння з’яўляецца адзіным незалежным журналістам на Бярозаўшчыне. Шмат гадоў яна рэдагавала грамадска-палітычны бюлетэнь «Бярозавы венік», у выданні якога ўдзельнічалі мясцовыя жыхары. У 2008 годзе КДБ правёў у яе кватэры ператрус і адабраў кампутар – за працу на замежнае СМІ без акрэдытацыі. Пазней Тамара Васільезна даведалася, што яе тэлефон праслухоўваецца.

– Калі мне з-за мяжы тэлефануюць, то заўсёды высвечваюцца беларускія нумары. Аднойчы, калі размаўлялі з дачкой, тая чула, як нехта клацае па кампутарных клавішах і чужы голас кажа «Тише!». Наколькі я ведаю, у мясцовым КДБ за мной замацавана асобная адзінка, якая піша справаздачы кожны месяц. Вось так і жывем. Цяжкавата, надакучыла, але што рабіць? – разводзіць рукамі жанчына.

«Нам трэба гаварыць пра праблемы, каб нешта змяніць да лепшага»

Тамара Васільеўна працягвае актыўна працаваць на ніве абароны правоў чалавека і журналістыкі, таму вольнага часу застаецца зусім няшмат.

– Калі я не працую за кампутарам ці не ў камандзіроўцы, то еду на лецішча, дзе ў мяне 7 сотак агароду. Каб было сваё, каб я магла карміць сябе і дзяцей больш-менш чыстымі прадуктамі, – распавядае праваабаронца.

Тамара Васільеўна з мужам вырасцілі трох дзяцей. Старэйшая дачка працуе ў Беларусі, малодшая ў Чэхіі, сыну бацькам прыходзіцца дапамагаць.

Малодшая дачка Ганна скончыла Пражскую вышэйшую школу эканомікі

– У 2008 годзе Алега і мужа звольнілі з-за маёй дзейнасці, і яны доўгі час працавалі на будоўлі ў Расіі. З сынам там здарыўся няшчасны выпадак. Ён страціў на адно вока зрок, год мы яго лячылі. А сёння яго з такім здароўем ніхто не хоча браць на працу, – распавядае Тамара Шчапёткіна.

Сям’я сустрэлася ў Празе, 2015 год

Усе перажытыя складанасці і перашкоды не прымусілі яе адракчыся ад сваіх прынцыпаў і актыўнай пазіцыі. «Нам трэба гаварыць пра праблемы, каб нешта змяніць да лепшага», – перакананая яна.

З падарункам, прысвечаным шчасліваму шлюбу

Штогод на Дзень Волі Тамара Васільеўна вывешвае на балконе сваёй кватэры бел-чырвона-белы сцяг. Штогод да яе прыходзяць міліцыянты і просяць яго зняць. Але робяць гэта хутчэй па інэрцыі, бо ведаюць: яна не здасца.

Руслан Гарбачоў