Магілёўскага праваабаронцу Барыса Бухеля ведаюць ва ўсіх судах горада, – ён браў удзел больш чым у 400 судовых працэсах. Гэты чалавек гатовы змагацца і ўпарта адстойваць правы людзей, якія прыходзяць у рэгіянальны офіс “Вясны”. І на першы погляд падаецца, што спадар Барыс амаль як Партос гатовы ўлазіць у бойку дзеля самой бойкі. Але не.
“Мне патрэбныя задачы і мэты, я скіраваны на іх дасягненне”,— пераконвае магілёўскі юрыст.

Барыс Бухель паходзіць з Магілёўскай вобласці. Нарадзіўся ў Быхаве, потым бацькі пераехалі ў Магілёў, і з таго часу яго жыццё звязана з гэтым горадам.
Барыс Леанідавіч — з катэгорыі людзей, якія рана становяцца самастойнымі. Ужо ў 16 год ён пайшоў працаваць рабочым у лакаматыўнае дэпо ды адначасова сканчваў вячэрнюю сярэднюю школу.
“Калі атрымаў атэстат, вырашыў, што хачу служыць у войску, выхаванне такое было, у той час да службы ў войску ставіліся як да абавязковага пункту.
На камісіі я схаваў, што ёсць праблемы са зрокам. І нават паспеў двойчы скочыць з парашутам.
А потым мяне паўторна правялі праз медкамісію і ўрач заўважыў, што падчас праверкі зроку я вылічваю літары на табліцы. Так мая служба ў войску і скончылася”, — распавядае спадар Барыс.
“Там уся зямля прапітаная нафтай”
Пасля гэтага Барыс Бухель паехаў у Сургут зарабляць грошы, каб мець магчымасць атрымаць вышэйшую адукацыю.


Барыс Леанідавіч згадвае тыя мясціны, дзе адпрацаваў амаль два гады, і дзеліцца экстрэмальным жыццёвым досведам:
“У Сургуце цяжкая праца. Там недарэмна плацілі “паўночныя” – не хапала кіслароду, балоты, камары. Мы прачыналіся ва ўласнай крыві – так гнус і машкара напіваліся на целе чалавека. Арганізм сапраўды адчуваў асаблівыя ўмовы.
Нафта. Уся зямля прапітаная нафтай. У крыніцах нафта. Укапвалі ў крыніцу бочку, каб плямы нафты пераліваліся праз верх, а кранік збоку ўразалі. Так можна было хоць крыху чыстай вады ўзяць. У лазню ідзеш – вада тлустая!”


На Поўначы ён і зразумеў, як важна ведаць свае правы ды заканадаўства:
“Я прыехаў працаваць на чыгунцы, і там мне прапанавалі 330 рублёў, а ў Беларусі я зарабляў 220 — добра па тых часах. І навошта мне было за лішнюю сотню карміць камароў у балоце? Калі ж захацеў звольніцца пра паўгода, мне не заплацілі вялікую суму грошай ды не хацелі разлічваць. Я пайшоў да старшыні пасялковага савету разбірацца. Ён паглядзеў мае дакументы і сказаў, што я маю рацыю. Але, паводле закона, нічога не змагу дабіцца. Я гэты ўрок добра засвоіў. І ў далейшым быў пільным да дакументаў”.


Прыкладна ў тыя ж часы Барыс Бухель і сфармуляваў сваё стаўленне да камуністычнай партыі , на той час адзінай. Аднойчы падчас працы ў мехкалонне для рамонту машыны ён не мог знайсці адну дэталь. Пасля нейкага партыйнага сходу падышоў да начальніка калоны і папрасіў выпісаць гэты шкіў. А той параіў: “скрадзі, але не ў нашай калонне”. І ўсе партыйныя дзеячы на гэтую прапанову выбухнулі смехам.
“Не сакрэт, што партыйныя сустрэчы часта сканчваліся масштабнымі п’янкамі. Усё гэта было не па мне,” – кажа Барыс Леанідавіч.
У партыю, на яе шчасце, ён так і не ўступіў, бо быў бы вельмі нязручным сябрам
“Падчас вучобы ва ўніверсітэце я любіў грамадска-палітычныя прадметы, асабліва навуковы камунізм. І ўсё вылічваў, калі ж мы дагонім гэты Захад.
Перад канферэнцыямі працоўнага калектыва мяне імкнуліся адпраўляць у камандзіроўкі, каб я не задаваў нязручных пытанняў”.

Прафсаюзны досвед
У 1990-ыя, калі пачаліся перамены ў грамадстве ды эканоміцы, спадар Бухель упэўнена збочыў на прафсаюзную дарогу.


У 1992 годзе на Магілёўскім аўтамабільным заводзе імя Кірава, дзе і працаваў канструктарам Барыс Леанідавіч, вырашылі ўсіх інжынераў і канструктараў адправіць на чатыры месяцы ў адпачынак без аплаты. Бухель з калегам арганізавалі “забастоўку наадварот”, то бок вывелі людзей на працоўныя месцы. І ў выніку дамагліся адмены гэтага загаду.
Пазней завод быў спынены ўвогуле, і ў адпачынак без выплат адправілі ўсіх працоўных.
“Да мяне падышоў намеснік галоўнага канструктара, і запрасіў да сябе ў кабінет, дзе ўжо чакалі працаўнікі. Я разумеў, калі зламаюць рабочых, зламаюць i нас. Я ўзначаліў працоўны камітэт аўтазавода. З тых часоў я быў цесна звязаны з працоўным камітэтам і пазней з рабочымі прафсаюзамі, ” — распавядае пра пераломны момант у жыцці Барыс Бухель.


У 1997-ым годзе быў створаны Магілёўскі праваабарончы цэнтр, адным з яго заснавальнікаў быў спадар Барыс.


На заводзе ён адпрацаваў да 2000-га года, потым цалкам перайшоў у праваабарончую дзейнасць.
“Анатоль Фёдараў прывёў мяне ў “Вясну”, дзе я пазнаёміўся з Аляксеем Колчынам. Я адразу заняў пасаду юрыста, бо быў вялікі досвет абароны працоўных правоў.
За час работы канструктарам я выдатна навучыўся працаваць з дакументамі, прызвычаіўся да дакладнасці і акуратнасці. Гэтыя рысы важныя для юрыста”, — падкрэслівае спадар Бухель.

Да слова, і цяпер чытанне тэхнічнай літаратуры — адзін з відаў адпачынку ад работы. Цягам гэтых год Барыс Бухель браў удзел у разглядзе прыкладна 400 судовых спраў, працаваў больш на тысячы судовых паседжанняў.
І хоць удзел у судовым працэсе цяпер моцна абмежаваны для прадстаўнікоў грамадскасці, па словах Бухеля, суддзі часам, калі цяжкая справа, дазваляюць дапамагаць у судзе. “А бывае, што адзін рух — і адразу за дзверы”.
“Ведаеце, кожная новая справа – гэта цікавая гісторыя. Нядаўна, напрыклад, мы выйгралі працоўную спрэчку. Людзі атрымаюць выплаты па звальненні, — распавядае праваабаронца. — Яшчэ выпадак: чалавеку з-за памылкі дактароў выдалілі нырку, звычайнае захворванне перарасло ў рак. Мы судзіліся. І Міністэрства здароўя прынесла выбачэнні, – прыйшоў ліст, што па выніках разбіральніцтваў зменены пратакол лячэння для падобных выпадкаў”.
У 2011 годзе за ўдзел у маўклівых пратэстах – акцыі апладысментаў – Барыс Леанідавіч патрапіў на сем сутак арышту. Ён не падзяляе меркаванняў, што тыя падзеі былі абсалютна марнымі:
“Людзі мелі досвед мірнага пратэсту ды яшчэ і ўвесь свет здзівілі, што за апладысменты і маўчанне магчыма пераследаваць. Але, на жаль, палітыкі гэтым ніяк не скарысталіся.
Я стаўлю мэту змяніць Беларусь. Бойка дзеля бойкі, адрэналін мяне не цікавіць. А вось дакладныя мэты і задачы, іх дасягненне — так”.