Кіраўнік Брэсцкай філіі Праваабарончага цэнтра «Вясна» Уладзімір Вялічкін пра тое, як трапіў ў Лівію, працаваў у Польшчы і чаму ў Брэсце толькі адзін беларускамоўны клас.
Ад Чарнобыльскай зоны да Лівіі
Уладзімір Вялічкін – карэнны берасцеец. Ён доўга можа распавядаць, як змяніўся гэты горад з часоў яго дзяцінства і пад якою сучаснай забудовай хаваецца тая зямля, дзе раней стаяў прыватны сектар і адкуль ён з сябрамі бегаў купацца ў раку Мухавец.
Пасля школы Уладзімір паступіў у Мінскі дзяржаўны інстытут замежных моваў, дзе засвоіў англійскую і французскую.
На часы яго маладосці выпала столькі падзей, якіх многім з нас хапіла б на цэлае жыццё.
Пасля Чарнобыльскай катастрофы Уладзіміра, як і іншых хлопцаў, накіравалі працаваць настаўнікам у школы забруджанай зоны, адкуль з’ехала большасць інтэлігенцыі.
– Першы раз мы ад прапановы адмовіліся, а на другі раз нам сказалі: выбірайце адзін з чатырох населеных пунктаў, інакш адправім вас на самы рэактар. Прыйшлося пагадзіцца, – узгадвае праваабаронца.
Спачатку была вёска Вербавічы Нараўлянскага раёна, дзе на працягу паўгода ён жыў у спартанскіх побытавых умовах, затым Нароўля, дзе прыйшлося выкладаць англійскую мову, алгебру, геаметрыю, фізкультуру…
Але самыя вялікія прыгоды ў жыцці былі яшчэ наперадзе. На вайсковай кафедры інстытута замежных моваў Уладзімір атрымаў, як ён кажа з іроніяй, «цудоўную» спецыяльнасць – спецпрапагандыста. Хлопцаў вучылі працаваць з насельніцтвам акупаваных тэрыторый, а таксама з ваеннапалоннымі і войскамі праціўніка.
Лёсам было наканавана, каб будучы праваабаронца адслужыў ў войску тройчы. У першы раз была тэрміновая служба, у другі яго забралі ў «партызаны».
А ў трэці, ужо пасля сканчэння ВНУ, «заграблі» ў адпаведнасці з рашэннем міністэрства абароны.
– Я вельмі не хацеў ісці служыць. Але пачалі выклікаць бацькоў і жонку, намякаць, што папсуюць усю маю кар’еру, калі не пагаджуся. Ну што зробіш… Вылучыў умову, каб адправілі служыць за мяжу. Каб свае веды паглыбіць і каб была хоць нейкая карысць з гэтай службы, – распавядае Уладзімір Вялічкін.
Маладога чалавека накіравалі ў асобны дальні выведвальны полк, што базіраваўся на аэрадроме пад Волагдай. На аграмедным самалёце ТУ-95 ён вылятаў далёка за межы СССР. Як бартавы аператар слухаў эфір, каб прадугледзець атаку праціўніка.
– Лёталі ў нейтральных водах ўздоўж нарвежскага берага, Англіі, рабілі разварот каля Ісландыі, заляталі часам да Паўночнага мора.
Ляцім – а з усіх бакоў краіны НАТА. Іх знічшальнікі падыходзілі настолькі блізка, што можна было памахаць рукою пілоту. Сфатаграфуеш яго – і ён цябе таксама.
Вось такія гульні былі, пакуль кіраўніцтва СССР казала пра міралюбівую палітыку, – адзначае Уладзімір.
З кароткатэрміновымі службовымі камандзіроўкамі ён некалькі разоў пабываў у Лівіі.
Каддафі добра плаціў СССР за тое, што савецкі пошукава-выратавальны самалет ажыццяўляў разведку над Міжземным морам і перадаваў дадзеныя яго штабу. Уладзімір з саслужыўцамі фактычна аказваліся ў ролі наёмнікаў і рызыкавалі сваім жыццём.
Да развала Савецкага Саюза Уладзімір Вялічкін праслужыў тры гады. Затым змог звольніцца ў сувязі са скарачэннем штата і рвануў ў родны Брэст.
Чаму з’ехаў на працу ў Польшчу
Любоў да Беларушчыны ў праваабаронцы была з малых гадоў. Нават бацькі здзіўляліся: хлапчук ледзь не больш за ўсё любіў слухаць беларускае радыё. Паўплываў і час, праведзены ў вёсцы з мясцовымі дзецьмі.
– Да гэтага часу памятаю. Стаім мы са старэйшай сястрой, а перад намі вялізны конь і воз, на якім процьма дзяцей. І яны на сваім дыялекце беларускай мовы размаўляюць. Зараз такога не пачуеш. Гэта была наша зямля. А сёння яна дзяржаўная. А дзяржава не наша, – канстатуе праваабаронца.
Вярнуўшыся пасля войска ў Брэст, Уладзімір пайшоў станавіцца на ўлік у ваенкамат.
– Там у вакенцы палкоўнік сядзеў.
Пытаецца: нацыянальнасць? Беларус, адказваю. А ён піша: рускі. Прыйшлося сказаць: хочаш, каб у морду даў? Ваенныя людзі простыя. Ён папыхцеў, але закрэсліў і напісаў – беларус.
Так што да сённяшняга дня маю пасведчанне афіцэра з такім запісам.
На працу ён уладкаваўся настаўнікам ў школу №25, куды яго запрасіў дырэктар.
Беларуская мова якраз стала адзінай дзяржаўнай, і Уладзімір стаў весці ўрокі па-беларуску. Але папрацаваць у школе прыйшлося нядоўга. Стары дырэктар загінуў, а новы стаў выжываць настаўніка з-за яго прынцыповай пазіцыі.
Уладзімір заняўся прадпрымальніцтвам, паставіў кіёск. Справы ішлі добра, але праз нейкі час мясцовая мафія стала не даваць яму жыцця.
– Як адмовіўся плаціць ім грошы, сталі біць мае вітрыны ледзь не штодзень. А пастаянна мяняць шыбы атрымлвалася вельмі накладна. Неяк прыйшлося звярнуцца ў міліцыю, і я зразумеў, што гэтых бандытаў там крышуюць. Таму плюнуў на ўсё і з’ехаў у Польшчу, дзе праз знаёмства знайшоў працу настаўніка, – распавядае Уладзімір.
У выніку ён выкладаў на чужой зямлі ў школе і тэхнікуме 10 гадоў. Што, праўда, не замінала займацца грамадскай дзйнасцю ў Брэсце. Уладзімір Вялічкін узначаліў гарадскую арганізацыю Партыі БНФ, а ў 1998 годзе прыйшоў у Праваабарончы цэнтр «Вясна».
Праваабарончая дзейнасць
Сёння офіс «Вясны» ў Брэсце працуе як грамадская прыёмная.
– У сярэднім штодзень да нас на офіс прыходзіць каля 5 чалавек. Дапамагаем чым можам: кансультацыямі, парадамі ў судзе, – кажа кіраўнік Брэсцкай філіі праваабарончага цэнтра.
З 2002 года Уладзімір Вялічкін працуе назіральнікам на выбарах і фіксуе парушэнні заканадаўства. Праўда, на жаль, з-за шматлікіх перашкод часам назіранне нельга назваць паўнавартасным.
– Аднойчы выйшаў з выбарчага ўчастка на 10 хвілін, а па вяртанні ўбачыў, што за гэты час «паспелі» прагаласаваць дзве вёскі, – дзеліцца ўспамінамі Уладзімір.
Па прыкладзе паплечнікаў з Гомеля брэсцкія праваабаронцы дамагліся таго, што цяпер для атрымання санкцыі на правядзенне масавага мерапрыемства ім не трэба заключаць дамову з міліцыяй. Праўда, адзначае Уладзімір Вялічкін, атрымаць згоду мясцовых уладаў на правядзенне пікету ад гэтага не лягчэй:
– Усё залежыць не ад закону, а ад волі чыноўнікаў. Не будзе ў іх жадання дазволіць пікет ці мітынг – не дазволяць.
Дзе яго завербавалі?
На пытанне, з якім уціскам ён сутыкаўся з-за сваёй прафесійнай дзейнасці, Уладзімір адказвае: было «як ва ўсіх» – штрафы, пасадкі на суткі, ператрусы, прафілактычныя гутаркі. Асабліва няпроста было ў другой палове 2000-х.
– І на вуліцы выкрадалі, і рэбры ламалі, бо ў машыну не змяшчаўся, як піхалі. Мабільны тэлефон пастаянна праслухоўвалі. Як толькі выключыш – у іх паніка. Адразу з’яўлялася наружка, – узгадвае праваабаронца.
Нядаўна Уладзіміра выклікалі на гутарку ў міліцыю, у аддзел па барацьбе з тэрарызмам.
Якім жа было яго здзіўленне, калі ён даведаўся, што прычынай гэтаму стала налепка на дзвярах аўтамабіля – «Дапамога войску Украіны».
– Налепкай я закрыў драпіну на машыне. А расцанілі гэта ледзь не як праяву экстрэмізму.
Пыталі, дзе мяне завербавалі, якую падтымку я аказваю войску Украіны. Я адказаў, што толькі маральную, і прапанаваў не гнаць прапаганду, а самім з’едзіць у суседнюю краіну і паглядзець, што там жывуць нармальныя людзі, – распавядае Уладзімір.
Чаму ў Брэсце адзін беларускамоўны клас
Галоўная радасць Уладзіміра Вялічкіна – яго сын Францішак.
– Добры хлопец расце. Хочацца каб у яго жыцці здейснілася тое, што ў нас не здзейснілася, – адзначае праваабаронца.
Францішак вучыцца ў адзіным на ўвесь Брэст беларускамоўным класе, у школе № 29. Клас быў створаны намаганнямі яго бацькі.
– Як я зразумеў, праблема тут не столькі ў тым, што няма жадаючых вучыцца па-беларуску, колькі ў пазіцыі адміністрацый школ.
Ведаю выпадкі, калі людзі падавалі заявы на навучанне на беларускай мове, а іх уводзілі ў зман, казалі, што не могуць назбіраць клас. Адміністрацыі проста не хочуць варушыцца і мець дадатковы клопат, – лічыць Уладзімір Вялічкін.
– Акрамя таго, не хапае падтрымкі СМІ. Каб інфармацыя пра арганізацыю беларускамоўных класаў гучала, была бачная і ляжала на паверхні, то ў клас запісвалася б не 4-5 чалавек, а 20. А магчыма прыйшлося б ставараць і другі клас. Няма мовы – няма культуры, няма годнасці, няма краіны. Найлепшая абарона ад замежнага захопніка – гэта культура і мова, павага да саміх сабе.
Ужо два дзесяцігоддзі Уладзімір займаецца грамадскай дзейнасцю. Ён бачыў розных чыноўнікаў, але тых, хто б клапаціўся пра будучыню краіны, так і не сустрэў. Ці не стаміўся ён змагацца з безаконнем улады?
– Для мяне гэта не змаганне, а жыццё. Я проста раблю сваю справу, і калі хтосьці не мае рацыі, то лічу, што гэта яму трэба давесці. Я за стабільнасць, эвалюцыйнае развіцце і сацыяльны прагрэс. І глыбока перакананы, што ўлада павінна мяняцца, а людзі не павінны гэтага заўважаць, – тлумачыць на развітанне кіраўнік Брэсцкай філіі Праваабарончага цэнтра «Вясна».
