Леанід Судаленка: «Я — індывідуаліст, я сам прымаю рашэнні»

У прафесійным багажы Леаніда Судаленкі, гомельскага праваабаронцы з рэзкім характарам і цвёрдым позіркам, — больш за 30-ць выйгранных спраў у Камітэце ААН па правах чалавека.

Леанід Судаленка і размову пачынае са словаў “выпадковых людзей у праваабароне няма, усё пачынаецца з характару”:

“Я заўсёды ў сваім характары адчуваў адасобленасць. Ёсць выслоўе: “жар-птушка стаяй не лётае”, я не жар-птушка, але таксама не схільны да калектывізму. Я — індывідуаліст, сам прымаю рашэнні, у сям’і я галоўны, маё слова — закон”.

Побач з працоўным сталом Леаніда — два партрэты мужчын з характарнымі тварамі. Гэта — дзед і бацька. Тут жа фотаздымак сына, які цяпер служыць у войску. Сям’я ў жыцці Леаніда займае важнае месца, а сам ён падкрэслена дэманструе ўзор патрыярхальнай мадэлі адносінаў, падкрэслівае, што гаспадар свайго жыцця.

Усё маё — знаходзіцца тут

Леанід Судаленка нарадзіўся ў Брагінскім раёне, скончыў вясковую школу. Гаворыць, што ўжо тады была адчувальная схільнасць да гуманітарных навук: “Матэматыка зусім не маё, а літаратура, мовы, гісторыя — гэта заўсёды цікавіла”.

Пасля службы ў войску ў ГДР Леанід вярнуўся дадому. Гэта быў 1986-ы год. Ужо адбыўся выбух на ЧАЭС, і многія з’язджалі з Гомельшчыны.

“Але маё ўсё тут. Маці і цяпер жыве ў вёсцы. У канцы нашага агарода пачынаецца 30-кіламетровая зона адсялення. А сама вёска быццам бы чыстая. Там цяпер сярэдняя школа, куды возяць дзяцей з навакольных вёсак, ёсць клуб. Гэта цэнтр жыцця прылеглых вёсак”— распавядае Леанід.

Вярнуўшыся з войска, Леанід пайшоў працаваць, а потым паступіў на юрыдычны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Выглядала на тое, што юрыдычная адукацыя адкрывала добрыя прафесійныя перспектывы.

І кар’ера сапраўды някепска выбудоўвалася: працаваў юрыстам буйной сеткі гомельскіх цырульняў “Локан”, затым — юрыстам у абласным упраўленні “Белтрансгазу”.

Але цікаўнасць да грамадска-палітычнага жыцця звяла на іншы шлях.

У 2006-ым годзе Леанід Судаленка падтрымліваў кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Мілінкевіча. А тут акурат скончыўся яго працоўны кантракт у “Белтрансгазе”.

“Начальнік выклікаў і сказаў, што прыйшлі на мяне адпаведныя паперы і трэба звальняць. Ён можа не звольніць, але ў выніку і сам страціць працу. У нас з ім былі добрыя адносіны і мы без канфліктаў “разышліся”, — згадвае праваабаронца.

І тут на працу інспектарам запрасіў незалежны прафсаюз Радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП).

“З таго часу я ў судах па даверанасці прафсаюзаў прадстаўляю інтарэсы працоўных. Многія суддзі, канешне, ведаюць мяне. Некаторыя з іх — былыя аднагрупнікі, — расказвае Судаленка.

Можам пафантазіраваць, як склалася б мая кар’ера, калі б пайшоў пасля юрфаку ў судовую сістэму. Напэўна, да нейкага статусу я дарос бы, але наўрадці змог цяпер працаваць. Я не здолеў бы выносіць рашэнні, якія вызначаюцца па званку, а такога ў нас хапае”.

Сваім настаўнікам у праваабароне Леанід называе слыннага Барыса Звозкава.

З 2006-га года Судаленка пасля прапановы Алеся Бяляцкага пачаў супрацоўнічаць з Праваабарончым цэнтрам “Вясна”. Таксама Леанід з’яўляецца сябрам ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» з пачатку 2000-х. Юрысту даводзіцца часта бараніць журналістаў у судах. Апошнім часам пераслед у асноўным датычыць фрылансераў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ.

З калегам Анатолем Паплаўным
У гістарычнай частцы Гомеля

“Правы чалавека мне далі не Лукашэнка і Кабякоў”

Абазнанаму чытачу, які сочыць за навінамі, Леанід Судаленка будзе вядомы як чалавек, чый голас ад імя Беларусі часта гучыць на міжнародных сустрэчах. Ён цесна працуе са спецдакладчыкамі ААН па тэмах мірных сходаў, судовай сістэме, правах чалавека. Мае ў прафесійным досведзе больш за 30 выйграных справаў у Камітэце ААН па правах чалавека. Леаніду лёгка параўнаць сітауцыю ў Беларусі з правамі чалавека з іншымі краінамі.

“У лістападзе 2015 года ад Беларусі я браў удзел у міжнароднай канферэнцыі — было 110 прадстаўнікоў з розных краін свету. І магу сказаць, што ёсць краіны, дзе старонку ў Facebook можна мець толькі асобам з вышэйшай адукацыяй. Ёсць краіны, дзе праваабаронцы сапраўды рызыкуюць жыццём. У параўнанні з імі ў нас, канешне, дэмакратыя. Зноў жа, у нас, калі чалавек не займаецца грамадскаю дзейнасцю, плаітыкаю, то яго правы ніхто асабліва і не будзе парушаць, бо ён па-просту не ведае, на што мае права. А калі я заяўляю, да прыкладу, пікет, то мушу сказаць, што ў нас сапраўды парушаюцца правы. Правы чалавека мне далі не Лукашэнка і Кабякоў, я атрымаў іх, бо нарадзіўся чалавекам. А дзяржава ўсяляк іх абмяжоўвае”, — эмацыйна выказваецца Леанід Судаленка.

Разам з тым ён адзначае, што Беларусь мае многа пазітыўных момантаў: даступнасць адукацыі, дашкольнага выхавання, бяспека, няма відавочнага масштабнага расслаення ў грамадстве, агрэсіўнай ксенафобіі.

Але Леанід звяртае ўвагу на цынізм у паводзінах кіраўніка краіны — “сёння Лукашэнка сядзіць за сталом перамоў, а ўчора гаварыў абразлівыя словы на адрас таго ж чалавека, бо ён належыць да нейкай меншасці”. Ды згадвае праблему смяротнага пакарання:

“Гамяльчаніна Грунова — абвінавачанага ў жорсткім забойстве студэнткі і асуджанага да вышэйшай меры пакарання — расстралялі да разгляду скаргі ў КПЧ ААН, хоць яны двойчы звярталіся да ўладаў з просьбаю не выконваць пакаранне, пакуль не будзе разгледжаная гэтая справа. Можна гаварыць пра ЗША, дзе існуе смяротная кара. Але там іншыя працэдуры — дазволеныя мноства апеляцый, праходзіць многа часу да выканання прысуда. І наша практыка — калі скарга па справе Канавалава і Кавалёва знаходзілася ў Вярхоўным судзе на разглядзе, а смяротны прысуд быў выкананы. Гэта — дзікунства!

Смяротная кара не ёсць стрымліваючым фактарам. Я не кажу, што гэтыя людзі добрыя і заслугоўваюць даравання. Мэтай пакарння ёсць выпраўленне. А як выпраўляе смяротная кара?

Лукашэнка ходзіць у царкву і стаіць са свечкаю, але адмаўляе людзям у памілаванні. Дзе логіка?”

Нягледзячы на тое, што ўлады Беларусі амаль не рэагуюць на рашэнні Камітэта пра правах чалавека ААН, Леанід Судаленка бачыць у гэтым сэнс і плён.

“Рашэнні КПЧ назапашваюцца. І прыйдзе час, калі зменіцца ўлада, гэтыя дакументы падымуць ізноў”, — упэўнены гомельскі праваабаронца.

Пагрозы і вобшукі

На жаль, Леанід Судаленка, за сваю дзейнасць і дэманстратыўную прынцыповасць рэгулярна становіцца аб’ектам нападак. Калі ён займаўся справаю Грунова, то прыходзілі пагрозы на электронную пошту, кшталту “Ці будзеце вы гэтак жа займацца справаю забойцы свайго сына?”

Калі забілі расійскага палітыка Барыса Нямцова, у тую ж ноч даслалі відэа на электронную пошту з пытаннем, ці падабаецца яму гэта.

Былі і спробы абвінаваціць у распаўсюдзе парнаграфічных матэрыялаў.

“Я быў у Швецыі па запрашэнні праваабаронцаў, і ў гэты ж час прыходзілі з вобшукам да мяне ў офіс і дадому. Канешне, для сям’і гэта непрыемна. Былі і вобшукі на мяжы з асабістым даглядам. Зноў жа “Беларуская ваенная газета” са сваімі дачэпкамі. Прыйшлі да мяне маці хлопцаў, у якіх у войску вымагалі грошы. Я зрабіў гэтую справу галоснай, а нейкі ветэран, як ён сам сябе называе, пачаў з-за гэтага пісаць пра мяне паклёпніцкія артыкулы”, — пералічвае “бонусы” ад праваабарончай дзейнасці Леанід Судаленка.

Бацька чатырох сыноў

Сям’я з разуменнем да гэтага ставіцца. Жонка, па словах Леаніда, займае нейтральную пазіцыю ў дачыненні да яго працы. А сыны (іх у сям’і чацвёра, старэйшаму — 28 год, малодшы пойдзе ў другі клас) бацьку паважаюць і яго выбар не аспрэчваюць.

Выхаванне – гэта найперш уласны прыклад. Я вучу ніколі не хлусіць, не дадумваць, а гаварыць праўду як ёсць. Выконваць абяцанні, не кідаць словы на вецер. Я ім так і кажу: паабяцаў і не зрабіў, значыць ты — “вата”, — дзеліцца поглядам на педагогіку Судаленка.

Гаворыць, што любіць ровар, рыбалку і шахматы. Да апошняга захаплення далучае і сыноў.

“Малодшы шахматы яшчэ не зусім засвоіў — з канём не можа разабрацца (усміхаецца — аўт.). А ў шашкі добра гуляе”, — з усмешкаю расказвае пра сыноў суразмоўца.

З малодшым сынам Мікітам
Сустрэча з сынам Леанідам падчас кароткачасовага вайсковага адпачынку
Леанід Судаленка з сынамі

Папулярнае цяпер захапленне роварам не абмінула і Леаніда Судаленку. Гаворыць, што апошнія тры гады ці не штодня ездзіць на ровары — ад 30 да 60 км адлегласці.

“З прыходам на працу ў “Вясну” я стаў больш беларускім. Пачаў гаварыць на беларускай мове, зкарэктаваўся мой светапогляд. На мяне сапраўды істотна паўплывалі супрацоўнікі мінскага офісу — людзі беларускамоўныя, з выразнай нацыянальнай свядомасцю, прафесіяналы”,— падсумоўвае праваабаронца Леанід Судаленка
Вольга Хвоін