Кіраўнік Барысаўскай філіі Праваабарончага цэнтра «Вясна» Марына Статкевіч – пра самы цяжкі этап у жыцці і свой галоўны здабытак, а таксама пра тое, як стала цёткай многім гараджанам.
Пры сустрэчы Марына Статкевіч імгненна скарачае дыстацыю з суразмоўцам дзякуючы сваёй абаяльнасці і гумару. Чаго толькі вартая яе гісторыя пра паездку ў Мінск у майцы «Свабоду Алесю Бяляцкаму!» некалькі гадоў таму:
– Я паехала разам з дачкой. У горадзе мінакі перыядычна паказвалі мне вялікі палец: маўляў, малайчына! У асноўным гэта былі мужчыны і хлопцы. Мая дачка, калі ўбачыла, колькі людзей захоплена рэагуюць, сказала: лепш бы я гэтую майку апранула. Так што, дзяўчынкі, калі вы не замужнія, апранайце такія майкі і поспех вам гарантаваны.
«Ватнікаў у нас наогул няма»
Марына прыехала ў Барысаў з Ленінграда ў 1983-м годзе ўслед за мужам. Але ў Беларусі чужым чалавекам яна не была: маці Марыны паходзіла з Пінска. Каля дзесяці гадоў будучая праваабаронца прапрацавала на мясцовым прыборабудаўнічым заводзе інжынерам-сістэматэхнікам.
Першая палова 90-х галоў істотна паўплывала на яе светапогляд.
– Я шмат чытала незалежную прэсу і ледзь не больш за ўсё на свеце хацела, каб Беларусь была адбудавана як дэмакратычная краіна.
Відаць, таму мяне і занесла ў партыю, – узгадвае Марына Статкевіч і працягвае, – хоць я па перакананнях ліберал, але ў Барысаве на той момант была моцная суполка Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная Грамада», якую тады ўзначальваў мой цёзка Мікалай Статкевіч (мяне да гэтага часу некаторыя лічаць яго жонкай). Я вырашыла: якая розніца, у рамках якой партыі змагацца з гэтым рэжымам?
Шмат гадоў пазней Марына моцна расчаравалася ў палітычных паплечніках, калі тыя вырашылі пераабраць старшыню партыі Аляксандра Казуліна, які ў той момант сядзеў за кратамі:Гэта не ўкладвалася ў маёй галаве! Як так можна было паступіць?"
Аднак на той момант Марына ўжо знайшла аднадумцаў у «Вясне», куды прыйшла працаваць у 2003 годзе.
– Людзі ў арганізацыі бывае мяняюцца, але што важна: ім не трэба нічога тлумачыць. Ні пра Крым ( «наш» ён альбо «не наш»), ні пра што іншае. Ватнікаў у нас наогул няма. А ёсць адчуванне, што мы разумеем адзін аднаго з паўслова, – ўпэўненая кіраўніца барысаўскай філіі.
Самы цяжкі этап у жыцці
Як прызнаецца Марына Статкевіч, самы цяжкі этап у сваім жыцці яна перажыла адносна нядаўна. Спачатку быў развод, пасля выбары 2010 года і, нарэшце, прысуд кіраўніку «Вясны» Алесю Бяляцкаму.
– Калі пасля прэзідэнцкіх выбараў пасадзілі ледзь не тысячу чалавек, гэта была жудасць. Я баялася і чакала, што таксама прыйдуць за мной і іншымі «вясноўцамі». Была ўпэўненая ў гэтым на 90%. Шчыра скажу, што неаднаразова вывозіла з дома тэхніку і паперы, каб да іх не дабраліся пры магчымым ператрусе, – прызнаецца актывістка.
Яе страхі спраўдзіліся часткова: летам 2011-га прыйшлі за Алесям Бяляцкім.
– Калі Алеся пасадзілі, я пастаянна бралася за напісанне яму лістоў, але ў мяне нічога не атрымлівалася. Я сядзела, пісала, потым перачытвала і думала: Божа, якое гэта глупства, як чалавеку за кратамі можна пісаць такія рэчы?
Такіх няскончаных лістоў у мяне, відаць, набралося некалькі соцень. Але цяпер, калі знаходжу іх і перачытваю, то думаю: Божа, як гэта было душэўна напісана! – усміхаецца правабаронца.
Як стала цёткай многім барысаўчанам
Гэта прагучыць дзіўна, але Марыне Статкевіч неаднаразова прыходзілася прадстаўляцца ў Барысаве цёткай таго ці іншага чалавека. Праваабаронца з гумарам распавядае, як у перыяд, калі актывістаў адпраўлялі на суткі асабліва часта, яна лічыла сваім абавязкам аказаць ім падтрымку, накіраваўшы за краты перадачу з прадуктамі і іншымі неабходнымі рэчамі.
– Але часцяком мне казалі, што перадачу не прымуць, бо гэта дазволена толькі жонкам. На што я адказвала: як гэта вы не перададзіце рэчы майму пляменніку?! Давайце тады мне кнігу скаргаў. Гэта спрацоўвала, – з усмешкай узгадвае Марына Статкевіч. – Так я пазнаёмілася ледзь не з усімі актыўнымі людзьмі ў горадзе. Мне тэлефанаваў нават мясцовы ксёндз: Марына, наш вернік сядзіць за ўдзел у маўклівай акцый пратэсту, дапамажыце яму.
Прыгоды з КДБ і міліцыяй
Зразумела, што як праваабаронцу Марыне Статкевіч неаднаразова прыходзілася сутыкацца з уціскам за сваю дзейнасць. Але, калі судзіць па тым, як яна пра гэта распавядае, то зла на людзей, што сталі вінцікамі сістэмы, Марына не трымае.
– У пэўны час да мяне зачасцілі са званкамі з КДБ. Такім чынам яны праводзілі «прафілактыку», каб на акцыях пратэсту ў Мінску не здарылася нечага наздвычайнага. І вось чарговы званок: Марына Іванаўна, не маглі б вы падысці да нас на размову?
Адказваю, што не, я вельмі занятая. Мяне доўга ўгаворваюць, на што я прапаную: у гэты раз не прыду, але ў наступны раз – абавязкова. Прыходзіць час наступнай акцыі, раздаецца званок з той жа канторы: прыходзьце, калі ласка, на размову. Не, адказваю, ня маю вольнага часу. І тут чую, як на другім канцы дроту з дзіцячай крыўдай у голасе ўскрыкваюць: Марына Іванаўна, ну вы ж у мінулы раз абяцалі! – распавядае праваабаронца.
Барысаўскія актывісты часцяком ездзяць на акцыі пратэсту ў Мінск па прычыне таго, што не маюць адпаведнай магчымасці ў родным горадзе.
Райвыканкам вызначыў месцам правядзення масавых мерапрыемтсваў закрытую ад вачэй людзей пляцоўку за трыбунай гарадскога стадыёна.
«Гэтае яшчэ горш, чым мінская плошча Бангалор», – адзначае Марына Статкевіч.
Актывісты шмат судзіліся з уладамі на гэты конт, але ў рэшце рэшт, каб рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права, вырашылі едзіць групай на акцыі ў сталіцу. Аднак міліцыя стала іх пільнаваць і не даваць магчымасці з’ехаць. Аднойчы гэта прывяло да пацешнай сітуацыі. Марына Статкевіч узгадвае:
– Дзесці каля шасці гадзін раніцы ў дзверы нашай кватэры раздаўся званок. Муж, прабачце, у трусах пайшоў паглядзець, хто там. Вяртаецца і кажа: там міліцыянт, я сказаў, што ты пайшла на кірмаш. У адказ заставалася толькі пажартаваць: ты б яшчэ сказаў, што ў шэсць раніцы я пайшла ў бібліятэку. Міліцыянт пастаяў на лесвічнай пляцоўцы і зноў пазваніў у дзверы. На гэты раз мы нечакана пачулі словы пакаяння: «Прабачце, гэта нейкі дурдом, мне так сорамна! Калі вам нехта патэлефануе, скажыце, што я тут стаю і нікуды не сыходзіў». Пасля гэтага міліцыянт развярнуўся і сышоў. Праз паўгадзіны мы ўжо імчалі на Мінск.
«Галоўны мой здабытак – выдатныя дзеці»
– Калі б надарылася змяніць гэтую сістэму, то маё жыццё наогул бы адбылося, – адзначае Марына Статкевіч. – Галоўны мой здабытак – выдатныя дзеці, мэтанакіраваныя па жыцці і думаючыя ў адным са мной кірунку.
Дачка Маша скончыла Коласаўскі ліцэй, затым - каледж у Італіі, а цяпер - універсітэт у амерыканскім штаце Айова. Валодае 4 замежнымі мовамі: англійскай, італьянскай, польскай і франузскай.
Сын два гады таму выйграў грын-кард і таксама з'ехаў з сям'ёй у ЗША. Гэтая гісторыя мела нечаканы працяг.
– Кажуць, што снарад двойчы не трапляе ў адну варонку. Дык вось, дачка падчас вучобы ва ўніверсітэце ў ЗША таксама выйграла грын-кард! Уяўляеце? – распавядае Марына Статкевіч.
Як маці ёй у пэўны час прыйшлося вырашаць дылему: дамагацца, каб дзеці жылі побач, ці дазволіць ім будаваць сваё жыццё цалкам самастойна.
– Дзяцей трэба ўмець адпускаць. Няхай яны ідуць па жыцці, як лічаць патрэбным. Сын перад ад’ездам у ЗША тут зарабляў вельмі добра. Я спрабавала яму давесці, што ад дабра дабра не шукаюць, але камандаваць не стала, прыняла яго рашэнне. У рэшце рэшт, вярнуцца можна заўсёды, а калі такі шанец выпадае ў жыцці, то яго трэба скарыстоўваць, – лічыць барысаўская праваабаронца.
– Больш за тое, я паступова прыйшла да таго, што кажу дачцэ, да якой вельмі прывязаная: ня слухай маму, рабі, як лічыш патрэбным! І яе рашэнні аказваюцца настолькі правільнымі, абдуманымі і разважлівымі, што я нават здзіўляюся. А што датычыцца велізарнай адлегласці паміж намі, дык я яе, можна сказаць, і не адчуваю. Дзякуючы скайпу, вайберу і іншым прыладам мы звязваемся з дачкой па некалькі разоў на дзень.
Тое, аб чым Марына Статкевіч марыла на пачатку 90-х, пакуль не здзейснілася. У апошнія гады яна сутыкаецца толькі з асобнымі пазітыўнымі зменамі.
– Я лічу, што мы пакуль не нацыя, а народанасельніцтва бяз годнасці. Як для мяне, дык правы чалавека больш важныя за хлеб. Хочацца, каб нашыя людзі не былі прыніжаныя, каб яны ведалі свае правы і не баяліся іх адстойваць.
І вось што я заўважыла: мы прыцягваем тых, якімі самі становімся. Мая сястра 13 гадоў працавала дырэктарам школы.
Нядаўна звольнілася і напісала мне: сястрычка, мне больш не трэба фальсіфіцыраваць выбары. Калісьці сённяшняя сітуацыя ў краіне зменіцца, ну не бывае, каб нешта цягнулася вечна!
